Парыж

сталіца Францыі

Пары́ж (па-француску: Paris) — сталіца й найбуйнейшы горад у Францыі, разьмешчаны на рацэ Сэне, на поўначы краіны, у самым сэрцы рэгіёну Іль-дэ-Франс (зьяўляецца яго адміністрацыйным цэнтрам, а таксама асобным дэпартамэнтам). Адміністрацыйныя межы гораду ў значнай ступені зьяўляюцца нязьменнымі з 1860 году. Насельніцтва складае 2 133 111 чалавек (2021 год)[2], аднак з улікам колькасьці жыхароў шматлікіх прыгарадаў насельніцтва складае 12 568 755 чалавек (2016 год)[3], што робіць горад адным з самых густанаселеных гарадзкіх раёнаў у Эўропе[4].

Парыж
франц. Paris
Элізэйскія палі ў Парыжы
Элізэйскія палі ў Парыжы
Герб Парыжу Сьцяг Парыжу
Дата заснаваньня: III стагодзьдзе да н. э.[1]
Краіна: Францыя
Рэгіён: Іль-дэ-Франс
Кіраўнік: Ан Ідальго[d]
Плошча: 105,4 км²
Вышыня: 48 м н. у. м.
Насельніцтва (2021)
колькасьць: 2 133 111 чал.
шчыльнасьць: 20 238,24 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
Тэлефонны код: 1
Паштовы індэкс: 75116, 75001, 75002, 75003, 75004, 75005, 75006, 75007, 75008, 75009, 75010, 75011, 75012, 75013, 75014, 75015, 75016, 75017, 75018, 75019, 75020, 75000
Нумарны знак: 75
Геаграфічныя каардынаты: 48°51′24″ пн. ш. 2°21′8″ у. д. / 48.85667° пн. ш. 2.35222° у. д. / 48.85667; 2.35222Каардынаты: 48°51′24″ пн. ш. 2°21′8″ у. д. / 48.85667° пн. ш. 2.35222° у. д. / 48.85667; 2.35222
Парыж на мапе Францыі
Парыж
Парыж
Парыж
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.paris.fr/

Горад ёсьць важным населеным пунктам на працягу больш чым двух тысячагодзьдзяў, ён і сёньня зьяўляецца адным зь вядучых сусьветных бізнэсовых і культурных цэнтраў, і ягоны ўплыў на палітыку, адукацыю, сфэру паслугаў, СМІ, моду, навуку й мастацтва робіць важкі ўнёсак у ягоны статус як аднаго з глябальных гарадоў сьвету[5]. У 2009 і 2010 гадох Парыж увайшоў у лік трох найбольш важных і ўплывовых гарадоў сьвету сярод першых трох «эўрапейскіх гарадоў будучыні», паводле дасьледаваньня, апублікаванаму часопісам Financial Times[6] і ўвайшоў у дзясятак найбольш зручных для жыцьця гарадоў сьвету, паводле зьвестак брытанскага аглядніка Monocle[7]. Парыж таксама зьяўляецца аддным з самых зялёных гарадоў Эўропы[8]. У Парыжы месьцяцца штаб-кватэры шматлікіх міжнародных арганізацыяў, як то ЮНЭСКО, Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва й развіцьця (АЭСР), Міжнародная гандлёвая палата (ICC) й неафіцыйны Парыскі клюб.

Парыж і парыскі рэгіён стварае больш за чвэрць СУП Францыі, зарабіўшы ў 2009 годзе € 552,1 мільярдаў[9]. Паводле зьвестак на 2008 год, аглямэрацыя Парыжу зьяўляецца другой па велічыні эканомікай у Эўропе, пасьля Лёндану, і шостай у сьвеце[10]. У Парыжы маецца некалькі бізнэсовых раёнаў, у прыватнасьці, Дэфанс — найбуйнейшы біснэсовы раён Эўропы[11]. Акрамя таго Парыж зьяўляецца адным з самых прывабных турыстычных местаў, прынімаючы ў год каля 42 мільёнаў турыстаў[12]. Дзякуючы гэтаму Парыж зьяўляецца самым наведвальным горадам у сьвеце. Гарады й прыгарады ўтрымліваць да 3800 гістарычных помнікаў, а таксама чатыры аб’екты Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Назва гораду паходзіць ад гальскага племені парысіяў, якія насялялі гэтыя месцы да прыходу рымлянаў. Рымскі горад, які стаяў на гэтым месцы ў 1-м стагодзьдзі да н. э. — 5-м стагодзьдзі н. э., насіў назву Лютэцыя.

Гісторыя

рэдагаваць

Заснаваньне гораду

рэдагаваць

Горад быў утвораны ў сярэдзіне III стагодзьдзя да н. э. з кельцкага паселішча Лютэцыя племя парызіяў на месцы сучаснай высьпе Сытэ. Сучасная назва гораду паходзіць ад імя гэтага племені. Першае пісьмовае згадваньне аб Лютэцыі сустракаецца ў шостай кнізе Юліюса Цэзара пра вайну з Галіяй у 53 годзе да н. э.

Калі ў 52 годзе да н. э. рымляне пасьля першай няўдалай спробы ў другі раз паспрабавалі падысьці да гораду, парызіі падпалілі Лютэцыю й разбурылі масты. Рымляне пакінулі ім выспу й пабудавалі на левым беразе Сэны новы горад. Там яны ўзьвялі тэрмы, форум і амфітэатар. У Рымскай імпэрыі горад ня меў вялікага ўплыву.

Сярэднявечча

рэдагаваць
 
Захоп Бастыліі

Панаваньне рымлянаў скончылася да 508 году з прыходам франкаў. Пры Філіпе II Аўгусьце была ўзмоцнена абарона гораду: у 1190 годзе была пабудаваная гарадзкая сьцяна на правым беразе Сены, а ў 1210 годзе — на левым беразе. У гэты ж час на заходняй ускраіне Парыжу ўзводзіцца крэпасьць Люўр.

Пачынаючы з XI стагодзьдзя Парыж — адзін з цэнтраў эўрапейскай адукацыі, у першую чаргу рэлігійнай. У XIII стагодзьдзі, у выніку рознагалосьсяў сярод выкладчыкаў, на левым беразе (сучасны Лацінскі квартал) адкрываецца шэраг «незалежных» калежаў, прабацькоў сучаснай Сарбоны.

Новы час

рэдагаваць

У XIV стагодзьдзі горад абносяць яшчэ адной сьцяной на правым беразе, на месцы сёньняшніх Вялікіх бульвараў. У часы Людовіка XIV каралеўская рэзыдэнцыя пераехала ў Вэрсаль, аднак Парыж па-ранейшаму заставаўся палітычным цэнтрам Францыі, дзе актыўна расло насельніцтва. Парыж грае вядучую ролю ў эканоміцы краіны.

У 1844 годзе вакол гораду будуецца трэцяя сьцяна, на месцы сёньняшняй кальцавой дарогі вакол гораду. У бліжэйшых навакольлях гораду былі ўзьведзены ўмацаваньні даўжынёй 39 км з 16-ю фартамі, у той час гэта было самым вялікім ахоўным збудаваньнем у сьвеце. У другой палове XIX стагодзьдзя ў Парыжы праходзілі 5 з 21 Сусьветных выставаў, што добра адлюстроўвае культурны й палітычны ўплыў гораду. Горад расьце й імкліва разьвіваецца, улады краіны праводзяць вялікую перабудову Парыжу, якая зьмяняе ягоны зьнешні выгляд і значна паляпшае інфраструктуру.

Пасьля заняпаду Другой імпэрыі й захопу Парыжа нямецкімі войскамі Парыская камуна, якая складалася з рабочых, рамесьнікаў і дробных буржуа, выступіла супраць часовага кансэрватыўнага ўрада рэспублікі. У 90-я гады XIX стагодзьдзя й першае дзесяцігодзьдзе XX стагодзьдзя, вядомыя таксама як «Выдатная эпоха», Францыя перажывала небывалы ўздым і эканамічнае разьвіцьцё. У гады Другой сусьветнай вайны горад быў заняты нямецкім вэрмахтам, акупацыя працягнулася да канца жніўня 1944 году. У траўні 1968 году ў Парыжы пачаліся масавыя выступленьні, якія прывялі, у рэшце рэшт, ня столькі да зьмены ўрада, колькі да карэннага перадзелу грамадзтва, зьмены мэнталітэту французаў.

Геаграфія

рэдагаваць

Горад разьмешчаны ў цэнтры Парыскага басэйна, прыкладна 65 м над узроўнем мора. Межы Парыжу акрэсьленыя бульварам Пэрыфэрык — кольцавай аўтастрадай. Часам да тэрыторыі Парыжу адносяць зьмешчаны на захадзе ад гораду Булёнскі лес і разьмешчаны на ўсходзе Вэнсэнскі лес. Плошча гораду складае 105 км², калі ўключаць плошчу гэтых паркаў, і каля 87 км² безь іх. Сена цячэ праз горад з усходу на захад, на правым паўночным беразе дамінуе ўзгорак Манмартр. На левым беразе дамінуючай вэртыкальлю зьяўляецца вежа Манпарнас. У цэнтры Парыжу рака распадаецца на рукавы, якія амываюць дзьве выспы — Сытэ й Сэн-Люі. Яшчэ адна выспа, Лебядзіная, разьмешчаная ў заходняй частцы гораду.

Парыскі мэрыдыян, які быў вызначаны ў 1718 годзе Жакам Касіні і больш дакладна вымераны ў 1806 францускім фізыкам Дамінік Франсуа Араго, зьяўляўся да 1884 г. нулявым мэрыдыянам. Ён праходзіць праз Парыскую абсэрваторыю і пазначаны з дапамогай слупкоў па ўсім Парыжы, а таксама з дапамогай адмысловых адзнак (бронзавых Арага-мэдальёнаў у гонар знакамітага фізыка) на маставых, тратуарах і будынках, у тым ліку і на Люўры. Пасьля публікацыі папулярнага рамана Дэна Браўна «Код да Вінчы» некаторыя з адзнак былі выкрадзеныя.

Парыж разьмяшчаецца ў зоне умеранага клімату. Сярэдняя гадавая тэмпэратура складае 10,9 °C, сярэдняя гадавая колькасьць ападкаў — 585 мм. Мікраклімат Парыжу, абумоўлены цеснатой і забруджваньнем, адрозьніваецца тэмпэратурай паветра — на 2 градуса вышэй сярэдняй тэмпэратуры па рэгіёне Іль-дэ-Франс, — і паніжанай вільготнасьцю, меншай асьветленасьцю ў дзённы час і больш сьветлымі начамі.

Самым цёплым месяцам зьяўляецца ліпень са сярэдняй тэмпэратурай 19,0 °C, самым халодным — студзень з тэмпэратурай у 3,1 °C. Найбольшая колькасьць ападкаў выпадае ў жніўні, у сярэднім 62 мм; найменшае — у сакавіку, у сярэднім 32 мм.

Пачынальна з 1873 году вядуцца рэгулярныя мэтэаролягічныя вымярэньні для Парыжу. Самая нізкая зарэгістраваная тэмпэратура склала −23,9 °C (10 сьнежня 1879). Самая высокая зарэгістраваная тэмпэратура склала 40,4 °C 28 ліпеня 1947, вымераная ў парку Мансуры.

  Кліматычныя зьвесткі для Парыжу  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 15,3 20,3 24,7 27,8 30,2 34,4 35,4 39,3 32,7 28 20,3 17,1 39,3
Сярэдні максымум t, °C 6,3 7,9 11,0 14,5 18,1 21,6 23,9 23,6 20,8 16,0 10,1 7,0 15,1
Сярэдняя t, °C 4,2 5,3 7,8 10,6 14,3 17,4 19,6 19,2 16,7 12,7 7,7 5,0 11,7
Сярэдні мінімум t, °C 2,0 2,6 4,5 6,7 10,1 13,2 15,2 14,8 12,6 9,4 5,2 2,9 8,3
Абсалютны мінімум t, °C −13,9 −9,8 −8,6 −1,8 2,0 4,2 9,5 8,2 5,8 0,4 −4,2 −25,6 −25,6
Норма ападкаў, мм 55 45 52 50 62 53 58 46 53 55 57 55 642
Крыніца: Relevés Paris-Montsouris 1961-1990

Гідраграфія

рэдагаваць

Рака Сэна злучае Парыж з унутранымі часткамі краіны (Бургундыя) і зь Ля-Маншам. Рака апынулася найважным фактарам для стварэньня і разьвіцьця гораду, пачатак якому паклалі шматлікія ў той час выспы на Сэне. Сэна разьбівае Парыж на дзьве няроўныя часткі — паўночную (rive droite, правы бераг), дзе адбываюцца ўсе фінансава-гандлёвыя справы, і паўднёвую (rive gauche, левы бераг), якая дзякуючы Лацінскаму кварталу лічыцца раёнам інтэлігенцыі.

 
Панарамны від Сэны поруч маста Сэн-Мішэль (зьлева) і Нотр-Дама (справа)

Выбітныя мясьціны

рэдагаваць
 
Трыюмфальная арка.

У Парыжы знаходзіцца велізарная колькасьць славутасьцяў, да ліку якіх адносяцца ня толькі архітэктурныя пабудовы, але таксама вуліцы, масты й плошчы. Тры самыя вядомыя парыскія славутасьці — старажытны Катэдра Парыскай Божай Маці, пабудаваны на востраве Сытэ яшчэ ў XII стагодзьдзі, Эйфэлева вежа й Трыюмфальная арка — канструкцыі XIX стагодзьдзя. Ажурная мэталічная вежа, пабудаваная паводле праекту інжынэра Эйфэля, задумвалася як часовая пабудова, якая служыла ўваходам на Сусьветную выставу 1889 году. Але яна ня толькі перажыла само гэтае мерапрыемства, але й стала з тых часоў сапраўдным сымбалем гораду. На поўначы й на поўдні ад яе над лініяй гарызонту ўзвышаюцца базыліка Сакрэ-Кёр, пабудаваная на вяршыні ўзгорка Манмартр, і самотная вежа Манпарнас, асабліва вылучаецца на фоне свайго «плоскага» раёну.

Гістарычная вось помнікаў архітэктуры перасякае горад з цэнтру на захад. Яна пачынаецца ад знакамітага на ўвесь сьвет музэю Люўр, а потым цягнецца праз сад Цюільры, праспэкт Элізэйскія палі да самай Трыюмфальнай аркі ў цэнтры плошчы Зоркі. У 1960-х гадох на працягу лініі быў пабудаваны квартал Дэфанс, цэнтрам якога стала Вялікая арка Дэфанс. У самым цэнтры гістарычнай часткі знаходзіцца Дом інвалідаў, у якім знаходзіцца вайсковы музэй, тут жа спачываюць парэшткі Напалеона Банапарта. Тут жа былая царква Пантэон, ахоўвае вечны супакой некалі знакамітых францускіх дзеячаў. Былы каралеўскі палац Кансьержэры стаў на час Францускай рэвалюцыі турмой для зрынутай каралевы, адкуль яна была канваяваная да публічнага пакараньня.

Яшчэ адзін напамін пра баі за свабоду францускага народа ёсьць статуя Свабоды, усталяваная на Лебядзіным востраве. Арыгінал гэтай статуі быў падораны Злучаным Штатам Амэрыкі ў 1886 годзе, і з тых часоў сустракае падарожнікаў ў порце Нью-Ёрку. У гістарычным цэнтры гораду, на востраве Сытэ, знаходзяцца дзьве самых знакамітых царквы Францыі: Катэдра Парыскай Божай Маці й Сьвятая капэля.

Архітэктурныя кірункі XX стагодзьдзя пакінулі гораду такія помнікі, як Культурны цэнтар імя Жоржа Пампіду, у якім зараз разьмешчаны музэй сучаснага мастацтва, новы будынак опэры на плошчы Бастыліі, гандлёвы цэнтар Ле-Аль, пабудаваны на месцы «чэрава Парыжа», а таксама раён Дэфанс, які ўяўляе сабой архітэктурны комплекс з хмарачосаў і будынкаў з авангарднымі формамі. Прадстаўляе таксама несумнёўны інтарэс Навукова-прамысловы гарадок, у якім знаходзіцца буйны музэй навукі й тэхнікі.

Паркі й сады

рэдагаваць
 
У сонечны дзень у парку Бют-Шамон у 2007 годзе.

Сёньня ў Парыжы налічваецца больш за 421 муніцыпальны парк і сад, якія ахопліваюць больш за 3 тысячы гектараў і зьмяшчаюць больш за 250 тысяч дрэваў[13]. Найстарэйшымі паркамі ў францускае сталіцы ёсьць сад Цюільры, якія былі створаныя ў 1564 годзе дзеля палацу Цюільры й пераробленыя Андрэ Лё Нотрам паміж 1664 і 1672 гады[14], ды Люксэмбурскі сад, які быў адкрыты ў 1612 годзе Марыяй Мэдычы. Сёньня ў апошнім зь іх месьціцца Люксэмбурскі палац, дзе ладзяцца паседжаньні Сэнату[15]. Сад расьлін ёсьць першым батанічным садам у Парыжы, створаным у 1626 годзе[16].

У пэрыяд з 1853 па 1870 гады на замову імпэратара Напалеона III архітэктар Адольф Альфан стварыў шмат новых паркаў і садоў у горадзе ў розных кварталах Парыжу[17], у тым ліку Булёнскі й Вэнсэнскі лясы, паркі Мансуры й Бют-Шамон. Актыўна найноўшыя паркі паўставалі з 1977 году, як то парк Ля-Вілет быў адкырыты ў 1987 годзе, парк Андрэ-Сытраэн быў дасяжны грамадзкасьці з 1992 году, парк Бэрсі паўстаў у 1997 годзе, а парк Клішы-Батыньёль адкрыў свае брамы ў 2007 годзе[18]. У 2013 годзе замест аўтадарогі ўздоўж Сэны ад мосту Альма да музэю Арсэ была пабудаваная набярэжная з садамі.

 
Могілкі Пэр-Ляшэз.

Паводле хрысьціянскай традыцыі нябожчыкаў імкнуліся хаваць на прылеглай да царквы зямлі. У 1786 годзе з прычыны грамадзкай гігіены было вырашана спыніць пахаваньні на перапоўненых могілках пры цэрквах у цэнтры гораду й іх закрыць, a парэшткі з гэтых могілак перанесьці ў падземныя выпрацаваныя каменаломні на поўдзень ад Парыжа, зараз яны знаходзяцца ў 14 акрузе гораду. Адкрыцьцё найбуйнейшых парыскіх могілак адносіцца да пачатку XIX стагодзьдзя, да эпохі панаваньня Напалеона I. Разьвіцьцё гораду прывяло да таго, што гэтыя могілкі, якія знаходзіліся некалі на ўскраінах, апынуліся ў сваім родзе зялёным аазісам спакою ў цэнтры розных кварталаў шумнай сталіцы. Многія вялікія людзі Францыі й усяго сьвету знайшлі свой апошні прытулак на могілках Пэр-Ляшэз, нэкропалі-музэі пахавальнага мастацтва XIX стагодзьдзя пад адчыненым небам, могілках Манмартра, лябірынта на 11 гэктарах, Манпарнас, дзякуючы свайму строгаму плянаваньню набылі назву «бухты спакою» й могілкі Пасі, невялікія, але з самай высокай шчыльнасьцю знакамітасьцяў на квадратны мэтар.

Эканоміка

рэдагаваць
 
Бізнэсовы раён Дэфанс.

Эканоміка гораду шмат у чым палягае на сэктары паслуг і гандлі. Каля 80% усіх прадпрыемстваў Парыжу займаюцца гандлем, транспартам і рознымі паслугамі, толькі 6,5% працуюць у сфэры будаўніцтва ды ўсяго 3,8% дзеюць у прамысловасьці[19]. Падобная гісторыя назіраецца ў Іль-дэ-Франс, дзе 76,7% прадпрыемстваў займаюцца гандлем і паслугамі, а 3,4% занятая ў прамысловасьці[20]. Паводле зьвестак на 2012 год 59,5% ад усіх працоўных месцаў у Іль-дэ-Франс былі ў сфэры рынкавых паслугаў. Акрамя таго людзі занятыя ў галіне аховы здароўя, сацыяльнай сфэры, у дзяржаўным кіраваньні і абароне, у сфэры адукацыі, вытворчасьці і ў камунальных службах, будаўніцтве і самы мізэр у сельскай гаспадарцы[21][22].

Цэнтар эканамічнага жыцьця Парыжу месьціцца ў Цэнтральным бізнэсовым квартале, які ахоплівае 8-ы, 17-ы і часткова 9-ы і 16-ы акругі гораду. Асноўная дзейнасьць у гэтым квартале — фінансы, страхаваньне і бізнэсовыя паслугі. У раёне таксама месьціцца вялікая колькасьць унівэрмагаў, гандлёвых цэнтраў, гатэляў, рэстаранаў, а таксама дзяржаўныя ўстановы і міністэрствы[23]. Другім паводле велічыні бізнэсовым раёнам з пункту гледжаньня занятасьці ёсьць Дэфанс на захад ад гораду. У 2010 годзе там было занята каля 144 тысяч супрацоўнікаў, зь якіх каля 38% працаўнікоў былі занятыя ў сфэры фінансаў і страхаваньня, а 16% былі супрацоўнікамі сфэры бізнэсу паслугаў. Двума іншымі важнымі раёнамі ёсьць Нёі-сюр-Сэн і Левалюа-Пэрэ, якія па сутнасьці ёсьць працягам Дэфансу. Іншыя раёны, як то Булёнь-Біянкур і Ісі-ле-Мулено, а таксама паўднёвая частка 15-й акругі, ёсьць цэнтрам распрацоўкі інфармацыйных тэхналёгіяў і дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі[23]. Найлепшыя францускія кампаніі, занесеныя ў сьпіс Форчун Глобал 500 за 2021 год, маюць сваю сядзібу Парыжы альбо Іль-дэ-Франс. Некаторыя кампаніі, як то Société Générale, маюць свае офісы як у Парыжы, гэтак і ў Дэфанс. Парыскі рэгіён ёсьць вядучым рэгіёнам Францыі ў эканамічнай дзейнасьці. Гэтак у 2019 годзе СУП рэгіёну фармаваў траціну ад агульнага СУП усёй Францыі.

 
Інтэр’еры Люўру.

Турызм у Парыжы ў 2022 годзе працягваў аднаўляцца пасьля пандэміі каранавірусу. Гэтак колькасьць наведвальнікаў павялічылася да 44 млн чалавек, што, аднак, на 13% было ніжэйшым за аналягічны паказьнік 2019 году[24]. Вялікі Парыж, да якога акрамя самога Парыжу далучаюць яшчэ тры навакольныя дэпартамэнты, наведалі 38 млн турыстаў у 2019 годзе, калі лічыць колькасьць пастаяльцаў гатэляў[25]. Сюды ж уваходзілі 12,2 мільёнаў францускіх наведвальнікаў. Сярод замежнікаў найбольшы попыт горад меў сярод жыхароў ЗША (2,6 мільёнаў), Вялікабрытаніі (1,2 мільёнаў), Нямеччыны (981 тысяча) і Кітаю (711 тысяч)[25].

У 2018 годзе паводле індэксу вымярэньня Эўраманітору Парыж быў другім найбуйнейшым горадам паводле колькасьць авіяпасажыраў з 19,1 мільёнамі наведвальнікамі пасьля Бангкоку (22,78 млн), але апярэджваючы Лёндан (19,09 млн)[26]. Паводле дзяржаўнага турыстычнага бюро каля 393 тысяч працаўнікоў у Вялікім Парыжы альбо 12,4% ад агульнай рабочай сілы былі занятыя ў турыстычным сэктары, улучаючы гасьцёўні, харчаваньне, транспарт і арганізацыю адпачынку[27]. Самымі папулярнымі культурнымі славутасьцямі гораду ў 2022 годзе былі музэй Люўр (7,7 мільёнаў наведвальнікаў), Эйфэлева вежа (5,8 мільёнаў наведвальнікаў), музэй Арсэ (3,27 мільёнаў наведвальнікаў) і Цэнтар Пампіду (3 мільёны наведвальнікаў)[24].

Некаторыя замежныя наведвальнікі пакутуюць ад Парыскага сындрому, калі іхны досьвед наведваньня гораду не адпавядаў чаканьням[28].

Адукацыя й навука

рэдагаваць
 
Сарбона
 
Унівэрсытэт Парыж-Дафін

Самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы Францыі знаходзяцца ў Парыжы, а самы вядомы парыскі ўнівэрсытэт ёсьць Сарбона, які быў заснаваны ў 1257 Рабэрам дэ Сарбанэ з мэтай навучаньня некалькіх дзясяткаў незаможных студэнтаў тэалёгіі[29]. Даволі хутка Сарбона стала самым буйным і прэстыжным адукацыйнай установай Парыжу й Францыі. Вакол Сарбоны ўтварыўся знакаміты Лацінскі квартал, чыя назва затым распаўсюдзілася й на студэнцкія кварталы іншых гарадоў. У 1968 годзе Парыскі ўнівэрсытэт быў рэфармаваны й падзелены на 13 незалежных ВНУ, пяць зь якіх зараз разьмяшчаюцца ў прыгарадах гораду[30].

У Парыжы таксама месьціцца Інстытут Францыі (франц. Institut de France), які складаецца зь пяці акадэміяў, галоўнай і самай прэстыжнай зь якіх лічыцца Француская акадэмія, якая стала часткай Інстытуту ў 1803 годзе. Француская акадэмія была заснавана на базе парыскага літаратурнага гуртка, які існаваў з 1629 году. Статус дзяржаўнай навуковай установы Акадэмія атрымала ў 1635 годзе[31]. Іншымі прэстыжнымі навучальнымі ўстановамі зьяўляюцца Калеж дэ Франс, Політэхнічная школа, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі інстытут, Горны інстытут і Нацыянальны інстытут кіраваньня.

Самая вялікая бібліятэка Парыжу — Нацыянальная бібліятэка Францыі, якая была заснавана ў 1368 годзе каралём Карлам V з сваёй асабістай бібліятэкі ў Люўры. На момант заснаваньня бібліятэка налічвала ўсяго 911 манускрыптаў, бо ў тыя часы было прынята зьнішчаць пасьля сьмерці манарха ўсе ягоныя дакумэнты. Гэты звычай парушыў Людовік XI, зь якога й пачалося пашырэньне фонду. У 1988 годзе прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран абвясьціў пра будаўніцтва новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі паводле праекту архітэктара Дамініка Пэро. Цяпер бібліятэка налічвае больш за 10 мільёнаў друкаваных выданьняў[32].

Транспарт

рэдагаваць
 
Паўночны вакзал ёсьць самы загружаным чыгуначным вакзалам у Эўропе.

Горад ёсьць буйным чыгунычным, аўтамабільным і авіяцыйным транспартным вузлом. Кіруе транзытнай сеткай у рэгіёне дзяржаўны сындыкат Іль-дэ-Франс Мабілітэ (франц. ÎLe-de-France Mobilités)[33]. Кампанія каардынуе функцыянаваньне грамадзкага транспарту, а таксама замаўляе паслугі ў іншых транспартных кампаніяў. Да ліку такіх кампаніяў можна аднесьці RATP, якая абслугоўвае 347 аўтобусных лініяў, парыскі мэтрапалітэн, восем трамвайных лініяў і частку сеткі рэгіянальнай чыгункі RER; SNCF, якая эксплюатуе прыгарадны чыгуначны транспарт, адну трамвайную лінію ды сетку RER; а таксама прыватны кансорцыюм Optile, які ёсьць апэратарам вялікай колькасьці аўтобусных лініяў[34].

Паводле апытанкі кампаніі INSEE, якая ладзілася ў 2018 годзе, большасьць парыжанаў (64,3%) карыстаюцца грамадзкім транспартам, каб дабрацца да працы. Толькі 10,6% едуць да сваёй працы аўтамабілем. 10,5% робяць гэта пехатою альбо выкарыстоўваюць ролікавыя канькі, яшчэ 5,5% едуць роварам, а 4,4% дзеля гэтых мэтаў карыстаюцца матацыклем. Апошнім часам павялічваюцца роварныя маршруты, а таксама стымулюецца выкарыстаньне электрамабіляў. У Парыжы робяцца захады да памяншеньня аўтамабільнага транспарту[35][36].

 
Адзін з уваходаў у парыскае мэтро.

Праз тое, што Парыж ёсьць чыгуначным цэнтрам краіны, яго абслугоўваюць шэсьць буйных чыгуначных вакзалаў Парыжа (Паўночны, Усходні, Ліёнскі, Аўстэрліц, Манпарнас і Сэн-Лязар) і адзін невялікі (Бэрсі). Усе памянёныя вакзалы абслугоўваюць хуткасныя чыгуначныя лініі, як то TGV, Эўрастар, Thalys, Інтэрсіці-экспрэс, Frecciarossa, звычайныя хуткасныя цягнікі, як то Intercités, Intercités de Nuit, TER, і прыгарадныя маршруты, як то Transilien.

Парыскія вакзалы маюць наступныя кірункі:

Ад свайго адкрыцьця ў 1900 годзе, Парыскі мэтрапалітэн ёсьць адной з найважнейшай мясцовай транспартнай сыстэмай гораду. Сёньня гарадзкое мэтро абслугоўвае каля 5,23 мільёнаў пасажыраў штодня[37], маючы 16 лініяў, 308 станцыяў і 226,9 км даўжыні. Акрамя таго, Парыж абслугоўваецца трамваем. Першая лінія была ўведзеная ў эксплюатацыю ў 1992 годзе, а дасюль ужо працуе 13 лініяў, на якіх месьцяцца 248 станцыяў, а даўжыня сеткі складае 164,4 км.

 
Фатаздымак аэрапорту Шарль дэ Голь з вышыні.

Горад ёсьць міжнародным цэнтрам авіяспалучэньня, бо Парыж уваходзіць у лік шасьці самых загружаных у авіяперавозках гарадоў сьвету. Горад абслугоўваецца трыма камэрцыйнымі міжнароднымі аэрапортамі, як то аэрапорт Шарль дэ Голь, аэрапорты Арлі і Бавэ-Тые. Агулам тры аэрапорты ў 2019 годзе абслужылі 112 мільёнаў пасажыраў[38]. Таксама ў горадзе маецца яшчэ адзін аэрапорт Лё-Буржэ, які ёсьць найстарэйшым парыскім аэрапортам, яшчэ і бліжэйшым да цэнтру горада, аднак сёньня ён выкарыстоўваецца толькі дзеля прыватных бізнэсовых рэйсаў, а таксама тут ладзяцца авіясалёны і авіяшоў. Аэрапорт Шарль дэ Голь месьціцца на паўночным ускрайку Парыжу. Ён быў адкрыты ў 1974 годзе і стаў самым ажыўленым парыскім аэрапортам у 1993 годзе[39]. У 2017 годзе гэта быў 5-ы аэрапорт у сьвеце паводле аб’ёмаў міжнародных пасажыраперавозак. Акрамя таго, у гэтым лётнішчы базуецца нацыянальны авіяперавозьнік Air France. Аэрапорт Бавэ-Тые, разьмешчаны за 69 км на поўнач ад цэнтру Парыжа, выкарыстоўваецца чартарнымі авіякампаніямі і недарагімі перавозьнікамі.

Аўтадарогі

рэдагаваць

Горад аточаны трыма аўтастрадамі. Першая зь іх Пэрыфэрык прыблізна паўтарае межы ўмацаваньняў XIX стагодзьдзя вакол Парыжу. Аўтамагістраль А86 ахоплівае прылеглыя прадмесьці, і, нарэшце, аўтамабільная дарога Франсыльен ёсьць найдаўжэйшай з усіх узгаданых аўтастрадаў. Парыж мае буйную дарожную сетку даўжынёю шашаў і аўтастрадаў з больш чым 2000 км.

Гарады-сябры

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в Google Books (мн.) — 2005.
  2. ^ Populations légales 2012 de la commune. Institut National de la Statistique et des Études Économiques  (фр.)
  3. ^ Chiffres clés Évolution et structure de la population. recensement.insee.fr  (фр.)
  4. ^ Stefan Helders, World Gazetteer. «World Metropolitan Areas»  (анг.)
  5. ^ Globalization and World Cities (GaWC) Study Group and Network, Loughborough University. «The World According to GaWC 2008»
  6. ^ Home — fDiIntelligence.com. Fdimagazine.com
  7. ^ Monocle, Issue. June 2010
  8. ^ Greenest cities in Europe. City Mayors (2010-03-03).
  9. ^ Institut National de la Statistique et des Études Économiques. «Produits Intérieurs Bruts Régionaux (PIBR) en valeur en millions d’euros»  (фр.)
  10. ^ Which are the largest city economies in the world and how might this change by 2025?. Ukmediacentre.pwc.com  (анг.)
  11. ^ Logistics-in-Europe.com, Vertical Mail. «Paris Île-de-France, a head start in Europe» (анг.)
  12. ^ Martine Delassus, Florence Humbert, Christine Tarquis, Julie Veaute. «Paris Region Key Figures»(недаступная спасылка). Development Agency. ст. 21.
  13. ^ Jarrassé 2007. С. 6.
  14. ^ Lawrence & Gondrand 2010. С. 125.
  15. ^ Lawrence & Gondrand 2010. С. 208.
  16. ^ «Le Jardin de Plantes». Muséum national d’Histoire naturelle.
  17. ^ Jarrassé 2007. С. 122—161.
  18. ^ Jarrassé 2007. С. 242—256.
  19. ^ «Department of Paris; Complete Dossier». INSEE.
  20. ^ «Île-de-France Region — Complete dossier». INSEE.
  21. ^ «EMP2 — Emplois au lieu de travail par sexe, statut et secteur d’activité économique — Région d’Île-de-France». INSEE.
  22. ^ «La nomenclature agrégée — NA, 2008». INSEE.
  23. ^ а б «En Île-de-France, 39 poles d’emploi structurent l’economie régionale». INSEE.
  24. ^ а б «Bilan de l’année touristique 2022 à Paris Île-de-France (mars 2023)». Visit Paris Region.
  25. ^ а б «Tourism in Paris — Key Figures 2020». Press Paris Info.
  26. ^ «The World’s Most-Visited City Is Bangkok». Forbes.
  27. ^ «Tourism in Paris — Key Figures 2016». Paris Convention and Visitors Bureau.
  28. ^ «'Paris Syndrome' strikes Japanese». BBC News.
  29. ^ Гісторыя Сарбоны (фр.) афіцыйны сайт sorbonne.fr Архіўная копія
  30. ^ Культура й сыстэма адукацыі
  31. ^ Афіцыйны сайт Францускай акадэміі  (фр.)
  32. ^ Сайт Нацыянальнай бібліятэкі (фр.) Архіўная копія
  33. ^ «Le web des voyageurs franciliens». Syndicat des Transports d'Île-de-France.
  34. ^ «Optile en bref». Optile.
  35. ^ «5 reasons the world looks to Europe’s cities». European Investment Bank.
  36. ^ «How Bike Lanes Are Transforming Paris». Forbes.
  37. ^ «Métro2030, notre nouveau métro de Paris». RATP.
  38. ^ «Bulletin statistique, trafic aérien commercial — année 2014». Direction générale de l’Aviation civile. — С. 15.
  39. ^ «Trafic aéroportuaire 1986—2013». Direction générale de l’Aviation civile. — С. 15—17.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць