Перайсці да зместу

Дэлі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 11:13, 19 мая 2024, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (Эканоміка: clean up, eval 23 templates: del double params (1×); з дапамогай AWB)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Горад
Дэлі
दिल्ली, Delhi
Злева направа зверху ўніз: Храм Лотаса, Брама Індыі, Склеп Хумаюна, Конахт плэйс, Храм Акшардхам
Злева направа зверху ўніз: Храм Лотаса, Брама Індыі, Склеп Хумаюна, Конахт плэйс, Храм Акшардхам
Краіна
Каардынаты
Кіраўнік
Заснаваны
500-я да н.э.
Плошча
1483 км²
Вышыня цэнтра
239 м
Насельніцтва
  • 26 495 000 чал. (2016)[1]
Шчыльнасць
11,4 тыс. чал./км²
Часавы пояс
Тэлефонны код
+91-11- XXXX XXXX
Паштовы індэкс
110 xxx
Аўтамабільны код
DL-xx
Афіцыйны сайт
Дэлі на карце Індыі
Дэлі (Індыя)
Дэлі
Дэлі (Індыя)
Дэлі

Дэлі (англ.: Delhi, хіндзі: दिल्ली, панджаб.: ਦਿੱਲੀ, урду: دِلّی) — горад у Індыі, самы вялікі мегаполіс краіны паводле плошчы і другі (пасля Мумбаі) паводле колькасці насельніцтва. Дэлі мае статус саюзнай тэрыторыі (Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі).

Горад размяшчаецца на поўначы Індыі на беразе ракі Джамны. Дэлі вядомы як пастаянна заселенае месца як мінімум з 6 ст. да н.э., а першыя пасяленні тут з’явіліся ў 2-м тысячагоддзі да н.э. Выключна выгаднае геаграфічнае становішча Дэлі на ўрадлівай раўніне ў міжрэччы Джамны і Ганга і перакрыжаванні гандлёвых шляхоў з Афганістана, Персіі і Сярэдняй Азіі на ўсход і поўдзень Індыі стымулявала эканамічнае развіццё горада.

Сучасны Дэлі з’яўляецца палітычным, эканамічным, гандлёвым і культурным цэнтрам Індыі. Прыток людзей з розных рэгіёнаў Індыі зрабіў яго многакультурным, касмапалітычным мегаполісам.

Пасяленні чалавека на месцы Дэлі існуюць верагодна з 2 тысячагоддзя да н.э. Першым горадам, паводле «Махабхараты», быў Індрапрастха, легендарная сталіца дынастыі Пандаваў. Вёска з назвай Індарпат існавала ў Дэлі да пачатку 19 стагоддзя і была знесена брытанцамі пры будаўніцтве Нью-Дэлі.

З 3 стагоддзя да н.э. вобласць паміж Джамнай і гарамі Аравалі знаходзілася пад уладай цароў з дынастыі Маур’я. Захаваліся археалагічныя помнікі таго часу, у прыватнасці надпісы імператара Ашокі (262—232 да н.э.). У 340, пасля некалькіх стагоддзяў заняпаду, горад быў адбудаваны царом Канауджа Дэхлу. Паводле адной з версій, горад атрымаў імя ў яго гонар.

У 736 раджпуты з дынастыі Томар засноўваюць непадалёку горад-крэпасць Лал-Кот. У 1180 іншыя раджпуты, з клана Чаўхан, заваёўваюць Лал-Кот і пераймяноўваюць яго ў Кіла-Раі-Пітхора. У хуткім часе пачынаецца наступленне афганскіх плямёнаў на гэты рэгіён. У 1192 чаўханскі цар Прытхвірадж III церпіць паражэнне ад афганскага султана Мухамада Горы, а ў наступным годзе военачальнік апошняга Кутб-уд-дзін Айбек (цюркскі гулям з Цэнтральнай Азіі) захоплівае горад.

Кутб-Мінар

Пасля смерці Мухамада Горы ў 1206 Кутб-уд-дзін Айбек засноўвае Дэлійскі султанат і становіцца яго першым султанам і заснавальнікам рабскай (гулямскай, мамлюкскай) дынастыі. Сталіца султаната Дэлі багацее і ўпрыгожваецца. Забудоўваецца паўднёвая частка сучаснага горада, узводзяцца Кутб-Мінар (вышэйшы ў свеце цагляны мінарэт) і Куват-аль-Іслам (старэйшая з існых на сёняшні дзень мячэць у Індыі). Пасля 1288 рабскую дынастыю змяняюць цюркскія і афганскія дынастыі Хільджы, Туглак, Сайід і Лодзі. Імі былі пабудаваны шматлікія форты і гарады, што складаюць большасць з так званых Сямі гарадоў Дэлі.

У 1398 горад захоплены, разрабаваны і спалены Цімурам, нібыта за тое, што мусульманскія ўладары Дэлі былі надта паблажлівыя да індуісцкага насельніцтва. Горад перажыў перыяд смут, быў даволі хутка адноўлены, з 1450 у ім умацавалася дынастыя Лодзі. У перыяд султанату Дэлі становіцца надзвычай важным цэнтрам суфізму.

Грабніца Хумаюна (1560), першая з серыі магольскіх маўзалеяў

У 1526, у бітве пры Паніпаце, правіцель Ферганы Захірэдзін Бабур разбіў апошняга султана Лодзі і заснаваў дзяржаву Вялікіх Маголаў, сталіцай якой у розныя часы былі Дэлі, Агра і Лахор. У 1533 другі магольскі імператар Хумаюн зрабіў Дэлі сталіцай імперыі. Маголы кіравалі паўночнай Індыяй больш як тры стагоддзі, з невялікімі перарывамі: у 1540—1556 большая частка краіны была захоплена афганскім султанам Шэр Шахам Суры. У 1553 індускі цар Хему Вікрамадзіт’я разбіў як афганцаў, так і Вялікіх Маголаў і заняў трон Дэлі. Але ўжо ў 1556 маголы пад камандаваннем Акбара нанеслі паражэнне Хему ў другой Паніпацкай бітве і вярнулі сабе ўладу над рэгіёнам. Магольскі імператар Шах Джахан істотна перабудаваў горад, стварыўшы сёмы горад Дэлі, які назваў у свой гонар Шахджаханабадам. Цяпер гэта месца вядомае як Стары горад ці Стары Дэлі (Олд-Дэлі). Ён служыў з 1638 сталіцай Імперыі Вялікіх Маголаў.

Чырвоны форт, з якога прэм’ер-міністр Індыі звяртаецца да народа на Дзень незалежнасці

Пасля 1680 Магольская імперыя пачала хутка слабець пад ударамі Імперыі Маратха. Пасля Карнальскай бітвы 1739 Дэлі быў захоплены войскамі персідскага ўладара Надэр Шаха, якому ўдалося вывезці з горада значную колькасць скарбаў, у тым ліку славуты Паўлінавы трон. У 1752 было падпісана пагадненне, паводле якога маголы страцілі незалежнасць, прызнаўшы вярхоўную ўладу маратхаў. У 1761, калі маратхі прайгралі Трэцюю паніпацкую бітву, Дэлі быў часова захоплены сіламі Ахмед Шаха Абдалі. У 1803 маратхі былі канчаткова разгромленыя ў Дэлійскай бітве сіламі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі, якая з таго часу атрымала кантроль над горадам.

З пачатку 19 стагоддзя Вялікабрытанія паступова змяншала ўладу Кампаніі, і ў 1858 Дэлі разам з усёй Індыяй увайшоў у склад Брытанскай Індыі і стаў акругай у складзе правінцыі Пенджаб. У 1911 у Дэлі з Калькуты была перанесена сталіца Брытанскай Індыі. На працягу наступных дваццаці год паводле праекта брытанскіх архітэктараў пад кіраўніцтвам Эдвіна Лачанса быў пабудаваны новы адміністрацыйны раён горада — Нью-Дэлі, які стаў абвешчаны сталіцай Брытанскай Індыі, а з атрыманнем Індыяй незалежнасці 15 жніўня 1947 — сталіцай Індыйскага Саюза.

У выніку раздзела Брытанскай Індыі ў горад прыбылі тысячы бежанцаў (індусаў і сікхаў) з Заходняга Пенджаба і Сінда, у той час як тысячы мусульман выехалі з горада ў Пакістан. Міграцыя ў Дэлі працягваецца і ў цяперашні час, забяспечваючы хуткі прырост насельніцтва.

У адпаведнасці з папраўкамі да Канстытуцыі Індыі 1991, Саюзная тэрыторыя Дэлі атрымала назву Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі, а таксама ўласны заканадаўчы сход.

У снежні 2001, кастрычніку 2005 і верасні 2008 у Дэлі адбыліся тэрарыстычныя акты са шматлікімі ахвярамі сярод мірнага насельніцтва. Індыя абвясціла аб падазрэннях ва ўчыненні гэтых актаў радыкальнымі групамі, што базіруюцца ў Пакістане.

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі, агульнай плошчай у 1484 км², падзяляецца на тры «нарматыўныя гарады» або «гарадскія карпарацыі», што кіруюцца адмысловымі органамі: Муніцыпальнай карпарацыяй Дэлі (1397,3 км²), Муніцыпальным камітэтам Нью-Дэлі (42,7 км²) і Ваеннай радай Дэлі (43 км²). Для статыстычных мэт тэрыторыя падзяляецца на 59 гарадоў і 300 сельскіх пасяленняў, аб’яднаных у 27 тэхсіл.

Акругі Дэлі

З 1997 Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі падзяляецца на 9 акруг (districts), кожная з якіх у сваю чаргу падзяляецца на тры раёны (subdistricts). Кожнай акругай кіруе адпаведны выканаўчы камісар (deputy commissioner), а кожным раёнам — магістрат раёна (subdivision magistrate). Ніжэй прыведзены спіс акруг.

Нацыянальны сталічны рэгіён

[правіць | правіць зыходнік]

З мэтай кіравання агламерацыяй Дэлі і цэнтралізаванага вырашэння яе праблем у 1985 быў створаны Нацыянальны сталічны рэгіён (National Capital Region). Акрамя Нацыянальнай сталічнай тэрыторыі Дэлі, рэгіён уключае прылеглыя акругі штатаў Раджастхан, Утар-Прадэш і Хар’яна з гарадамі-спадарожнікамі Гургаон, Фарыдабад, Ноіда і Гхазіабад.

Дэлі лічыцца аплотам Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК), які найчасцей перамагае на выбарах. На ўсеагульных выбарах 1999 у Лок Сабху перамогу атрымала Бхаратыя джаната парты, атрымаўшы ўсе сем месцаў ад Дэлі. Але ўжо ў 2004 ІНК вярнуў сабе сімпатыі выбаршчыкаў, дзякуючы спраўнаму кіраўніцтву Шэйлы Дыкшыт, галоўнага міністра Дэлі з 1998, атрымаўшы шэсць з сямі дэлійскіх месцаў у нацыянальным парламенце.

Дэлі — касмапалітычны горад, у якім прадстаўлена мноства розных этнічных груп і культур. Дзякуючы свайму значэнню палітычнага і эканамічнага цэнтра паўночнай Індыі, горад прываблівае рабочых прамысловых прадпрыемстваў і офісных работнікаў з усёй Індыі, падтрымліваючы сваю культурную разнастайнасць. Па прычыне выканання горадам сталічных функцый і прысутнасці шматлікіх замежных кампаній, у Дэлі пражывае істотная колькасць грамадзян іншых краін.

Па стану на 2007, насельніцтва агламерацыі Дэлі дасягнула, паводле ацэнак, 21,5 млн чалавек, што робіць яе другой па колькасці насельніцтва агламерацыяй Індыі пасля Мумбаі. Штогод колькасць насельніцтва Дэлі ўзрастае прыкладна на 0,5 млн чалавек. Напрыклад, у 2001 дабавілася 285 тыс. жыхароў у выніку міграцыі і 215 тыс. — у выніку натуральнага прыросту. Чакаецца, што з такімі тэмпамі прыросту насельніцтва да 2015 Дэлі стане трэцяй па колькасці жыхароў агламерацыяй свету пасля Токіа і Мумбаі. На тэрыторыі Дэлі размяшчаецца жылы раён Дварка, найбуйнейшы жылы раён у свеце, пабудаваны паводле адзінага плана.

Выключна выгаднае геаграфічнае становішча на гандлёвых шляхах, якія вядуць з Афганістана, Персіі і Сярэдняй Азіі на ўсход да раўнінах Ганга і на поўдзень у Паўастраўную Індыю, стымулявала эканамічны рост горада.

Дэлі з’яўляецца найважнейшым дзелавым цэнтрам Паўночнай Індыі[3] з намінальным валавым унутраным прадуктам стане на 2007 год у 1182 млрд рупій (24,5 млрд долараў) або ў 3364 млрд рупій па ППС (69,8 млрд долараў)[4][5]. Даход на душу насельніцтва ў 2007 годзе склаў 66728 рупій (1450 долараў) па цэнах таго часу, што робіць Дэлі трэцім у Індыі па гэтым паказчыку пасля Чандыгарха і Гоа[6]. Сфера паслуг забяспечвае 70,95 % валавога ўнутранага прадукту Дэлі, за ёй ідзе прамысловасць і будаўніцтва (25,2 %) і здабыўная прамысловасць і сельская гаспадарка (3,85 %)[4]. Рабочая сіла Дэлі складае 32,82 % насельніцтва і з 1991 па 2001 год павялічылася ў абсалютным памеры на 52,52 %[7]. З рабочай сілы 620 тыс. занятыя ў дзяржаўным сектары[7]. Узровень беспрацоўя ў Дэлі стане на 2003 год складаў 4,63 % і знізіўся з 1999—2000 гадоў, калі ён дасягаў 12,57 %[7]. Па стане на снежань 2004 года, на розных праграмах дапамогі было зарэгістравана 636 тыс. беспрацоўных[7].

Галоўнымі галінамі эканомікі горада з’яўляюцца інфармацыйныя тэхналогіі, тэлекамунікацыі, фінансы, турызм, сродкі масавай інфармацыі[8]. Вытворчая прамысловасць Дэлі таксама значная і працягвае хутка развівацца, яна ўключае перш за ўсё вытворчасць тавараў народнага спажывання. Вялікі ўнутраны рынак Дэлі і наяўнасць кваліфікаванай рабочай сілы актыўна прыцягваюць замежныя інвестыцыі ў гэты сектар. У 2001 годзе ў сектары вытворчасці было занята 1440000 работнікаў, а лік вытворчых адзінак дасягаў 129 тыс.[9].

Дэлі — адзін з самых эканамічна развітых гарадоў Індыі з самым высокім узроўнем спажывання. Колькасць аўтамабіляў у Дэлі большая, чым у чатырох мегаполісах Бангалоры, Калькуце, Ченнае і Мумбаі разам узятых. У Дэлі — лепшы транспарт і лепшая інфраструктура. Па гэтай прычыне ў Дэлі і прадмесцях Наіда і Гургаон у апошнія гады сталі актыўна развівацца міжнародныя карпарацыі, камерцыйныя і гандлёвыя цэнтры, аўтамабільная прамысловасць, СМІ, вытворчасць тавараў народнага спажывання.

Будаўніцтва, энергетыка, камунальныя паслугі, ахова здароўя, продаж жылля і іншыя паслугі, накіраваныя на мясцовае насельніцтва, таксама складаюць значную частку эканомікі горада. Акрамя таго, сектар рознічнага гандлю Дэлі дэманструе адны з найбольшых тэмпаў росту ў краіне[10]. У выніку кошты на зямлю ў зручных месцах хутка растуць, а цэны на офісныя і гандлёвыя памяшкання дасягнулі больш за 1500 долараў за м², што ставіць Дэлі на 7 месца ў свеце[11]. Як і ў астатняй Індыі, хуткае развіццё арганізаванага рознічнага гандлю выцясняе традыцыйныя неарганізаваныя гандлёвыя ўчасткі[12].

Сродкі масавай інфармацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі Нью-Дэлі з’яўляецца сталіцай Індыі, горад пастаянна застаецца ў цэнтры ўвагі палітычных навін, у прыватнасці пастаянна ажыццяўляюцца тэлетрансляцыі сесій парламента. У горадзе размешчаны штаб-кватэры многіх агульнаіндыйскіх інфармацыйных агенцтваў, у тым ліку найбуйнейшых у краіне Press Trust of India і Asian News International. Тэлеканалы, даступныя ў горадзе, ўключаюць два бясплатных тэлеканала дзяржаўнай кампаніі Doordarshan і некалькі кабельных каналаў на англійскай, хіндзі і рэгіянальных мовах Індыі. Спадарожнікавае тэлебачанне не вельмі распаўсюджана[13].

Друкаваныя газеты ўсё яшчэ застаюцца папулярнымі ў Дэлі. Па стане на 2004—2005 гады ў горадзе друкавалася 1029 газет на 13 мовах. 492 газет выходзілі на хіндзі, з іх найбольш папулярныя Navbharat Times, Hindustan Dainik, Punjab Kesari, Dainik Jagran, Dainik Bhaskar і Dainik Desbandhu. Сярод англамоўных газет найбольш папулярныя ў горадзе Hindustan Times, The Times of India, The Hindu, The Indian Express, Business Standard, The Pioneer і Asian Age. Самай папулярнай газетай на іншых мовах Дэлі з’яўляецца Malayala Manorama.

Радыё адносна непапулярна ў Дэлі, хоць станцыі FM-дыяпазону з 2006 года маюць стабільную аўдыторыю[14][15]. У Дэлі працуюць некалькі прыватных і дзяржаўных радыёстанцый, сярод якіх All India Radio (AIR), адна з найбуйнейшых радыёкампаній свету, перадае 6 радыёканалаў на 10 мовах. Іншыя папулярныя станцыі ў горадзе: «Aaj Tak», «Radio City» (91,1 Мгц), «Big FM» (92,7 Мгц), «Red FM» (93,5 Мгц), «Radio One» (94, 3 Мгц), «Hit FM» (95 Мгц), «Apna Radio», «Radio Mirchi» (98,3 Мгц), «FM Rainbow» (102,4 МГц), «Fever FM» (104 Мгц), «Meow FM» (104,8 МГц), «FM Gold» (106,4 МГц).

Самым папулярным відам спорту ў Дэлі з’яўляецца крыкет[16]. У горадзе існуе некалькі крыкетных стадыёнаў, сярод якіх — найстарэйшы крыкетны стадыён у Індыі Фероз-Шах-Катла. Вядомымі камандамі горада з’яўляюцца «Дэлі Футбол Цім», якая гуляе ў індыйскім чэмпіянаце па крыкеце першага класа Ранджи Трофі[17], каманда Індыйскай прэм’ер-лігі «Дэлі Дэрдэвилз» і каманда Індыйскай крыкетнай лігі «Дэлі Джайнтс» (раней «Дэлі Джэтс»).

Сярод іншых папулярных у горадзе відаў спорту хакей на траве, футбол, баскетбол, тэніс, гольф, бадмінтон, плаванне, картынг, цяжкая атлетыка і настольны тэніс.

Іншыя вядомыя стадыёны ў Дэлі — Стадыён Джавахарлала Неру і Крыты стадыён Індзіры Гандзі, на якіх адбываецца шмат спартыўных і культурных падзей. У мінулым у Дэлі праводзіўся цэлы шэраг унутраных і міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, такіх, як першыя і дзявятыя Азіяцкія гульні[18]. Дэлі таксама прымаў у сябе Гульні Садружнасці 2010 года. Дэлі прайграў права на правядзенне Азіяцкіх гульняў 2014 года[19], але ўсё яшчэ разглядаецца ў якасці кандыдата на правядзенне Летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года[20].

Экалагічны стан

[правіць | правіць зыходнік]

Як і многіх іншых буйных гарадах, паветра Дэлі пакутуе ад забруджвання. Найбольшы ўклад у забруджванне, 67 % ад агульнай колькасці выкідаў або 3 тыс. т. у дзень, уносіць транспарт. Паводле ацэнак, да 2011 года колькасць транспартных сродкаў у Дэлі дасягне 6 млн[21]. Яшчэ 25 % уносяць 125 тыс. прамысловых прадпрыемстваў і тры вугальных цеплаэлектрастанцыі горада[21]. Вялікі ўклад не па колькасці, але па таксічнасці, уносяць жыхары трушчоб, якія часта спальваюць смецце, уключаючы пластмасы і падобныя матэрыялы[21]. Дэлі, аднак, можа пахваліцца некаторымі поспехамі ў барацьбе з забруджваннем паветра. За перыяд з 1998 па 2000 год забруджванне ў горадзе скарацілася прыкладна на траціну[22][23], перш за ўсё дзякуючы ўвядзенні больш жорсткіх стандартаў на паліва і пераводу грамадскага транспарту і аўтарыкш на сціснуты прыродны газ. Пачынаючы з 2004—2006 гадоў, аднак, забруджванне зноў пачало расці, што прыпісваюць як павелічэнні агульнай колькасці транспартных сродкаў, так і павелічэнню долі дызельных аўтамабіляў[22][24].

Санітарны стан горада ў цэлым цяжкі ў параўнанні з заходнімі гарадамі і прызнаецца як праблемны. У прыватнасці, паводле дадзеных камісіі Высокага суда Дэлі, каля 50 % насельніцтва жывуць у нездавальняючых гігіенічных умовах[25]. Аднак санітарны стан не з’яўляецца аднолькавым па ўсім горадзе. Асабліва вялікія праблемы ў гарадскіх трушчобах, але яны таксама значныя ва ўсіх старых раёнах горада. У адрозненне ад іх Нью-Дэлі можа пахваліцца адноснай чысцінёй[26]. Паспяхова змагаецца з смеццем таксама сістэма Дэлійскага метро, дзе ўдаецца падтрымліваць чысціню[27].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Census Profile, 2016 Census Праверана 22 лютага 2018.
  2. Current Local Time in New Delhi, Delhi, India Праверана 22 лютага 2018.
  3. Know India: Delhi(недаступная спасылка). India.gov.in. Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2006. Праверана 7 верасня 2009.
  4. а б Chapter 2: State Income (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005–2006 pp8–16. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi.
  5. Budget Speech 2008–2009 (PDF). Праверана 7 верасня 2009.
  6. Chandigarh's per capita income highest in India-Chandigarh-Cities-The Times of India. Timesofindia.indiatimes.com. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 3 лістапада 2008.
  7. а б в г Chapter 5: Employment and Unemployment (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005–06 pp59–65. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi.
  8. Industries in Delhi. Mapsofindia.com. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 7 верасня 2009.
  9. Chapter 9: Industrial Development (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005–06 pp94–107. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi.
  10. Delhi hot favourite retail destination in India- Corporate Trends-News By Company-News-The Economic Times. Economictimes.indiatimes.com. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 3 лістапада 2008.
  11. India's Retail Industry. India Brand Equity Foundation. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 4 студзеня 2007.
  12. Majumder, Sanjoy (2007-05-21). "Supermarkets devour Indian traders". South Asia. BBC. Праверана 2007-07-03.
  13. Rediff Business Desk. What is CAS? What is DTH?. rediff news: Business. Rediff.com (5 верасня 2006). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 8 студзеня 2007.
  14. Naqvi, Farah. Chapter4: Towards a Mass Media Campaign: Analysing the relationship between target audiences and mass media (PDF). Images and icons: Harnessing the Power of Mass Media to Promote Gender Equality and Reduce Practices of Sex Selection 26–36. BBC World Service Trust (14 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 8 студзеня 2007.
  15. Delhi: Radio Stations in Delhi, India. ASIAWAVES: Radio and TV Broadcasting in South and South-East Asia. Alan G. Davies (15 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 7 студзеня 2007.
  16. AIPS Web Site Архівавана 29 верасня 2007.
  17. Cricinfo staff. A Brief History: The Ranji Trophy. Cricinfo. The Wisden Group. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 6 студзеня 2007.
  18. "India to bid for 2014 Asian Games". South Asia. BBC. 29 March 2005. Праверана 2006-12-21.
  19. "New Delhi loses bid". The Hindu. The Hindu. 2007-04-18. Архівавана з арыгінала 20 красавіка 2007. Праверана 2007-04-18.
  20. Delhi To Bid For 2020 Summer Games. gamesbids.com. Menscerto Inc. (28 красавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 5 жніўня 2007.
  21. а б в White paper on pullution in Delhi. Ministry of Environment and Forests.
  22. а б Air Pollution in Delhi Increasing with Rapid Growth in Diesel Cars. Green Car Congress. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 6 лютага 2015.
  23. Earth Day Special | Air quality in Delhi: The leapfrog agenda — Economy and Politics — livemint.com
  24. Delhi's air pollution on rise this winter. Toxics Link. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 6 лютага 2015.
  25. "Delhi Govt. under fire over poor sanitary conditions". The Hindu.(недаступная спасылка)
  26. Delhi's Belly. Studies in History. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 6 лютага 2015.
  27. "Delhi Metro 'zero garbage', Delhi 'garbage'". Express India. 25 чэрвеня 2008. Архівавана з арыгінала 1 ліпеня 2008. Праверана 6 лютага 2015.