Перайсці да зместу

Запрошаны прафесар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі браўзеру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку браўзеру.

Запрошаны прафесар (англ.: visiting professor) — асоба, запрошаная для часовай выкладчыцкай або даследчай працы ва ўстанове, якая не з’яўляецца яе асноўным месцам працы.

Звычайна мінімальнай умовай для запрошанага прафесара з’яўляецца наяўнасць у яго доктарскай ступені. У ваенных навучальных установах можа быць дастаткова генеральскага або адміральскага звання.

У акадэмічнай практыцы прыцягненне вучонага ў якасці запрошанага прафесара разглядаецца як прызнанне яго выбітнага ўкладу ў адпаведную навуку. З іншага боку, такая практыка дазваляе студэнам і навукоўцам прымаючай арганізацыі атрымаць вопыт супрацоўніцтва з лепшымі, у тым ліку замежнымі, спецыялістамі пэўнай сферы дзейнасці.

Запрошаны прафесар як пазіцыя, адкрытая ў канкрэтнай вышэйшай навучальнай або навукова-даследчай установе, дазваляе прыцягваць для часовай працы знешніх высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія маюць значны навуковы ці практычны досвед. Звычайна такое супрацоўніцтва звязана з выкананнем пэўнай праграмы і можа доўжыцца ад некалькіх тыдняў ці месяцаў да года. Аднак гэты тэрмін можа і падаўжацца.

Так як адной з істотных задач ВНУ з’яўляецца перадача навуковага вопыту ў поўным аб’ёме, то, як правіла, ад запрошанага прафесара чакаецца актыўнае супрацоўніцтва ў такой дзейнасці, як:

  • правядзенне лекцый і семінараў па акрэсленай тэматыцы, у якой госць з’яўляецца выбітным спецыялістам;
  • правядзенне сумесных навуковых даследаванняў;
  • удзел у абмеркаваннях вынікаў навукова-даследчай дзейнасці.