Мэджліс крымскататарскага народу
|
Мэджлі́с крымскатата́рскага наро́ду (па-крымскататарску: Qırımtatar Milliy Meclisi) — прадстаўнічы орган крымскіх татараў, падобны да парлямэнту. Паводле статуту, мэтаю мэджлісу — пераадоленьне наступстваў генацыду, учыненага супраць крымскіх татараў маскоўскаю ўладаю, аднаўленьня правоў і нацыянальна-культурнае самавызначэньне. Разьмешчаны ў Сімфэропалі.
Пасьля анэксіі Крыму Расеяй супраць Мэджлісу і крымскіх татараў чыняцца рэпрэсіі. Так, самаабвешчаная «пракурор» Рэспублікі Крым пагражала забараніць Мэджліс крымскататарскага народу за незалежную праўкраінскую палітыку[1], а пазьней забароніла ўезд у Крым старшыні Мэджлісу Рафату Чубараву.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэджліс быў заснаваны ў 1991 дзеля прадстаўніцтва інтарэсаў крымскіх татараў перад украінскаю і крымскаю ўладаю, а таксама ў міжнародных арганізацыях.
30 чэрвеня 1991 Мэджліс прыняў нацыянальны гімн і сьцяг крымскіх татараў.
У 2012 Мэджліс стаў удзельнікам Плятформы эўрапейскай памяці і сумленьня — міжнароднага праекту, закліканага дасьледваць дзейнасьць і злачынствы таталітарных рэжымаў у Эўропе ў XX стагодзьдзі і не дапусьціць аднаўленьня таталітарызму ў Эўропе.
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэджліс — выканаўчы орган Курултаю крымскататарскага народу і абіраецца зь ягоных сябраў. Складаецца з 33 чальцоў.
Ад пачатку існаваньня Мэджлісу ягоным старшынём быў Мустафа Джамілеў. У лістападзе 2013 старшынёю стаў Рафат Чубараў. Тады ж было зацьверджаная новая структура Мэджлісу, паводле якое ўведзеныя 5 пасадаў намесьнікаў старшыні Мэджлісу.
Дзеля выкананьня рашэньняў Мэджлісу ва ўсіх месцах пражываньня крымскіх татараў ва Ўкраіне абіраюцца органы нацыянальнага самакіраваньня — рэгіянальныя і мясцовыя мэджлісы, падпарадкаваныя асноўнаму кіроўнаму органу.