Скіфы
Скі́фы, таксама Скіты[1] (па-грэцку: Σκύθαι) — агульная назва ў большасьці качавых плямёнаў і народаў Эўразіі (ад Карпатаў да Алтаю), якія складаліся з розных настратычных (пераважна індаэўрапейскіх) этнамоўных груп. Пераважае меркаваньне, што скіфы выкарыстоўвалі мовы паўночнаіранскай групы індаэўрапейскай сям’і, а краіна, якую насялялі скіфы, стагодзьдзямі звалася Скіфія (Скітыя), затым назва неаднаразова мянялася.
Назва скіфы адносілася да асноўнага насельніцтва Паўночнага Прычарнамор’я ў VII ст. да н. э. — III ст. н. э. (эўрапейскія скіфы); у пашыраным сэнсе скіфамі называюцца таксама роднасныя ім іранамоўныя плямёны: сакі, масагеты, дакі і інш. (азіяцкія скіфы). Паводле Герадота, скіфы называлі сябе скалотамі; яны падзяляліся на царскіх скіфаў, ваяўнічых скіфаў-вандроўнікаў і аселых скіфаў-земляробаў і аратых. Вандроўныя скіфы прыйшлі ў прычарнаморскія стэпы з Азіі, выцесьніўшы кімэрыйцаў, рабілі паходы ў Малую Азію, Сырыю, Палястыну, панавалі ў Пярэдняй Азіі. Плямёны скіфаў насялялі тэрыторыі паміж Донам і Дунаем, Крым; іх паўночная мяжа расьсяленьня ня высьветленая. У Прычарнамор’і яны гандлявалі з Ольвіяй і іншымі грэцкімі гарадамі-калёніямі, займаліся ганчарнай вытворчасьцю, апрацоўкай жалеза, бронзы, золата. У V ст. да н. э. ў скіфаў існавала ваенная дэмакратыя (народны сход, савет старэйшын, племянныя правадыры) на стадыі пераходу да манархічнай дзяржавы.
У канцы ІІІ—ІІ ст. да н. э. скіфы выцесьнены сарматамі ў стэпавы Крым і Ніжняе Падняпроўе, дзе скіфскае царства з цэнтрам у г. Неапаль (каля сучаснага Сімфэропалю, Украіна) праіснавала да 2-й паловы ІІІ ст. н. э. і было зьнішчана готамі.
Скіфская культура зрабіла моцны ўплыў на гісторыю і культуру многіх плямёнаў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рассадзін С. Землі амаль невядомыя: Будучая Беларусь паводле антычных манускрыптаў. — Мн.: Полымя, 1996. — ISBN 5-345-00758-6