Старажытныя букавыя пралясы Карпатаў і іншых рэгіёнаў Эўропы — запаведны раён, разьмешчаны на тэрыторыі Славаччыны (Гавешава, Стужыца, Рожак, Вігарлат), Ўкраіны, і Нямеччыны, унесены ў 2007 годзе ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО і пашыраны ў 2011 годзе. У 2007 годзе складаўся зь дзесяці асобных запаведнікаў, разьмешчаных уздоўж восі даўжынёй у 185 кілямэтраў, якая распасьціраецца ад Рахоўскіх гор і Чарнагорскага масіву ва Ўкраіне, пераходзячы на захадзе ў горны Поланінскі хрыбет, уздоўж да Букоўскіх Врхоў і Вігарлат у Славаччыне. У 2011 гэты сьпіс папоўнілі 5 нямецкіх запаведнікаў.
Усе гэтыя запаведнікі — цудоўны ўзор некранутых лясоў, якія зьяўляюцца складанымі экасыстэмамі ўмеранага кліматычнага пояса. Тут захаваліся ўмовы, якія дазваляюць праводзіць найбольш поўныя дасьледаваньні экалягічных структураў і працэсаў росту эўрапейскага бука ў розных месцах.
Букавыя лясы зьяўляюцца нецэнным генэтычным сховішчам бука і іншых відаў жывой прыроды, якія існуюць зь ім у суседзтве, і залежаць ад абумоўленых экасыстэмаў. Гэтыя лясы таксама сьведчаць пра працэсы аднаўленьня і разьвіцьця зямных экасыстэмаў і пасяленьняў, якія пачаліся пасьля апошняга ледніковага пэрыяду і працягваюцца да цяперашняга часу.