Шатляндыя
Шатляндыя | |
анг. , анг.-шат. Scotland, гэльск. Alba | |
Сьцяг | |
Гімн | Flower of Scotland[d] |
---|---|
Агульныя зьвесткі | |
Краіна | Вялікабрытанія |
Статус | рэгіён Вялікабрытаніі |
Уваходзіць у | Вялікабрытанію |
Адміністрацыйны цэнтар | Эдынбург |
Улучае | 32 дарадчыя акругі |
Найбольшы горад | Глазга |
Дата ўтварэньня | 1 траўня 1707 (унія з Ангельшчынай) |
Манарх | Лізавета II |
Першы міністар | Алекс Сэлманд |
Афіцыйныя мовы | ангельская (афіцыйная мова Вялікабрытаніі), шатляндзкая германская і шатляндзкая кельцкая (рэгіянальныя) |
Насельніцтва (2013) | 5 327 700 (ацэнка) |
Шчыльнасьць | 67,5 чал./км² |
Нацыянальны склад | шатляндцы, іншыя народы Вялікабрытаніі |
Канфэсійны склад | прэсьбітэрыяне, каталікі |
Плошча | 78 387 км² км² (2-е месца) |
Месцазнаходжаньне Шатляндыі | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | +1 |
Код ISO 3166-2 | GB-SCT |
Тэлефонны код | +44 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Шатля́ндыя альбо Шкотыя[1] (анг. Scotland, вымаўл. [ˈskɒt.lənd]: анг.-шат. Scotland, вымаўл. [ˈskɔt.lənd]; гэльск. Alba, вымаўл. [ˈal̪ˠapə]) — рэгіён на поўначы Вялікабрытаніі, у мінулым незалежнае каралеўства ў Паўночнай Эўропе, цяпер — адзіны з чатырох рэгіёнаў-складнікаў Злучанага Каралеўства, які зьяўляецца аўтаномнай манархіяй (улучаючы ўласны парлямэнт). Шатляндыя займае поўнач востраву Вялікабрытанія і мяжуе па сушы з Ангельшчынай. Сталіца Шатляндыі — Эдынбург.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньняя гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лічыцца, што першыя людзі зьявіліся ў Шатляндыі прыблізна 8 тысячаў гадоў таму. Першыя сталыя паселішчы датуюцца 4 тысячагодзьдзем да н. э. Пісьмовая гісторыя Шатляндыі пачынаецца з рымскай заваёвы Брытаніі, калі былі акупаваныя і атрымалі статус рымскіх правінцыяў і сталі менавацца Брытаніяй тэрыторыі сучаснай Ангельшчыны і Ўэйлзу. Частка паўднёвай Шатляндыі была на нядоўгі час узятая пад няпросты кантроль Рыму, але паўночныя землі былі вольныя ад рымскай заваёвы і зваліся Каледонія.
Сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдзіне І тыс. н.э. з поўначы востраву Ірляндыя зьдзяйсьняюць уварваньне плямёны гайдэлаў (або гэлаў), якія напачатку засялілі паўднёвы захад Шатляндыі, дзе было заснаванае каралеўства Дал Рыяда, цягам некаторага часу пачалося пашырэньне плямёнаў гэлаў на поўнач і ўсход на тэрыторыі піктаў. Пікты — найстаражытнейшае зь вядомых насельніцтва Шатляндыі, гэты этнас, меркавана, уяўляў сабою рэшткі даіндаэўрапейскага насельніцтва Эўропы.
Каледонія была населеная пікцкімі і, пазьней, таксама гэльскімі плямёнамі, на яе тэрыторыі месьціліся гэльскае каралеўства Дал Рыяда і піцкае — Фортрыў. Але гісторыя Шатляндзкага каралеўства традыцыйна бярэ свой адлік з 843 году, калі Кэнэт Макальпін стаў каралём аб’яднанага каралеўства скотаў і піктаў. На працягу наступных стагодзьдзяў тэрыторыя Шатляндзкага каралеўства пашырэла да плошчы прыблізна адпаведнай плошчы сучаснай Шатляндыі, заняўшы таксама некаторыя тэрыторыі сучаснай поўначы Ангельшчыны.
Гэты пэрыяд адзначаны параўнальна добрымі адносінамі з ўэсэцкімі ўладарамі Ангельшчыны і моцнай раздробленасьцю, якая, аднак, не замінала правядзеньню пасьпяховай экспансіянісцкай палітыкі. Празь некаторы час пасьля ўварваньня ў 945 годзе ў Стратклайд ангельскага караля Эдмунда I правінцыя была перададзеная Малкалму I. Падчас кіраваньня караля Індульфа (954—962) скоты занялі крэпасьць, пазьней названую Эдынбургам, — свой першы апорны пункт у Лотыене. Падчас уладарства Малкалма II адзінства Шатляндыі ўмацавалася. Пераломным годам, магчыма, быў 1018, калі Малкалм IV нанёс Нартумбрыі паразу ў бітве пры Карэме. У гэты ж пэрыяд гэлы, якія пачынаюць моўна й культурна адасабляцца ад ірляндцаў, канчаткова пашыраюцца па ўсёй Шатляндыі, асымілюючы піктаў і выцясьняючы брытаў, якія пражывалі на крайнім поўдні Шатляндыі. Архіпэлягі на поўнач і паўночны захад ад Шатляндыі зазнаюць уварваньне старажытных скандынаваў, якія хутка асымілююцца сярод гэлаў і засноўваюць г. зв. Каралеўства Астравоў. У сваю чаргу, скандынаўскае насельніцтва Шэтландзкіх і Аркнэйскіх не асымілююцца.
Заваёва Ангельшчыны нарманамі (1066) сталася прычынаю ланцугу падзеяў, празь якія Шатляндыя зьмяніла сваёй гэльскай культурнай арыентацыі. Малкалм III пабраўся шлюбам з Маргарытай, сястрой Эдгара Этлінга, зрынутага англа-саксонскага прэтэндэнта на ангельскі трон, які пасьля атрымаў падтрымку з боку Шатляндыі. Маргарыта адыграла важную ролю ў паніжэньні ўплыву кельцкага хрысьціянства. Яе сын, Давід I стаў важным англа-нарманскім уладаром. Ён спрыяў увядзеньню ў Шатляндыі фэадалізму і заахвочваў прыток насельніцтва зь Нідэрляндаў у гарады, каб умацаваць гандлёвыя сувязі з кантынэнтальнай Эўропай. Да канца XIII стагодзьдзя шматлікія нарманскія і англа-нарманскія сем’і атрымалі маёнткі ў Шатляндыі. Пазьней гэта спрычыніцца да практычна поўнага выцясьненьня гэльскае мовы з поўдня Шатляндыі й узьнікненьня шатляндзкае германскае мовы.
Пасьля сьмерці Маргарыты, апошняй прамой спадчыньніцы Аляксандра III, шатляндзкая арыстакратыя зьвярнулася па караля Ангельшчыны, каб ён разважыў спрэчкі паміж прэтэндэнтамі на шатляндзкі пасад. Замест гэтага Эдўард I паспрабаваў уладкаваць на шатляндзкі пасад свайго вылучэнца і ўзяць Шатляндыю пад поўны кантроль, аднак таго не атрымалася праз супраціў шатляндцаў, якім кіравалі спачатку Ўільям Ўолэс і Эндру дэ Марэй, якія падтрымлівалі Яна I Баліёля, а затым — Робэрт Брус. Брус узышоў на пасад як кароль Робэрт I 25 сакавіка 1306 году і атрымаў канчатковую перамогу над ангельцамі ў бітве пры Бэнакбэрне ў 1314 годзе. Але пасьля ягонае сьмерці падчас другой вайны за незалежнасьць Шатляндыі (1332—1357) зноў пачалася міжусобная барацьба, у якой Эдўард Баліёль беспасьпяхова спрабаваў адваяваць трон у спадчыньнікаў Бруса пры падтрымцы ангельскага караля. Толькі з прыходам дынастыі Ст’юартаў у 1370-х гг. сытуацыя ў Шатляндыі пачала стабілізавацца.
Да канца Сярэднявечча Шатляндыя была падзеленая на дзьве культурныя зоны: дольную (Лаўлэнд), жыхары якой размаўлялі на шатляндзкай германскай, і горную Шатляндыю, г. зв. Гайлэнд, насельніцтва якой карысталася шатляндзкай гэльскай мовай. Тым ня менш, галаўэйскі гэльскі дыялект захоўваўся магчыма да XVIII стагодзьдзя ў аддаленых частках паўднёвага захаду краіны, якія ўваходзілі ў графства Галаўэй. Гістарычна дольная Шатляндыя ў культурным пляне была бліжэйшая да Эўропы. У горнай жа Шатляндыі сфармавалася адна з адметных рыс рэгіёну — шатляндзкая кланавая сыстэма.
Пэрыяд пасьля XVII стагодзьдзя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1603 годзе кароль Шатляндыі Якуб VI пераняў ангельскі пасад і стаў каралём Ангельшчыны Якубам I. За выключэньнем пэрыяду існаваньня Садружнасьці, Шатляндыя заставалася асобнай дзяржавай, але разам з тым мелі месца значныя канфлікты паміж манархам і шатляндзкімі прэсьбітэрыянамі з нагоды формы царкоўнага кіраваньня. Пасьля Слаўнай рэвалюцыі і зьвяржэньня каталіка Якуба VII Вільгельмам III і Марыяй II Шатляндыя кароткі час пагражала абраць уласнага манарха-пратэстанта, але пад пагрозай разрыву гандлёвых і транспартных сувязяў з Ангельшчынай шатляндзкі парлямэнт сумесна з ангельскім у 1707 годзе прыняў «Акт аб Уніі». У выніку аб’яднаньня было створанае каралеўства Вялікабрытанія. У 1715 годзе на поўначы Шатляндыі падняліся два буйныя паўстаньні якабітаў, але Гановэрская дынастыя зьдзюжала. Якабіцкія прэтэндэнты на пасад захоўвалі папулярнасьць у горных і паўночна-ўсходніх абласьцях, асабліва сярод не прэсьбітэрыянаў. Адбываліся бітвы зь іншымі палітычнымі праціўнікамі, якіх часта падтрымлівала гэльскамоўнае насельніцтва Гайлэнду, у сувязі з чым практыкаваліся г.зв. гайлэндзкія зачысткі (прымусовае перасяленьне).
Нашчадкі ангельскіх лэндлордаў дагэтуль маюць значныя зямельныя надзелы на паўночным захадзе Шатляндыі, але паступова ідзе працэс выкупу гэтых земляў карэнным жыхарствам.
Пасьля прыняцьця «Акту аб Уніі», Шатляндзкай Асьветы і прамысловай рэвалюцыі краіна стала магутным эўрапейскім камэрцыйным, навуковым і індустрыйным цэнтрам.
Найноўшая гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля Другой сусьветнай вайны Шатляндыя зазнала на сабе рэзкі спад вытворчасьці, але ў апошнія дзесяцігодзьдзі адбываецца культурнае і эканамічнае адраджэньне рэгіёну за кошт разьвіцьця сфэры фінансавых апэрацыяў і вытворчасьці электронікі, а таксама прыбыткаў ад здабычы нафты і газу на шэльфу Паўночнага мора. У 1997 году былі праведзеныя выбары ў Парлямэнт Шатляндыі, стварэньне якога было замацавана ў «Шатляндзкім акце» ў 1998 годзе.
З пачатку 2000 году ў Шатляндыі ўзмацняецца ўплыў нацыяналістаў. У 2007 годзе Нацыянальная партыя выйграла выбары ў шатляндзкі парлямэнт, а ў 2011 году павялічыла сваё прадстаўніцтва. Яе лідэр абвясьціў, што будзе дамагацца правядзеньня ў 2014 годзе рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі.
15 кастрычніка 2012 году прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам і першым міністрам рэгіянальнага ўраду Шатляндыі Алексам Сэлмандам падпісаная дамова, якая вызначала парадак правядзеньня рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі ў верасьні 2014 году.
Адпаведна з афіцыйнымі плянамі, мясцовы рэфэрэндум з вынесеным пытаньнем аб дзяржаўным сувэрэнітэце Шатляндыі быў праведзены ў Шатляндыі 18 верасьня 2014 году ва ўсіх 32 дарадчых акругах рэгіёну сярод пастаянных насельнікаў рэгіёну й жыхароў краінаў ЭЗ, якія часова пражывалі ў Шатляндыі. Раніцай 19 верасьня былі аб’яўленыя вынікі апытаньня на рэфэрэндуме, паводле якога большасьць зарэгістраваных выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні, аддала перавагу варыянту, што прадугледжваў захаваньне Шатляндыі ў складзе Вялікабрытаніі (55,3% галасоў выбарцаў). Вынікі рэфэрэндуму былі прызнаныя першым міністрам Шатляндыі Алексам Сэлмандам, які неўзабаве аб’явіў пра сваю адстаўку з пасады першага міністра Шатляндыі. У выпадку перавагі на рэфэрэндуме варыянту, што прадугледжваў дзяржаўны сувэрэнітэт рэгіёну, незалежнасьць Шатляндыі плянавалася абвясьціць у 2016 годзе.
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шатляндыя — гэта добра разьвіты турыстычны край. Турызм дае 200 000 працоўных месцаў (каля 9% ад агульнай колькасьці працаздольных) галоўным чынам у сэктары абслугоўваньня, выдаткі турыстаў склалі 4,4 мільярды фунтаў стэрлінгаў за 2003 год. Галоўную масу наведвальнікаў складаюць турысты з Аб’яднанага Каралеўства. У 2002 годзе яны наведалі Шатляндыю 18,5 мільёнаў разоў, пражыўшы 64,5 мільёну дзён і страціўшы 3,7 мільярду фунтаў стэрлінгаў. Замежнікі наведалі Шатляндыю 1,58 мільёнаў разоў, пражыўшы 15 мільёнаў дзён і страціўшы 806 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Зь іх грамадзяне ЗША склалі большасьць — 24%, Нямеччыны — 9%, Францыі — 8%, Канады — 7% і Аўстраліі — 6%.
Шатляндыя ўвогуле ўяўляецца як чысты несапсаваны край з прыгожымі краявідамі, якія маюць доўгую і грунтоўную гісторыю і спалучаныя з тысячамі гістарычных месцаў і прывабаў. Гэта ўключае старадаўнія каменныя колы, стаячыя камяні і пахавальныя пакоі, разнастайныя рэшткі з Каменнага, Бронзавага і Жалезнага вякоў. Таксама ёсьць шмат старажытных замкаў, хатаў, палёў бітваў, руінаў і музэяў. Мноства людзей вабіць культура Шатляндыі.
Гарады Эдынбург і Глазга становяцца ўсё большай касмапалітычнай альтэрнатывай да пэрыфэрыі. Турысты прыяжджаюць увесь год, але галоўным турысцкім сэзонам зьяўляецца пэрыяд з красавіка па кастрычнік уключна. У дадатак да гэтых чыньнікаў, Нацыянальнае турысцкае агенцтва «VisitScotland» («Наведай Шатляндыю») разгарнула стратэгію нізкавага маркетынгу, які накіраваны на выкарыстаньне, апрача іншага, моц Шатляндыі ў гольфавым, рыбацкім і харчовым і пітным турызьме. Іншым папулярным чыньнікам наведваньня Шатляндыі, асабліва з Паўночнае Амэрыкі, зьяўляецца генэалёгія, шмат турыстаў прыяжджае, каб дасьледаваць карані сям’і і продкаў. Сярод папулярных галінаў турызму ў Шатляндыі адзначаецца таксама наведваньне мясьцінаў, зьвязаных зь вядомымі літаратурнымі творамі шатляндзкіх пісьменьнікаў.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шатляндыя злучаная з астатнім Аб’яднаным Каралеўствам дарогамі, чыгункай і паветранымі шляхамі. Аэрапорты ў Эдынбургу, Глазга, Прэстўіку і Абэрдыне служаць галоўным міжнароднымі брамамі ў Шатляндыю. Сетка маршрутаў стала пашыраецца. Краіна добра зьвязаная паветранымі шляхамі з Эўропай, зьдзяйсьняюцца штодзённыя рэйсы ў шэраг эўрапейскіх гарадоў, такіх як Парыж, Бэрлін, Рым, Барсэлёна, Дублін і Стакгольм. Таксама дзейнічаюць простыя пералёты ў Паўночную Амэрыку (Нью-Ёрк, Бостан, Філадэлфія, Таронта, Ванкувэр і Калгары).
Рэгіён таксама зьвязаная з мацерыковай Эўропай паромамі, якія выходзяць штодня з Росыту ў раёне Файф да бэльгійскага порту Бруге. Паромы таксама злучаюць Шатляндыю з Паўночнай Ірляндыяй, ходзячы паміж Странраэрам і Бэлфастам, Кэйрнрыянам, Ларнам.
Месцы для наведваньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эдынбург зьяўляецца сталіцай і шырока вядомы як адзін з найпрыгажэйшых гарадоў у Эўропе. Старое і Новае Месты гораду ўваходзяць у сьпіс аб’ектаў сусьветнае спадчыны ЮНЭСКА. Эдынбург зьяўляецца самым вялікім месцам наведваньня ў Шатляндыі й займае другое месца ў Аб’яднаным Каралеўстве пасьля Лёндану. Галоўныя прывабы гораду ўключаюць замак, палац Галірудгаўз, комплекс «Our Dynamic Earth» («Наша дынамічная зямля») і Каралеўскую Мілю. Ёсьць тры ўнівэрсытэты, уключаючы Ўнівэрсытэт Эдынбургу, які быў заснаваны ў 1583 годзе.
Глазга — гэта самы вялікі горад у краіне, і другі паводле велічыні месца наведваньня. Ягоныя прывабы ўключаюць калекцыю Burrell, касьцёл, навуковы цэнтар і музэй Кэлвінгроўв. У дадатак, шмат турыстаў прыяжджаюць у Глазга дзеля знакамітае гатычнае і віктарыянскае архітэктуры, як і дзеля пакупак. У горадзе тры ўнівэрсытэты, улучаючы ўнівэрсытэт Глазга.
Стырлінг вядомы як гістарычнае мястэчка ў цэнтральнае Шатляндыі, блізу 30 міляў на паўночны захад ад Эдынбургу, і як «брама ў Гайлэнд», праз сваё геаграфічнае знаходжаньне паміж высокімі і дольнымі землямі Шатляндыі. Сярод прывабаў вылучаюцца замак і манумэнт Нэйшнл-Ўолэс.
Абэрдын знакаміты як «Гранітны горад» і сваёй гатычнай архітэктурай. Насельніцтва складае каля 210 000 чалавек, горад служыць галоўным адміністрацыйным цэнтрам для паўночнага ўсходу Шатляндыі. Са сваім вялікім партом і гаваньню, Абэрдын служыць пунктам адпраўкі для шматлікіх паромаў, што злучаюць брытанскую Шатляндыю з паўночнымі абтокамі Оркні і Шэтланд. У Абэрдыне ёсьць два ўнівэрсытэты і вялікае студэнцкае насельніцтва.
Сэнт-Эндрус зьяўляецца маленькім мястэчкам у паўночна-ўсходнім Файфе. Эканоміка засяроджаная вакол індустрыі гольфу, бо мястэчка зьяўляецца радзімай сучаснае гульні. Унівэрсытэт Сьв. Андрэя (найстарэйшы ў Шатляндыі) мае каледжы, што раскіданыя па мястэчку.
Пэрт — гэта маленькае, але гістарычнае мястэчка на ўсходнім узьбярэжжы, якое стаіць на рацэ Тэй. Пэрт вядомы багатымі паркамі. Паблізу знаходзіцца вёска Скон, старажытная сталіца Шатляндыі і былая радзіма шатляндзкіх каралёў.
Інвэрнэс зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам Гайлэнду, знаходзіцца блізка да возера Лох-Нэс і служыць транспартным вузлом для большасьці Высокіх зямель. Гэта папулярнае месца наведваньня для турыстаў, якім жадаюць дасьледаваць поўнач Шатляндыі. Акрамя гэтага, лічыцца неафіцыйным цэнтрам гэльскамоўнае культуры Шатляндыі, у горадзе сканцэнтраваныя грамадзкія й паўурадавыя арганізацыі па разьвіцьці й прасоўваньні гэльскае мовы.
Іншыя папулярныя сярод турыстаў мясьціны ўключаюць Гайлэнд і Гебрыды (у прыватнасьці, востраў Скай). У Шатляндыі можна добра папаляваць, асабліва пасьпяховыя аблавы на аленяў і стральба па цецеруках.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1996 годзе рашэньнем Парлямэнту Вялікабрытаніі Шатляндыя была падзеленая на 32 дарадчыя акругі.
Тэрыторыя Шатляндыі ўключае ў сябе паўночную траціну востраву Вялікабрытанія і прылеглыя астравы — Гебрыдзкія, Аркнэйскія і Шэтляндзкія. Працягласьць берагавой лініі Шатляндыі — 9911 км. На поўдні мяжуе з Ангельшчынай. Працягласьць мяжы ад ракі Тўід на захадзе да затокі Салўэй-Фэрт на ўсходзе — каля 96 км. У 30 км на паўднёвы ўсход ад узьбярэжжа разьмешчаны востраў Ірляндыя, у 400 км на паўночны ўсход — Нарвэгія, на поўнач ад Шатляндыі ляжаць Фарэрскія астравы (Данія) і Ісьляндыя. Усходні бераг Шатляндыі абмывае Атлянтычны акіян, заходні — Паўночнае мора.
Асноўная тэрыторыя складаецца з трох галоўных геаграфічных і геалягічных зонаў. Два буйныя масівы — Паўднёвая ўзгорыстасьць (Southern upland) на поўдні і Гайлэнд (Highlands) на поўначы — падзеленыя нізінаю Лаўлэнд (Lowlands), дзе жыве дзьве траціны насельніцтва Шатляндыі.
Клімат умераны акіянічны. Дзякуючы цёплай атлянтычнай плыні Гальфстрым тэмпэратуры ў Шатляндыі вышэй, чым у краінах, якія месьцяцца на той жа паралелі, але ніжэй, чым у іншых рэгіёнах Вялікабрытаніі. З-за нераўнамернага рэльефу паверхні надвор’е адрозьніваецца крайняй няўстойлівасьцю. У самыя халодныя месяцы году — студзень і люты — сярэдні тэмпэратурны максымум складае 5 — 7 °C. У самыя цёплыя месяцы — ліпень і жнівень — 19 °C. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў вагаецца ад 3000 мм на поўначы да 800 мм на поўдні. Для рэгіёну характэрны паўднёва-заходні вецер, частыя штормы на ўзьбярэжжа і астравох.
Бэн-Нэвіс (1343 м) зьяўляецца найвышэйшай гарой у Аб’яднаным Каралеўстве, але ёсьць шмат іншых выбітных гор у Шатляндыі, хаця паводле міжнародных стандартаў усе горы адносна малыя. Гара Кўілін на абтоку Скай прапануе колькі няпростых схілаў, такіх як Недасягальная вяршыня.
У Шатляндыі шмат лохаў (азёраў), уключаючы Ламонд і Нэс, які мяркуецца некаторымі як дом лахнэскага монстра. Таксама шмат рэк, добрых для рыбалоўства (Тэй — 188 км, Тўід, Дон, Ды).
Найвышэйшыя горы:
- Бэн-Нэвіс (Ben Nevis) — (1343 м)
- Бэн Макдуі (Ben Macdhui) — (1309 м)
- Брэрыяк (Braeriach) — (1296 м)
- Карнтаўл (Cairntoul) — (1293 м)
- Карнгарм (Cairngorm) — (1245 м)
- Бэн Лаўэрс (Ben Lawers) — (1214 м)
Найдаўжэйшыя рэкі:
- Тэй (Tay) — (188 км)
- Спэй (Spey) — (177 км)
- Клайд (Clyde) — (170 км)
- Тўід (Tweed) — (154 км)
- Дзі (Dee) — (154 км)
- Дон (Don) — (132 км)
- Форт (Forth) — (106 км)
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Насельніцтва краіны складае ўсяго 12% ад насельніцтва Вялікабрытаніі, акрамя таго, паступова меншае, што выклікае сур’ёзную турботу. Зьмяншэньне насельніцтва зьвязанае, у першую чаргу, з адміраньнем традыцыйных галінаў прамысловасьці, такіх як суднабудаваньне і рыбалоўства, і вельмі абмежаванымі інвэстыцыямі ў новы высокатэхналягічны сэктар. Такім чынам, траціна тэрыторыі краіны фактычна пакутуе на бязьлюдзьдзе, што спрыяе разьвіцьцю турызму і падарожжаў, але зусім не стымулюе разьвіцьцё эканомікі рэгіёну, якая засяроджаная ў чатырох буйных гарадох — Эдынбургу, Глазга, Абэрдыне і Дандзі.
Асноўнымі галінамі шатляндзкай эканомікі зьяўляюцца электронная прамысловасьць (каля паловы ўсяго таварнага экспарту), марская здабыча нафты і газу, вытворчасьць віскі, турызм, лясная прамысловасьць і рыбалоўства.
Добра разьвітая фінансавая сфэра, чатыры шатляндзкія клірынгавыя банкі маюць права выпускаць у зварот уласныя банкноты, што часьцяком выклікае непакой у ангельскіх гандляроў.
Віскі вырабляюць у Шатляндыі каля 90 фірмаў, экспартуючы прадукцыі на 1,3 більёны фунтаў стэрлінгаў. Падатковыя палёгкі ды іншыя формы фінансавай падтрымкі рэгіёнаў павялічыліся ад 12 млн фунтаў у 1960 годзе да 500 млн фунтаў у 1979 годзе. Затым, з прыходам да ўлады Маргарэт Тэтчэр, рэгіянальнае інвэставаньне рэзка скарацілася з адначасовым павелічэньнем аб’ёмаў пэўных адрасных інвэстыцыяў.
У структуры эканомікі Шатляндыі варта заўважыць, што дзель дзяржаўнага сэктару ў ёй большая ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі Вялікабрытаніі. Шатляндыя мае разьвітую абаронную прамысловасьць. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады істотна скарацілася вытворчасьць тэкстылю, аўтамабіляў, віскі, здабыча вугольля і суднабудаваньне, значны рост атрымалі электронная прамысловасьць, у тым ліку вытворчасьць кампутарнае тэхнікі і нафтаздабыча. Замежныя інвэстыцыі ў эканоміку Шатляндыі складаюць 17% ад агульнага аб’ёму замежных інвэстыцыяў Вялікабрытаніі. У той жа час вялікай праблемай Шатляндыі зьяўляецца беспрацоўе, якое стала павялічваецца асабліва сярод мужчынскага насельніцтва. Галоўнымі органамі кіраваньня эканамічнага разьвіцьця Шатляндыі зьяўляецца цэнтральны ўрад, а менавіта шатляндзкае аддзяленьне (Scottish Office), якое ўключае ў сябе два аддзелы, якія займаюцца разьвіцьцём: адзін — па Шатляндыі, другі — па рэгіёне Гайлэнду й астравоў (Highlands & Islands).
Вялізнае значэньне для разьвіцьця эканомікі Шатляндыі мае прыцягненьне прамых замежных інвэстыцыяў (FDI). З 1996—1997 гадоў Шатляндыя прыцягнула 86 праектаў з плянаваным аб’ёмам інвэстыцыяў роўным 3121,6 млн фунтаў стэрлінгаў, было створана амаль 15 тысячаў новых працоўных месцаў. Унутранае стымуляваньне інвэстыцыйнай дзейнасьці ў Шатляндыі ажыцьцяўляецца праз агенцтва LIS («Разьмяшчэньне на тэрыторыі Шатляндыі»). Асноўнай задачай LIS зьяўляецца максымізацыя прытоку інвэстыцыяў, стварэньне новых працоўных месцаў сродкамі маркетынгу, кансультацыяў і дапамогі патэнцыйным фундатарам, пастаўкі найбольш пэрспэктыўных мэтавых пакетаў, абароны фундатараў.
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле вынікаў перапісу 2011 году, насельніцтва Шатляндыі складала 5 246 000 чал.[2] Калі б Шатляндыя была незалежнай дзяржавай, яна займала бы 114 месца па колькасьці насельніцтва ў сьвеце.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальная царква Шатляндыі — царква Шатляндыі, арганізаваная па прэсьбітэрыянскім тыпе.
Рэлігія | Дзель насельніцтва |
---|---|
Царква Шатляндыі | 42% |
Атэісты | 28% |
Каталіцкая царква | 16% |
Іншыя хрысціянскія цэрквы | 7% |
Не адказалі | 5% |
Іслам | 0,8% |
Будызм | 0,1% |
Сыкхізм | 0,1% |
Юдаізм | 0,1% |
Індуізм | 0,1% |
Іншыя рэлігіі | 0,5% |
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цяперашні час у Вялікабрытаніі няма афіцыйна прынятай дзяржаўнай мовы, аднак на тэрыторыі Шатляндыі выкарыстоўваюцца тры мовы — ангельская (якая дэ-факта зьяўляецца галоўнай), шатляндзка-гэльская і ангельска-шатляндзкая (шатляндзкая германская). Шатляндзка-гэльская і ангельска-шатляндзкая мовы былі афіцыйна прызнаныя ў 1992 годзе Эўрапейскай Хартыяй рэгіянальных моваў і моваў меншасьцяў, якую ў 2001 годзе ратыфікавала Вялікабрытанія. На цяперашні час гэльская шатляндзкая мова перажывае пэрыяд шырокай увагі з боку ўраду рэгіёну й існаваньня вялікае колькасьці грамадзкіх арганізацыяў, разьвіваюцца разнастайныя віды СМІ на гэтай мове, у тым ліку й дзяржаўныя (напрыклад, служба BBC Alba). Шатляндзкая германская мова мае значна меншую прастору карыстаньня, у асноўным у сувязі з блізкай роднасьцю з ангельскай мовай, праз што традыцыйна часта лічыцца адной з формаў ангельскае мовы.
Найраней з сучасных моваў Шатляндыі ў краіну была прынесеная старажытнаірляндзкая (раньняе Сярэднявечча), якая прыкладна з ХІІ стагодзьдзя вылучаецца ў асобную гэльскую шатляндзкую мову й разам з распаўсюджваньнем панаваньня гэлаў у краіне становіцца галоўнай мовай Шатляндыі. Прыкладна з гэтага ж пэрыяду краіна зазнае ўварваньні вікінгаў, чыя мова здолела асталявацца толькі на Шэтландзкіх ды Аркнэйскіх астравох, дзе існавала не пазьней як да XVIII ст. З пачатку другога тысячагодзьдзя н.э. на паўднёвы ўсход Шатляндыі перасяляюцца германскія плямёны, гаворкі якіх у будучыні разьвіліся ў шатляндзкую германскую (англа-шатляндзкую мову), з ХІІІ ст. гэтая мова становіцца моваю кіроўчае клясы Шатляндыі й дзякуючы ўрбанізацыі й культурнаму прэстыжу становіцца асноўнай мовай Лаўлэнду. З XVI стагодзьдзя дзякуючы культурнаму ўплыву Ангельшчыны пранікае ангельская мова, якая ўжо па аб’яднаньні Шатляндыі з Ангельшчынай становіцца пануючай мовай краіны. Ад гэтага часу ангельская мова асабліва моцна аказвае ўплыў на Гайлэнд і Гебрыдзкія астравы — рэгіён, дзе моваю большасьці насельніцтва працягвала заставацца гэльская шатляндзкая, якая ўрэшце напачатку ХХ ст. была амаль поўнасьцю выцесьненая з Гайлэнду, на цяперашні час носьбіты гэльскае шатляндзкае мовы застаюцца ў якасьці большасьці выключна на Гебрыдзкіх астравох.
Зыходзячы з гістарычных акалічнасьцяў, шатляндцы здаўна зьяўляюцца шматмоўным этнасам, які мае багатую шматмоўную літаратуру. Шатляндзкая германская мова, аналягічна зь іншымі мовамі Заходняй Эўропы, зьведала асаблівы ўздым і росквіт літаратуры ў пэрыяд незалежнае Шатляндыі, у той час як гэльская шатляндзкая мова з гістарычных прычынаў мела пэрыяд росквіту толькі ў позьнім Сярэднявеччы, падчас якога на мове ўзьнікнуў багаты народны фальклёр, раней — корпус арыгінальных твораў. Распаўсюджваньне ангельскае мовы ў Шатляндыі стварыла катэгорыю ангельскамоўных пісьменьнікаў краіны, якія дзякуючы пашырэньню ангельскае мовы як міжнароднае мовы сьвету маюць сусьветную вядомасьць. Сярод сучасных пісьменьнікаў адзначаюцца таксама аўтары, якія маюць паходжаньне зь іншых частак Вялікабрытаніі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шатляндзкая літаратура мае багатую гісторыю. Клясыкай свайго жанру зьяўляюцца творы Робэрта Бэрнза і Ўолтэра Скота, Робэрта Люіса Стывэнсана і Джэймса Гога.
Кланы і тартаны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гаворачы аб традыцыях Шатляндыі, трэба адзначыць самую галоўную — клан. Клан у Шатляндыі перакладаецца як «дзеці» альбо «нашчадкі». Гэта — гурт сем’яў, якія носяць адно прозьвішча і маюць агульнага продка (напрыклад, Друман). Да 1745 году шатляндзкія кланы кіраваліся чыфтэйнамі (chieftains), якія зьяўляліся старэйшымы сябрамі клану, тэарэтычна, тым, які мае найвышэйшую ступень сваяцтва з агульным продкам. Кланавая сыстэма мае распаўсюджваньне ў Гайлэндзе й на астравох на захад ад Шатляндыі, якія ў адрозьненьне ад германізаванага й урбанізаванага Лаўлэнду даўжэй захоўвалі традыцыйную культуру й мелі пэўную аўтаномію ад шатляндзкіх манархаў. Выступы кланаў супраць манархаў Шатляндыі і, пазьней, Вялікабрытаніі, пацягнулі за сабою распад кланавае сыстэмы і, у тым ліку, забарону на нашэньне традыцыйнага ўзору вопраткі (тартан), які меў кожны з кланаў.
Цікава, што ў Шатляндыі, дзякуючы сыстэме кланаў, у грамадзтве былі мацнейшымі сацыяльныя адрозьненьні паміж рознымі кланамі, чым паміж рознымі грамадзкімі клясамі. Варта зазначыць, што сыстэма кланаў папулярная дагэтуль. У Шатляндыі кланавая прыналежнасьць вызначалася паводле строю, асабліва мужчынскага кілту. Расфарбоўка спадніцы павінная быць пэўнай — у адпаведнасьці з тартанам. Кожны клан мае легендарнага прабацьку (якім зьяўляўся даводца, які браў пад апеку клан падчас нападаў скандынаваў), тэрытарыяльную прывязанасьць і прозьвішча, пры гэтым роднасныя сувязі неабавязковыя.
Тартан зьяўляецца ваўнянай матэрыяй з узорам лініяў рознай шырыні і розных колераў, якія перасякаюць адно аднаго пад пэўнымі кутамі.
Маецца шмат розных тартанаў, кожны зь якіх зьвязаны з пэўным шатляндзкім кланам. Кожны клан у Высокіх землях мае пэўны, зьвязаны зь ім колер і правераны ўзор, які сябры клану носяць на кілтах і пледах. Апрануць чужыя колеры зьяўляецца сацыяльным парушэньнем (gaffe) і гэта таксама недапушчальна. За гэтым назірае адказная асоба, галоўны герольд, захавальнік гербаў і старшынства кланаў. У ягоныя абавязкі ўваходзіць сачыць за тым, каб ніхто не прысвоіў сабе недазволеныя тытулы, чужыя тартаны, не завёў на дудзе (bag-pipe) падчас цырыманіяльнага маршу мэлёдыю іншага клану. З усіх канцоў сьвету прыходзяць да яго запыты адносна кланавае прыналежнасьці і сымболікі. У кожнага клану маецца сваё сьвята, і ў гэты дзень усе сябры клану апранаюць свой строй.
Таксама бываюць міжнародныя сустрэчы кланаў у Эдынбургу. На сустрэчы кланаў зьяжджаюцца людзі, якія носяць адное і тое ж шатляндзкае імя. Дэлегаты такіх сустрэчаў апранаюцца ў нацыянальныя строі. На сустрэчах кланаў заўсёды прысутнічаюць дуды, адбываюцца спаборніцтвы ў кіданьні бярвеньня — кэбэру, у бегу ўгару, танцы, адным зь якіх зьяўляецца танец з падскокваньнем над скрыжаванымі шаблямі, ядуць гагіс — вэнджаны авечы страўнік, які набіты кавалкамі мяса са спэцыямі — з бульбяным пюрэ альбо пюрэ з рэпы.
Новы Год ці Hogmanay
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Улічваючы ўплыў пурытанства на шатляндзкія традыцыі, у адрозьненьне ад большасьці іншых краінаў Эўропы, на працягу доўгага пэрыяду гісторыі ў Шатляндыі зімовыя сьвяты пачыналіся не напярэдадні Калядаў. Ажно да сярэдзіны XX стагодзьдзя, банкі, офісы і фабрыкі працавалі нават 25 сьнежня. Асноўным зімовым сьвятам шатляндцаў зьяўляўся Новы Год альбо Гогманэй (Hogmanay).
Сёньня Гогманэй таксама найважнейшы дзень у шатляндзкім каляндары. Гэта ня толькі масавыя гуляньні. У гэтага сьвята, якое зьявілася ў часы нашэсьця вікінгаў, вялізныя традыцыі. Кожная хата дбайна прыбраная да звону з бліжэйшай царквы, які абвяшчае аб наступе новага году. Людзі апранаюць самыя лепшыя ўборы. Некаторыя ідуць у царкву на начную службу.
Па вуліцах рухаюцца шэсьці з паходнямі — цяпло на цэлы год выганіць злы дух з гарадоў і вёсак. Шатляндцы запальваюць у бочцы смалу і коцяць бочку па вуліцах. Гэта сымбалізуе спаленьне старога году. Пасьля гэтага дазваляюць пачацца новаму году. На працягу стагодзьдзяў у некаторых гарадох Шатляндыі 11 студзеня гэтак жа праводзяцца розныя «агністыя» сьвяты. 11 студзеня — дзень, на які выпадаў Гогманэй, паводле старога стылю (стары каляндар быў скасаваны ў 1752 годзе, але дагэтуль некаторыя сьвяты адзначаюцца паводле яго).
Калі гадзіньнік прабівае поўнач, людзі, якія сабраліся на цэнтральным пляцы гораду, бяруцца за рукі і сьпяваюць «Auld lang syne», песьню, назоў якой азначае «ў памяць мінулага». Бутэлька зь віскі ходзіць па коле, а затым час выконваць звычай «first foot» або «першы госьць» — самы старажытны звычай. Шатляндцы мяркуюць, што першы чалавек, які ўваходзіць у хату ў Новы Год прыносіць шчасьце альбо няўдачу. Вельмі добрай прыкметай лічыцца, калі першым у Новы Год у хату ўвойдзе цёмнавалосы мужчына з падарункам.
Кожны грукаецца ў хату да суседа або сябра, захапіўшы з сабою абавязковыя падарункі — соль і кавалачак вугольля. Лічыцца, што той, хто атрымаў такі навагодні падарунак у надыходзячым годзе, ня будзе адчуваць патрэбы ў ежы і паліве. Гэтак жа звычайна госьць прыносіць і бутэльку віскі. З госьцем да шатляндцаў прыходзіць дабрабыт.
У цяперашні час у Шатляндыі выпякаюць для навагодняга стала вялікі круглы пясочны торт, які ўпрыгожаны згатаваным у цукру міндалем, арэхамі, цукеркамі, цукровымі і марцыпанавымі фігуркамі. Кожны год вялізная колькасьць такіх тартоў рассылаецца шатляндцам у эміграцыі. Іх звычайна ўпрыгожваюць нацыянальныя эмблемы — верас, шатляндзкі крыж, рукі, скрыжаваныя над морам, горы і іншае. Шматлікія традыцыі Гогманэю, аднак, сышлі ў мінулае.
Нацыянальная вопратка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйна, акрамя кілту, у шатляндзкі нацыянальны строй (Highland dress) уваходзіць тўідавая куртка (tweed jacket), простыя доўгія панчохі, бэрэт і скураны споран (sporran) — гаманок, які вісіць на вузкай папружцы, што ахоплівае сьцёгны. Гэты варыянт гарнітуру носяць удзень. Для вечару маецца іншы варыянт гарнітуру — спадніца-кілт апранаецца з футравым споранам, панчохамі са сваім пэўным тартанам, тўідавай курткай і кашуляй. Шатляндзкі бэрэт (tam-o'-shanter) — гэта ваўняны капялюш без палёў з пампонам альбо пяром наверсе. Звычайна яго носяць зьлёгку ссунуўшы набок. Сваю назву бэрэт атрымаў ад імя героя вершу Робэрта Бэрнза з аднайменным назовам. Варта згадаць і такую дэталь гарнітуру як нож. Горац (Highlander) за сваёй правай панчохай павінны насіць нож, на тронку якога выграваваная кветка чартапалоху і апраўлены тапаз. Трэба зазначыць, што калі горац усоўваў нож з унутранага боку нагі, то паводле шатляндзкае традыцыі гэта азначала аб’яўленьне вайны. Мірныя людзі носяць нож заўсёды са зьнешняга боку.
Адносна такой асноўнай дэталі шатляндзкага нацыянальнага строю, як спадніца-кілт, варта зазначыць, што насілі яе раней ня ўсе шатляндцы, а толькі горцы. Кільт для некаторых горцаў і дагэтуль зьяўляецца паўсядзённай вопраткай. Да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя жыхары раўнінаў насілі нагавіцы і нават ня клецістыя. Усяго сорак зь лішнім гадоў прайшло з таго дня, калі яны завялі ў сябе горскі строй, але гэта ўжо стала традыцыяй.
Нацыянальныя сымбалі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шатляндзкі сьцяг уяўляе сабою малюнак Андрэеўскага крыжа на нябесна-сінім палотнішчы. Апостал Андрэй лічыцца апекуном Шатляндыі, паводле легенды, яго парэшткі былі перанесеныя ў VIII стагодзьдзі з Канстантынопалю ў шатляндзкі горад Сэнт-Эндрус. Малюнкі апостала, а таксама X-падобнага крыжа, на якім ён, паводле паданьня, быў укрыжаваны, служаць знакамі Шатляндыі.
- Кветка чартапалоху зьяўляецца напаўафіцыйным нацыянальным сымбалем Шатляндыі і зьмяшчаецца, у прыватнасьці, на грашовых знаках. Паводле паданьня, у XIII стагодзьдзі ўзьбярэжныя паселішчы скотаў цярпелі ад рэйдаў нарманаў. Аднойчы атрымалася пазьбегнуць нечаканага начнога нападу дзякуючы таму, што нарманы басанож зашлі ў зарасьнікі шатляндзкага чартапалоху, чым выдалі сябе.
- Тартан (кляцістая тканіна, «шкотка»), выкарыстоўваецца для вырабу кілтаў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Швэдзюк, М. Япіскапы й сьвятары польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Вялікай Брытаніі й пры Польскім войску на Захадзе (бел.) // Беларус. — Нью-Ёрк: Сьнежань 2002. — № 479.
- ^ 2011 Census Reconciliation Report — Population. Table 1a: Estimated population rolled-forward from the 2001 Census to Census Day 2011 by sex, five year age group and administrative area (анг.). General Register Office for Scotland (2013). Праверана 23 верасьня 2014 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шатляндыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў