Перайсьці да зьместу

Moria (кампутарная гульня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Moria
Здымак экрану
Здымак экрану
Здымак экрану
Дата выпуску 1983
Вэрсія 1.0
Апошняя вэрсія 5.5.2 (ліпень 1994)[1]
Жанр Roguelike
Ліцэнзія GNU General Public License
Стваральнікі
Распрацоўнікі
  • Робэрт Алан Кёнэке
  • Джымі Ўэйн Тод
Тэхнічныя дэталі
Плятформы Кросплятформавая
Рэжым Адзінаасобная гульня
Кіраваньне клявіятура
http://remarque.org/~grabiner/moria.html, https://umoria.org/ Афіцыйны сайт
Moria у Вікісховішчы

Moria (з анг. «Морыя») — кампутарная гульня-бадзяньне, заснаваная на рамане Дж. Р. Р. Толкіна «Уладар Пярсьцёнкаў». Мэтаю гульні — забіць Балрога, то бок Дурынаў праклён, які хаваецца недзе ў лёхах Морыі.

Порт «Морыі» на сыстэму Unix, названы «Umoria» (UNIX Moria), натхніў стваральнікаў гульні «Angband». Пазьней гэтыя дзьве гульні натхнілі распрацоўнікаў «Diablo» ў кампаніі «Blizzard Entertainment»[2].

Выбар пэрсанажу ў «Морыі» магчымы з наступных «расаў»: чалавек, паў-эльф, эльф, паўросьлік, гном, гоблін, паў-орк, паўтроль. Кожная раса валодае ўласным наборам базавых характарыстык і даступнасьцю «клясаў». Існуюць наступныя клясы: ваяр, маг, сьвятар, ліхвяр, бадзяга, палядын. Кожны кляс таксама валодае ўнікальным наборам характарыстык і гульнявых магчымасьцяў. Так, магі, бадзягі і ліхвяры могуць вывучаць магію; сьвятары і палядыны — малітвы; ваяры ня маюць ніякіх дадатковых здольнасьцяў.

Гульня пачынаецца ў мястэчку з шасьцю крамамі, дзе можна набыць інвэнтар для падарожжа. Пасьляспуску ў падзямельлі ўзроўні генэруюцца выпадковым чынам. Чым глыбейшы ўзровень, тым дужэйшыя монстры і лепшыя скарбы. Пры пераходзе па лесьвіцы на ніжэйшы ці вышэйшы паверх стары ўзровень заціраецца і генэруецца новы; нязьменным застаецца толькі верхні ўзровень зь местам.

Падобна да большасьці roguelike-гульняў, у «Морыі» захаваньне адбываецца толькі пры выхадзе зь яе.

Балрог (у выглядзе літары «B») знаходзіцца на найніжэйшым узроўні лёхаў. Пасьля ягонага забойства гульня сканчаецца.

Характарыстыкі пэрсанажа

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны герой валодае мноствам характарыстык. Некаторыя зь іх: стаць, маса, рост — нязьменныя цягам усяе гульні; іншыя ж (сіла, розум, кляса брані) зьмяняюцца пры іхнім прымяненьні. Мана (пункты магіі) і пункты здароўя папаўняюцца пры адпачынку ці некаторымі магічнымі сродкамі. Золата накопліваецца зьбіраньнем у лябірынтах, досьвед расьце пры выкананьні ўсялякіх дзеяньняў, найперш пры забойстве монстраў. З узрастаньнем досьведу павялічваюцца і «разнастайныя можнасьці».

Арыгінальная вэрсія была распрацаваная Робэртам Аланам Кёнэке і Джымі Ўэйнам Тодам-малодшым з унівэрсытэту Аклагомы пасьля таго, як яны захапіліся гульнёй «Rogue», але ня здолелі запусьціць яе на мінікампутары VAX-11/780.

Вэрсія 1.0 была напісаная на Паскалі пад VMS і завершаная ўлетку 1983 року. Прыкладна з 1985 крынічны код пачаў распаўсюджвацца на ўмовах ліцэнзіі, якая дазваляла распаўсюджаньне і мадыфікацыю, акрамя камэрцыйных мэтаў. Апошні выдадзены Кёнэке рэліз у 1986 або 1987 называўся «Moria 4.7». Цяпер падтрымкай праекту займаецца Дэвід Грабінэр.

Зьявілася некалькі варыянтаў «Moria» ад пасьлядоўнікаў. Джым Э. Вільсан стварыў гульню «Umoria» на мове C для UNIX і MS-DOS; пазьней «Уморыя» стала вольнай пад ліцэнзіяй GNU General Public License[3]. Ва ўнівэрсытэце Вашынгтону была распрацаваная мадыфікаваная вэрсія на «Паскалі», партаваная на «C» Стывам Кертэсам.

  1. ^ Aliza R. Panitz (1997-04-25) Roguelike Games Info and FTP Sites (FAQ) Праверана 2011-02-04 г.
  2. ^ Russ Pitts. (6 чэрвеня 2006) Secret Sauce: The Rise of Blizzard (анг.). The Escapist. — It was modified over and over until it solidified when I was in college and got hooked on an ASCII game called Moria/Angband.. Праверана 4 сакавіка 2015 г.
  3. ^ Homepage of the free-moria project

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]