Герб Германіі
Герб Германіі — афіцыйны дзяржаўны знак Федэратыўнай рэспублікі Германіі. Выява ўяўляе сабой чорнага арла з чырвонымі лапамі на залатым фоне.
Гісторыя
правіцьНа гербе Федэратыўнай Рэспублікі Германія намаляваны арол. Гэтая птушка ўслаўлялася людзьмі з найстаражытных часоў, быўшы знакам мужнасці, жыццёвай сілы і сонца. У часы Карла Вялікага чорны арол на залатым фоне быў прызнаны гербам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Праўда, з XV стагоддзя знакам імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі становіцца двухгаловы арол з адзінай каронай над двума галовамі. Пазней, у XIX стагоддзі двухгаловы арол становіцца знакам улады (гербам) Аўстра-Венгрыі, а ў часы агульнагерманскага парламента (1848 год) (Paulskirchenparlament) — гербам германскага рэйха. У гербах шматлікіх каралеўстваў, герцагстваў і графстваў акрамя арла выкарыстоўваліся іншыя знакі: ключы, крэпасці, мядзведзі, львы, кароны і шматлікае іншае. Арол як дзяржаўны знак працягвае сваю гісторыю і ў часы аб'яднанага германскага рэйха (1871—1918 г.г.), і ў часы Веймарскай рэспублікі (1918—1933 г.г.). Нацысты таксама выкарысталі выяву арла са свастыкай у кіпцюрах як дзяржаўны знак сваёй улады. Арол на гербе кайзераўскай Германіі меў карону. У рэспубліканскія часы карона як знак манархіі назаўжды знікла з германскага герба. Пасляваенная Германія пераняла выяву арла як дзяржаўны знак у Веймарскай рэспублікі.
Эскіз цяперашняга герба быў выкананы мастаком Табіасам Швабам яшчэ ў 1926 годзе. Цяперашні германскі арол мае карацейшы хвост і не так дэталёва прамаляваныя пёры. Ды і сама выява стала больш умоўнай, чым у часы Веймарскай рэспублікі. Як герб краіны арол быў уведзены Федэральным прэзідэнтам Германіі Тэадорам Хойсам 20 студзеня 1950 г. Тэкст апісання герба быў практычна без змен пераняты з апісання герба Веймарскай рэспублікі, толькі слова «рэйx» было заменена на слова «бунд».
Для выявы арла на дзяржаўных пячатках, сцягах, манетах і паштовых марках былі таксама выкарыстаныя эскізы часоў Веймарскай рэспублікі.