Апера камік
Апера́ камі́к (фр.: opéra-comique) — жанр французскага музычнага тэатра XVIII—XIX стагоддзяў, заснаваны на спалучэнні музычных нумароў і гутарковых дыялогаў. Склаўся ў сваёй класічнай форме і доўгі час практыкаваўся ў аднайменным парыжскім тэатры. У XIX стагоддзі развіваўся ў напрамку драмы (оперы Жоржа Бізэ) і аперэты (Жак Афенбах).
Французская камічная опера сярэдзіны XVIII стагоддзя адлюстроўвала перасычэнне трэцяга саслоўя класіцызаванымі героіка-міфалагічнымі операмі Ж. Б. Люлі і Ж. Рамо, якія традыцыйна ставіліся пры версальскім двары ў адпаведнасці з густамі прыдворнай арыстакратыі. Выгнаныя са сферы «высокага мастацтва» сатыра і камедыя ўвабралі ў сябе спектаклі кірмашовых тэатраў Парыжа і тэатра італьянскай камедыі.
У 1752 годзе гастролі ў Парыжы італьянскай трупы, якая прадставіла публіцы, сярод іншага, оперу-буфа Дж. Б. Пергалезі «Служанка-пані », спарадзілі вайну памфлетаў паміж прыхільнікамі старога і новага мастацтва (т. зв. вайна буфонаў , аналаг спрэчкі аб старажытных і новых сярод літаратараў). Італьянскіх камедыянтаў падтрымалі такія буйныя фігуры Асветніцтва, як Д. Дзідро, М. Грым, Ж. Ж. Русо. Апошні ў запале палемікі нават напісаў пастараль з жыцця пасрэдных сучаснікаў пад назвай «Вясковы вядзьмак» (1752). З падачы Русо ў камічную оперу праніклі элементы сентыменталізму, які толькі нарадзіўся — пейзанскія сюжэты, культ высакароднай адчувальнасці.
Часам росквіту камічнай оперы на парыжскай сцэне сталі 1750-я і 1760-я гады, калі свае сілы гэтаму жанру цалкам прысвяцілі папулярныя кампазітары як Э. Дуні , Ф. А. Філідор, П. А. Мансіньі і А. Грэтры, з якімі супрацоўнічалі лібрэтысты Ш. С. Фавар, Ж. Ф. Мармантэль і М. Ж. Седэн.
У параўнанні з італьянскімі аналагамі (опера-буфа) звяртае на сябе ўвагу разнастайнасць тэматыкі і сацыяльны падтэкст французскіх камічных опер.[1] Нямала агульнага з імі маюць і вытрыманыя ў цэлым у італьянскім стылі камічныя оперы, якімі славіўся пры венскім двары Крыстоф Вілібальд Глюк.
У пачатку XIX стагоддзя камічная опера Францыі паступова страціла свае сатырычныя абертоны. У эпоху рамантызму сюжэты опер імкнуцца да трагедыі, упадабаная тэма — звяржэнне тыраніі (т. н. «опера выратавання »). З камічнымі операмі папярэдняга стагоддзя іх збліжае толькі фармальная прыкмета — багацце гутарковых дыялогаў і арый.[2] Да найболей услаўленых узораў французскай оперы з дыялогамі прыналежаць «Фра Д’ябла» Д. Абера (1830) і «Кармэн» Ж. Бізэ (1875).
Зноскі
- ↑ Брянцева 1978.
- ↑ Статья Архівавана 26 мая 2013. у Брытанскай энцыклапедыі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Брянцева В. Н. Опера комик // Музыкальная энциклопедия / под ред. Ю. В. Келдыша. — М.: Советская энциклопедия, Советский композитор, 1978. — Т. 4.
- Ла Лоранси Л. Французская комическая опера XVIII в., пер. с франц. М., 1937.
- Гинзбург С. Л. Война буффонов и борьба за реализм во французской музыке XVIII в. Л., 1933.