Перайсці да зместу

Бельгія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каралеўства Бельгія
нідэрл.: Koninkrijk België
фр.: Royaume de Belgique
ням.: Königreich Belgien
Герб Бельгіі
Сцяг Бельгіі Герб Бельгіі
Размяшчэнне Бельгіі (цёмна-зялёны):
— у Еўропе (светла-зялёны і цёмна-шэры)
— у Еўрапейскім саюзе (светла-зялёны)
Дэвіз: «Eendracht maakt macht» нідэрл.:
«L’union fait la force» фр.:
«Einigkeit macht stark» ням.:
«Адзінства дае сілу»»
Гімн: «Брабансон»
Дата незалежнасці 1830 (абвешчана)
1839 (прызнана) (ад Нідэрландаў)
Афіцыйныя мовы нідэрландская (толькі ў Фландрыі і Бруселі), французская (толькі ў Валоніі, акрамя тэрыторыі Нямецкамоўнай супольнасці, і Бруселі), нямецкая (толькі на тэрыторыі Нямецкамоўнай супольнасці)
Сталіца Брусель
Найбуйнейшыя гарады Брусель, Антверпен, Гент, Льеж, Шарлеруа, Бругэ
Форма кіравання канстытуцыйная парламенцкая манархія
Манарх
Прэм’ер-міністр
Філіп I
Сафі Вільмес
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
139-я ў свеце
30 528 км²
6,4%
Насельніцтва
• Ацэнка (2011)
Шчыльнасць

10 431 477[1] чал. (78-я)
344 чал./км²
ВУП
  • Разам (2009)
  • На душу насельніцтва

$383,273 млрд[2]  (29-ы)
$36 415[2]
ІРЧП (2011) 0,886 (вельмі высокі) (18-ы)
Валюта Еўра [3],
Авіякампанія Да 2001 года - Sabena, з 2005 года - Brussels Airlines.
Інтэрнэт-дамен .be, .eu (як член ЕС)
Код ISO (Alpha-2) BE
Код ISO (Alpha-3) BEL
Код МАК BEL
Тэлефонны код +32
Часавыя паясы +1

Бе́льгія (нідэрл.: België [ˈbɛlɣijə], фр.: Belgique, ням.: Belgien), Карале́ўства Бе́льгія (нідэрл.: Koninkrijk België, фр.: Royaume de Belgique, ням.: Königreich Belgien) — краіна ў Паўночна-Заходняй Еўропе, член ЕС, ААН і НАТА. Плошча — 30 528 км², колькасць насельніцтва — 10,8 млн чалавек. Краіна названая па этноніме кельцкага племені — белгі. Сталіца — Брусель.

Мяжуе на поўначы з Нідэрландамі, на ўсходзе — з Германіяй, на паўднёвым усходзе — з Люксембургам і з Францыяй — на поўдні і захадзе. Абмываецца Паўночным морам на паўночным захадзе.

Форма праўлення — канстытуцыйная парламенцкая манархія, форма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ладу — федэрацыя.

Гісторыя Бельгіі

[правіць | правіць зыходнік]

Палітычная структура

[правіць | правіць зыходнік]

Бельгія — канстытуцыйная манархія (з пачатку існавання) і федэратыўная дзяржава (з 1980 года). Кіраўнік дзяржавы — Кароль, у наш час — Філіп2013). Кіраўнік Урада — Прэм’ер-міністр. Як правіла, Прэм’ер-міністрам становіцца прадстаўнік партыі, якая набрала найбольшую колькасць галасоў на парламенцкіх выбарах. Урад фармальна прызначаецца Каралём. Таксама склад Урада павінен быць зацверджаны Парламентам. Канстытуцыя патрабуе ад урада прытрымлівацца моўнага парытэту: палова міністраў павінна быць прадстаўнікамі фламандскамоўнай супольнасці, палова — франкамоўнай.

Федэральны Парламент двухпалатны. Верхняя палата — Сенат (нідэрл.: Senaat), ніжняя — Палата Народных Прадстаўнікоў (нідэрл.: Kamer van volksvertegenwoordigers). Абедзве палаты выбіраюцца прамым усеагульным галасаваннем раз у чатыры гады. Права голасу маюць усе грамадзяне краіны, якім ёсць 18 год. У Сенаце засядаюць 40 дэпутатаў, у Палаце Народных Прадстаўнікоў — 150.

Часам Бельгію называюць падвойнай федэрацыяй, бо яна падзяляецца адначасова на тры рэгіёны і тры моўныя супольнасці, тэрыторыя якіх перасякаецца. У зону адказнасці рэгіёнаў уваходзіць кіраванне мясцовай гаспадаркай, грамадскія работы (напрыклад, дарожнае будаўніцтва, пытанні экалогіі і г. д.), у зону адказнісці моўных супольнасцей — у першую чаргу пытанні, якія звязаны з культурай, у тым ліку адукацыя, навуковая дзейнасць і спорт.

Кожны рэгіён і кожная моўная супольнасць мае свой парламент і свой урад, аднак па ўзаемнай згодзе парламенты і ўрады Фландрыі і Фламандскамоўнай суполкі аб’ядналіся. Такім чынам у Бельгіі існуе шэсць урадаў і шэсць парламентаў. Федэральны Урад адказвае за каардынацыю дзеянняў астатніх пяці ўрадаў, а таксама за пытанні агульнадзяржаўнай важнасці, такія як: абарона, замежныя справы, агульнадзяржаўная эканамічная і манетарная палітыка, пенсіі, ахова здароўя.

Бельгія з’яўляецца членам Еўрасаюза з 25 сакавіка 1957 (заснавання ЕЭС), у тым ліку была ў складзе яго папярэдніка — ЕАВС. Таксама ўваходзіць у НАТА.

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

У Бельгіі паралельна існуе падвойная сістэма адміністрацыйнага падзелу:

Тэрыторыя Бельгіі дзеліцца на тры геаграфічныя раёны: прыбярэжная раўніна (нізінная Бельгія, да 100 м над узроўнем мора) на паўночным захадзе, цэнтральнае плато (сярэдняя Бельгія, 100—200 м над узроўнем мора) і Ардэнскае ўзвышша на паўднёвым усходзе (вышынная Бельгія, 200—500 м над узроўнем мора).

Нізінная Бельгія — гэта збольшага пясчаныя выдмы і польдэры. Польдэрамі завуцца нізінныя ўчасткі зямлі (не абавязкова ніжэйшыя за узровень мора), што знаходзяцца пад пагрозай затаплення і абароненыя ад паводак дамбамі, або, далей ад мора, палямі з асушальнымі каналамі. Польдэры адрозніваюцца ўрадлівасцю глебаў. Між заходнімі польдэрамі, Лісам і Шэльдай, ляжыць Фламандская нізіна, месцамі ўзгорысты раён з пясчанымі глебамі. За Фламандскай нізінай размяшчаецца геаграфічная вобласць Кемпен. Кемпенскі краявід у асноўным складаецца з іглічных лясоў, лугоў і кукурузных палёў.

Сярэдняя Бельгія — раён між Кемпенам і далінамі Самбры і Мааса. Гэта вобласць гліністых раўнінаў, якія паступова падвышаюцца пры руху ў бок Самбры і Мааса. Тут самыя ўрадлівыя глебы краіны. У сувязі з развітой урбанізацыяй гэтага раёна прыродныя краявіды рэдкія, аднак на поўдзень ад Бруселя дагэтуль захаваўся букавы лес плошчай у пяць тысяч га (нідэрл.: Zoniënwoud, фр.: Fôret de Soignes). Да сярэдняй Бельгіі належыць тэрыторыя правінцыі Эно і геаграфічнай вобласці нідэрл.: Haspengouw, фр.: La Hesbaye (поўдзень правінцыі Лімбург і поўнач правінцыі Льеж). Гэтыя ўрадлівыя землі ў асноўным занятыя раллямі і лугамі, між якімі ляжаць вялікія сельскія сядзібы.

Вышынная Бельгія адрозніваецца нізкай шчыльнасцю насельніцтва і багаццем лясоў. З-за гарыстага рэльефу сельская гаспадарка тут не развітая, затое гэты рэгіён прыцягвае шматлікіх турыстаў. Пачынаецца на поўдзень ад далінаў рэк Самбра і Маас. Адразу за далінамі гэтых рэк пачынаецца геаграфічная вобласць Кандроз (фр.: Condroz) — нізкія пагоркі вышынёй у 200—300 метраў. Да гэтай вобласці адносяцца часткі правінцый Эно, Льеж і Намюр. Далей месцяцца Ардэны — высокія пагоркі (або нават нізкія горы). Ардэны ў асноўным пакрытыя лесам, а серпантынныя дарогі звязваюць між сабой вёскі, жыхары якіх дагэтуль карыстаюцца валонскай гаворкай. Самы высокі пункт Ардэнаў (і ўсёй Бельгіі) — гара Батранж (фр.: Botrange; 694 м над узроўнем мора).

Бельгія была заснавальнікам і ўваходзіць у Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), уваходзіць у Еўрапейскі саюз, краіна стала першым членам Еўрапейскага валютнага саюза ў 1999 г.

Аснова эканомікі — сфера паслуг (перадусім транспарт і гандаль) і прамысловасць.

Вытворчасць сталі, цэменту і хімічных прадуктаў сканцэнтраваная ў даліне рэк Самбра і Маас. Найбуйнейшыя прамысловыя гарады — Монс, Шарлеруа, Намюр і Льеж. Раней у гэтым раёне таксама вялася здабыча вугалю, але ў 1980-я апошнія шахты былі зачыненыя. Цэнтр стальной прамысловасці — Льеж. Прадукцыя хімічнай прамысловасці — угнаенні, фарбавальнікі, фармацэўтычныя рэчывы, а таксама розныя пластмасы. Цэнтр нафтахімічнай прамысловасці размешчаны ў Антверпене, у Бруселі размяшчаецца штаб-кватэра буйной хімічнай і фармацэўтычнай кампаніі Solvay.

Тэкстыльная прамысловасць уключае перапрацоўку бавоўны, ільну, поўсці, сінтэтычных тканін. Адзін з важнейшых відаў прадукцыі тэкстыльнай прамысловасці — дываны і коўдры. Галоўныя цэнтры тэкстыльнай прамысловасці — Гент, Кортрэйк, Турнэ, Верв’е. Брусель, Бругэ і Мехелен вядомыя як старадаўнія цэнтры вытворчасці карунак.

Іншыя галіны прамысловасці — апрацоўка дыяментаў (перадусім у Антверпене), вытворчасць цэменту і шкла, дрэваапрацоўка, харчовая прамысловасць. Маецца некалькі аўтамабільных прадпрыемстваў.

Эканоміка моцна арыентаваная на міжнародны рынак.

Асноўныя імпартныя тавары — прадукты харчавання, машыны, неапрацаваныя дыяменты, нафта і нафтапрадукты, прадукты хімічнай прамысловасці, адзежа і тэкстыль. Асноўныя экспартныя тавары — аўтамабілі, прадукты харчавання, жалеза і сталь, апрацаваныя дыяменты, тэкстыль, пластмасы, нафтапрадукты і каляровыя металы.

У 1970—1980 гады эканамічны цэнтр краіны перамясціўся з Валоніі ў Фландрыю ў сувязі з заняпадам традыцыйных галін эканомікі Валоніі — здабычы вугалю і чорнай металургіі. У цяперашні час здабыча вугалю спыненая зусім, металургія ж застаецца важнай галінай эканомікі, хоць яе значэнне моцна зменшылася. Цяпер эканоміка Фландрыі атрымлівае больш інвестыцый. У Фландрыі вялікая ўвага надаецца прыкладным навуковым даследаванням. Узровень беспрацоўя ў Валоніі ў два разы вышэйшы, чым у Фландрыі.

Асноўная галіна энергетыкі — атамная. Маецца дзве АЭС. Адна непадалёк ад Антверпена, другая ў раёне Юі. Цяпер 75 % электраэнергіі ў краіне вырабляецца на АЭС.

Бельгія валодае развітой транспартнай сістэмай. Антверпенскі порт — другі па велічыні порт у Еўропе. Таксама добра развіты ўнутраны транспарт.

Прадукцыя сельскай гаспадаркі складае менш за 1,5 % ад ВУП, аднак такі нізкі працэнт кажа не аб слабым развіцці сельскай гаспадаркі, а аб моцным развіцці астатніх галін эканомікі. Найважнейшыя расліны — пшаніца, авёс, жыта, ячмень, цукровы бурак, бульба і лён. Жывёлагадоўля — у асноўным гадоўля буйнага рагатага быдла і свінняў. З сельскай гаспадаркай цесна звязаныя такія традыцыйныя галіны харчовай прамысловасці, як броварства і вытворчасць сыру.

Па даных на 2006 год, прыбытак на душу насельніцтва складаў $31 800. Нягледзячы на значную долю цяжкой прамысловасці ў структуры эканомікі, сфера паслуг складала 72,5 % ВУП. Сельская гаспадарка ацэньвалася толькі ў 1,4 % ВУП.

Навука і тэхніка

[правіць | правіць зыходнік]

Унёсак Бельгіі ў развіццё навукі і тэхнікі можна прасачыць на працягу ўсёй гісторыі гэтай краіны. У XVI стагоддзі ў краіне працавалі такія навукоўцы, як картограф Герард Меркатар, анатам Андрэас Везалій, траўнік Рэмберт Дадоэнс і матэматык, інжынер Сымон Стэвін.

У першай палове XVII стагоддзя валонскі метад вырабу прутковага жалеза распаўсюдзіўся ў Швецыі і выкарыстоўваўся там на працягу 260 гадоў.

Дынамічна развіваная шчыльная бельгійская чыгуначная сетка заахвоціла буйныя кампаніі, такія як La Brugeoise et Nivelles (цяпер BN аддзяленне Bombardier Transportation), развіваць адмысловыя новыя тэхналогіі. Эканамічна важная падземная здабыча вугалю падчас Вялікай Індустрыяльнай рэвалюцыі вымагала спецыялізаваных даследаванняў у галіне горнай справы.

Канец XIX стагоддзя і XX стагоддзе адзначыліся значнымі поспехамі Бельгіі ў прыкладной навуцы і ў тэарэтычных фундаментальных даследаваннях. Хімік-тэхнолаг Эрнест Гастон Сольве і інжынер Зеноб Тэафіл Грам далі свае імёны навуковым паняццям: працэсу Сольве і дынама-машыне Грама ў 1860-х. Жоржу Леметру прыпісваецца аўтарства тэорыі пашырэння Сусвету (побач з іншымі вучонымі).

Тры нобелеўскія прэміі па фізіялогіі і медыцыне прысудзілі бельгійцам: Жулю Бардэ ў 1919 г. «За адкрыцці, звязаныя з імунітэтам», Карнею Хеймансу ў 1938 г. «За адкрыццё ролі сінуснага і аартальнага механізмаў у рэгуляцыі дыхання», Альберу Клоду, Крысціяну дэ Дзюву, Джорджу Паладзе ў 1974 г. «За адкрыцці, якія тычацца структурнай і функцыянальнай арганізацыі клеткі».

Бельгійскі фізікахімік Ілья Прыгожын быў намінаваны на нобелеўскую прэмію ў 1977 годзе «За працы па тэрмадынаміцы незваротных працэсаў, асабліва за тэорыю дысіпатыўных структур».

Насельніцтва Бельгіі складае каля 10 584 534 грамадзян па даных на студзень 2007 года.

Амаль усё насельніцтва Бельгіі жыве ў гарадах — 97 % (2004 год). Бельгія адрозніваецца высокай шчыльнасцю насельніцтва (342 чалавекі на км²), саступаючы па гэтым параметры ў Еўропе толькі Нідэрландам і некаторым маленькім дзяржавам, такім як Манака. Самая высокая шчыльнасць насельніцтва па краіне назіраецца ў раёне, абмежаваным гарадамі Брусель—Антверпен—Гент—Левен (так званы «фламандскі ромб», нідэрл.: Vlaamse ruit). Самая нізкая шчыльнасць насельніцтва — у Ардэнскіх гарах (правінцыя Люксембург).

На 2006 год Фламандскі рэгіён меў колькасць насельніцтва каля 6 078 600 жыхароў з Антверпенам (457 749), Гентам (230 951) і Бругэ (117 251), як самымі густанаселенымі гарадамі.

Валонія мела колькасць насельніцтва 3 413 978 жыхароў з Шарлеруа (201 373), Льежам (185 574) і Намюрам (107 178) як самымі густанаселенымі гарадамі.

У Бруселі пражывае 1 018 804 жыхароў у 19 сталічных акруговых муніцыпалітэтах, два з якіх маюць больш за 100 000 жыхароў.

Узроставая структура насельніцтва Бельгіі

[правіць | правіць зыходнік]

— 0-14 гадоў: 16,9 % (хлопчыкі — 892,995, дзяўчынкі — 855,177);

— 15-64 гадоў: 65,7 % (мужчыны — 3,435,282, жанчыны — 3,373,917);

— 65 гадоў і старэй: 17,4 % (мужчыны — 745,178, жанчыны — 1,061,839).[6]

Сярэдні ўзрост

[правіць | правіць зыходнік]

Агульны паказчык: 50,0 гадоў.

Мужчыны: 39,6 гадоў.

Жанчыны: 42,1 гадоў (паказчыкі за 2006 г.).

Рост колькасці насельніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць насельніцтва з 2005 г. да 2006 г. вырасла на 0,13 %.

Узровень нараджальнасці ў Бельгіі складае 10,38 нараджэнняў на 1 000 грамадзян.

На 1 000 грамадзян прыходзіцца 10,27 смерцяў.

Чыстая міграцыя ў Бельгіі складае 1,22 мігранта на 1 000 жыхароў (па даных за 2006 г.).

Сярэдняя працягласць жыцця

[правіць | правіць зыходнік]

Агульны паказчык: 78,77 гадоў.

Мужчыны: 75,59 гадоў.

Жанчыны: 82,09 гадоў (па даных за 2006 г.).

Агульны паказчык плоднасці

[правіць | правіць зыходнік]

У сярэднім бельгійскія жанчыны маюць 1,64 дзіцяці (па даных за 2006 г.). Аналагічны паказчык за 1994 ацэньваўся ў 1,50 дзіцяці.

Этнічны склад насельніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Дзве галоўныя групы, што складаюць насельніцтва краіны, — фламандцы (каля 60 % насельніцтва) і валоны (каля 40 % насельніцтва). Фламандцы жывуць у пяці паўночных правінцыях і размаўляюць на нідэрландскай мове і яе шматлікіх дыялектах. Валоны жывуць у пяці паўднёвых правінцыях, што складаюць Валонію, размаўляюць на французскай, валонскай і некаторых іншых мовах.

Пасля набыцця незалежнасці Бельгія была франкаарыентаванай дзяржавай, і адзінай дзяржаўнай мовай спачатку была французская, хоць фламандцы заўсёды складалі большасць насельніцтва. Нават у Фландрыі французская доўга заставалася адзінай мовай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Пасля першай сусветнай вайны ў Бельгіі паўстаў рух за эмансіпацыю нідэрландскамоўнага насельніцтва. Вынікам яго стала так званая «моўная звадка» (нідэрл.: taalstrijd). Барацьба стала прыносіць плён у шасцідзясятых гадах XX ст. У 1963 быў прыняты пакет законаў, што рэгламентавалі выкарыстанне моў у афіцыйных установах. У 1967 г. упершыню быў зроблены афіцыйны пераклад канстытуцыі на нідэрландскую. Да 1980 г. абедзве галоўныя мовы краіны былі фактычна зраўняныя ў правах. З 1993 г. Бельгія была падзелена на акругі, якія з’яўляюцца суб’ектамі федэрацыі. Адзінай афіцыйнай мовай на тэрыторыі Фламандскай акругі з’яўляецца нідэрландская.

Нягледзячы на дасягнутыя поспехі, моўныя праблемы дагэтуль прыводзяць да эскалацыі напружанасці паміж дзвюма галоўнымі групамі насельніцтва краіны. Так, у 2005 г. праблема падзелу дзвюхмоўнай выбарчай акругі Брусель-Халле-Вільвордзе ледзь не прывяла да адстаўкі ўрада і палітычнага крызісу.

Найважнейшая нацыянальная меншасць — немцы. Іх колькасць складае прыблізна 70 000 чалавек. Месцы кампактнага пражывання немцаў (на ўсходзе Валоніі) уваходзяць у склад нямецкамоўнай супольнасці, што мае вялікую аўтаномію, перадусім у пытаннях культуры.

Найбуйнейшыя групы мігрантаў — італьянцы, выхадцы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Турцыі, Марока і іншых арабскіх краін. У Бельгіі пражывае трохі больш за 100 000 выхадцаў з былога Савецкага Саюза.[крыніца?] Самыя вялікія дыяспары чачэнцаў, армянаў, грузінаў.

Асаблівасцю культурнага жыцця з’яўляецца адсутнасць адзінага культурнага поля. Фактычна культурнае жыццё канцэнтруецца ў межах моўных супольнасцей. У Бельгіі няма агульнадзяржаўнага тэлебачання, газетаў і іншых сродкаў масавай інфармацыі. Таксама адсутнічаюць двухмоўныя ўніверсітэты (за выключэннем Каралеўскай ваеннай школы) і буйныя навуковыя або культурныя арганізацыі.

Яшчэ ў эпоху Рэнесансу Фландрыя праславілася сваім жывапісам (фламандскія прымітывы). Пазней у Фландрыі жыў і працаваў Рубенс (Антверпен дагэтуль часта завуць горадам Рубенса). Аднак да другой паловы XVII ст. фламандскае мастацтва паступова прыйшло ў заняпад. Пазней у Бельгіі развіваўся жывапіс у стылях рамантызму, экспрэсіянізму і сюррэалізму. Вядомыя бельгійскія мастакі — Джэймс Энсор (экспрэсіянізм і сюррэалізм), Канстант Пермеке (экспрэсіянізм), аднак самы вядомы мастак Бельгіі — Рэне Магрыт, які лічыцца адным з найважнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму.

Натуральна, у літаратуры падзел па моўным прынцыпе выяўляўся наймацней. Франкамоўная літаратура імкнецца да французскай традыцыі, што звязана ў прыватнасці з тым, што ў Бельгіі працавалі шматлікія французскія літаратары (напрыклад Бадлер).

Больш складаная сітуацыя з літаратурай Фландрыі. У XIX стагоддзі літаратура Фландрыі раскалолася на дзве плыні: прадстаўнікі адной пісалі па-французску, другой — пісалі па-нідэрландску. Працы прадстаўнікоў першай плыні можна назваць тыпова бельгійскай літаратурай, бо з’яўленне такой літаратуры не было б магчымым у аднамоўнай краіне.

Самы вядомы твор дадзенай групы — «Легенда аб Тылі Уленшпігелі і Ламе Гудзаку», напісаная фламандцам Шарлем дэ Кастэрам. Цяпер гэтая кніга перакладзеная на мноства моў і атрымала мянушку «Біблія Фландрыі». Аднак вялікая частка франкамоўнай фламандскай літаратуры цяпер забытая: валонам і пагатоў французам яна не цікавая, а фламандцы яе не чытаюць з-за зніжэння ўзроўню ведання французскай мовы (раней, калі французская была адзінай дзяржаўнай мовай, яе веданне было неабходным, зараз жа нідэрландская мова роўная ў правах з французскай).

Прадстаўнікі другой групы ў асноўным былі прыхільнікамі эмансіпацыі Фландрыі і часцяком былі нацыяналістамі. Самы вядомы прадстаўнік гэтай групы — паэт Гвіда Гезелле. Ён выступаў не толькі супраць французскай мовы, але і прынятага ў Нідэрландах варыянту нідэрландскай мовы. Яго вершы, напісаныя на заходнефламандскім дыялекце, не заўсёды добра зразумелыя цяперашнім фламандцам.

Некаторыя вядомыя бельгійскія паэты: Гвіда Гезеле (пісаў па-фламандску), Эміль Верхарн (фламандзец, пісаў па-французску), Морыс Метэрлінк (фламандзец, пісаў па-французску), Пол Ван Остайен (паэт-наватар, пісаў па-нідэрландску).

У Бельгіі захавалася шмат выбітных узораў архітэктуры ад раманскага стылю (XI стагоддзе) да ар-нуво (пачатак XX ст.). Самы вядомы бельгійскі архітэктар — Віктар Орта (1861—1947), адзін з выбітнейшых архітэктараў ар-нуво. Найбольш цікавыя ў архітэктурным дачыненні гарады: Бругэ, Гент, Антверпен, Брусель, Мехелен.

Бельгійская кухня

[правіць | правіць зыходнік]

Бельгійская ежа, як і сама Бельгія, уяўляе сабой сумесь германскага і лацінскага ўплываў. Бельгійцы заслужылі рэпутацыю аматараў вафляў і смажанай бульбы. Абедзве гэтыя стравы ўзніклі ў Бельгіі. Нацыянальныя стравы: смажанае мяса з салатай і смажаныя мідыі.

Брэнды бельгійскага шакаладу і шакаладных цукерак, такіх як Callebaut, Côte d’Or, Neuhaus, Leonidas, Guylian і Godiva, вядомыя за мяжою.

Бельгія — краіна невялікая. Магістральная сетка з’яўляецца адной з самых шчыльных у свеце (параўнальная з Лос-Анджэлесам).

У Бельгіі заахвочваецца выкарыстанне цягнікоў, бо чыгунка з’яўляецца разгалінаванай і эфектыўнай.

Марскія парты:

  • Антверпен (адзін з самых вялікіх партоў свету);
  • Бругэ — адзін з найбуйнейшых партоў Еўропы;
  • Гент;
  • Астэндэ.

Унутраныя парты:

  • Брусель;
  • Льеж.

Узброеныя сілы створаныя ў 1830 г. Цяпер іх асабовы склад налічвае каля 41 000 чалавек. Прызыўны ўзрост — 16 гадоў (2005 год). Бюджэт Узброеных сіл — 2,7 мільярды еўра. Утрыманне складае 1,3 % ад ВУП.

Міжнародныя адносіны

[правіць | правіць зыходнік]

25 ліпеня 1921 года — стварэнне Бельгійска-Люксембургскага эканамічнага саюза. Дамова аб стварэнні Мытнага саюза Бенілюкс была падпісана 5 верасня 1944 года ўрадамі трох краін у выгнанні ў Лондане і ўступіла ў сілу ў 1948 годзе. Саюз праіснаваў да 1 лістапада 1960 года, калі ён быў заменены Эканамічным саюзам Бенілюкс на падставе дагавора, падпісанага ў Гаазе 3 лютага 1958.

4 красавіка 1949 года Бельгія ўступіла як краіна-заснавальнік у НАТА з штаб-кватэрай у Бруселі. 18 красавіка 1951 года Бельгія разам з пяццю еўрапейскімі краінамі падпісала Дамову аб стварэнні Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі.

У 1957 г. шэсць дзяржаў, уключна з Бельгіяй, заснавалі Еўрапейскую эканамічную супольнасць (ЕЭС, Агульны рынак), якая ў 1993 годзе была афіцыйна пераназваная ў Еўрапейскую супольнасць, і Еўрапейскую супольнасць па атамнай энергіі.

Шэнгенскі дагавор першапачаткова быў падпісаны 14 чэрвеня 1985 года пяццю еўрапейскімі дзяржавамі (Бельгіяй, Нідэрландамі, Люксембургам, Францыяй, Германіяй) і ўступіў у сілу 26 сакавіка 1995.

Штаб-кватэра Еўрапейскай камісіі знаходзіцца ў Бруселі. Еўрапарламент праводзіць пленарныя пасяджэнні ў Страсбургу і Бруселі. Эканамічны і сацыяльны камітэт, кансультацыйны орган ЕС, збіраецца раз на месяц у Бруселі. Пленарныя сесіі Камітэту Рэгіёнаў ЕС праходзяць у Бруселі 5 разоў на год.

Адносіны з Беларуссю

[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 10 сакавіка 1992 года[5].

  • Беларусь-Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. «круглага стала». Мінск, 18-19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «кБеларускі кнігазбор», 2002. — 240 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).
Афіцыйныя сайты
Турызм