Перайсці да зместу

Вайна за незалежнасць Грэцыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вайна за незалежнасць Грэцыі
Мітрапаліт Германас дабраслаўляе сцяг паўстанцаў у манастыры Агія-Лаўра, Тэадорас Урызакіс
Мітрапаліт Германас дабраслаўляе сцяг паўстанцаў у манастыры Агія-Лаўра, Тэадорас Урызакіс
Дата 25 сакавіка 1921 — 12 верасня 1929
Месца Балканы, Эгейскае мора
Вынік Перамога саюзнікаў;
Атрыманне Грэцыяй незалежнасці
Праціўнікі
Грэчаскія рэвалюцыянеры (1821)
Першая Грэчаская рэспубліка (з 1822)

Падтрымка:

Сцяг Расійскай імперыі Расійская імперыя
Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія
Каралеўства Францыя

Асманская імперыя
Егіпецкі эялет
Туніскі бейлік
Асманскі Алжыр
Асманская трыпалітанія
Камандуючыя
Палітыкі:
Філікі Этэрыя
Аляксандрас Маўракардатас
Іаан Кападыстрыя (з 1828 года)
Ваенныя:
Тэадорас Калакатроніс
Аляксандр Іпсіланці
Дзмітрый Іпсіланці
Георгіас Караіскакіс
Рычард Чорч
Томас Кокрэн
Андрэас Міяуліс
Канстантынас Канарыс
Маркас Бацарыс
Чцяг Асманскай імперыі Султан Махмуд II
Мухамед Алі Егіпецкі
Чцяг Асманскай імперыі Амер Врыёні
Чцяг Асманскай імперыі Махмуд Драмалі-паша
Чцяг Асманскай імперыі Хуршыд Ахмед-паша
Чцяг Асманскай імперыі Каджа Хюсрэў Мехмед-паша
Чцяг Асманскай імперыі Рэсід Мехмед-паша
Ібрагім-паша Егіпецкі
Сілы бакоў
невядома невядома
Страты
каля 25000 каля 20000
Агульныя страты
Грамадзянскія асобы: паводле ацэнак дасягнула 105000.
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя Грэцыі

Дагістарычная Грэцыя
(да XXX ст. да н. э.)
Эгейская культура
(XXX—XII да н. э.)
Заходнеанаталійская цывілізацыя
Мінойская цывілізацыя
Кікладская культура
Эладская цывілізацыя
Мікенская цывілізацыя
Старажытная Грэцыя
(XI — 146 да н. э.)
Цёмныя стагоддзі (XI—IX)
Архаічны перыяд (VIII—VI)
Класічны перыяд (V—IV)
Эліністычны перыяд (IV — 146)
Грэцыя ў складзе Рымскай дзяржавы
Рымская Грэцыя (146 да н. э. — 330 н. э.)
Сярэднявечча і Новы час
(330—1832)
Візантыйская Грэцыя (330—1453)
Франкакратыя (1204—1458)
Асманская Грэцыя (1458—1832)
Сучасная Грэцыя
(пасля 1821)
Вайна за незалежнасць (1821—1832)
Каралеўства (1832—1924)
Другая Рэспубліка (1924—1935)
Рэжым 4 жніўня (1936—1941)
Другая сусветная вайна (1941—1944)
Грамадзянская вайна (1944—1949)
Пасляваенны час (1950—1967)
Рэжым палкоўнікаў (1967—1974)
Трэцяя Рэспубліка (з 1974)
Тэматычныя артыкулы
Ваенная гісторыя
Грэчаскія імёны
Грэчаская мова
Грэчаская літаратура

Вайна за незалежнасць Грэцыі, таксама вядомая як Грэчаская рэвалюцыя (грэч. Ελληνική Επανάσταση, асм.: يونان عصياني Грэчаскае паўстанне) — паспяховая вайна за незалежнасць, якую вялі грэчаскія рэвалюцыянеры супраць Асманскай імперыі з 1821 года да 1832 года. Пазней грэкаў падтрымалі Расійская імперыя, Вялікабрытанія, Францыя Бурбонаў і некалькі іншых еўрапейскіх дзяржаў, а асманам дапамагалі іх васалы — Егіпецкі, Алжырскі і Трыпалітанскі эялеты і Туніскі бейлік.

Яшчэ за некалькі дзесяцігоддзяў да падзення Канстанцінопаля ў 1453 годзе большая частка Грэцыі апынулася пад уладай Асманскай імперыі. Пасля гэтага грэкі рабілі некалькі беспаспяховых спробаў паўстанняў, каб атрымаць незалежнасць ад асманскага кантролю. У 1814 годзе была заснавана таемная арганізацыя «Філікі Этэрыя» з мэтай вызввалення Грэцыі. Таварыства планавала запусціць бунты на Пелапанесе, у Дунайскіх княствах, а таксама ў Канстанцінопалі і прылеглых да яго раёнах. Першае паўстанне ўспыхнула 6 сакавіка 1821 года ў Дунайскіх княствах, але хутка было задушана асманамі. Падзеі на поўначы заклікалі да дзеянняў грэкаў на Пелапанесе, і 17 сакавіка 1821 года маніёты абвясцілі вайну Асманскай імперыі. Гэтая дэкларацыя стала пачаткам вясны рэвалюцыйных дзеянняў з боку іншых кантраляваных земляў супраць імперыі.

Да канца месяца Пелапанес адкрыта паўстаў супраць туркаў і да кастрычніка 1821 года грэкі на чале з Тэадорасам Калакатронісам захапілі Трыполіцу. За Пелапанескім паўстаннем рушылі ўслед мецяжы на Крыце, у Македоніі і Цэнтральнай Грэцыі, якія былі задушаны войскамі імперыі ў хуткім часе. У гэты час новаўтвораны грэчаскі флот дамогся поспехаў у змаганні супраць асманскага флота ў Эгейскім моры з мэтай прадухілення асманскіх падмацаванняў з мора.

Неўзабаве сярод розных грэчаскіх фракцый з’явілася напружанасць, якая прывяла да дзвюх паслядоўных грамадзянскіх войнаў. У той жа час асманскі султан вёў перамовы з Мухамедам Алі Егіпецкім, які пагадзіўся адправіць свайго сына Ібрагіма Пашу ў Грэцыю з войскам для задушэння паўстання ў абмен на тэрытарыяльныя выгады. Ібрагім прыбыў на Пелапанес у лютым 1825 года і ўжо да канца года большая частка паўвострава знаходзілася пад кантролем егіпецкіх войскаў, а горад Месалангіён, які знаходзіўся пад асманскай аблогай з красавіка 1985 года, паў у красавіку 1826 года. Нягледзячы на тое, што войскі Ібрагіма былі разбіты на Мані, яму ўдалося падавіць большую частку паўстання на Пелапанесе і ў Афінах.

Пасля некалькіх гадоў перамоваў тры вялікія дзяржавы, Расійская імперыя, Вялікабрытанія і Францыя, вырашылі ўмяшацца ў канфлікт, паслаўшы ў Грэцыю саюзны флот. Каля горада Наварына (цяп. Пілас) ён перахапіў аб’яднаны асманска-егіпецкі флот, які збіраўся атакаваць грэчаскі востраў Ідра. Пасля тыднёвага супрацьстаяння бітва скончылася разбурэннем асманска-егіпецкага флота. Пры дапамозе французскага экспедыцыйнага атрада да 1828 года грэкі выбілі асманаў з Пелапанеса і цэнтральнай Грэцыі. У выніку шматгадовых перамоваў Грэцыю прызналі незалежнай дзяржавай Канстанцінопальскім пагадненнем 1932 года.

Пачатак паўстання 25 сакавіка цяпер святкуецца ў краіне як нацыянальнае свята — дзень незалежнасці Грэцыі.

Асманскае кіраванне

[правіць | правіць зыходнік]
Махмуд Драмалі-паша, які павінен быў задушыць Грэчаскую вайну за незалежнасць.

Падзенне Канстанцінопаля 29 мая 1453 года і наступнае падзенне дзяржаў-пераемніц Візантыйскай імперыі паклала канец візантыйскаму суверэнітэту. Пасля гэтага Асманская імперыя кіравала Балканамі і Анатоліяй з невялікімі выключэннямі. Праваслаўныя хрысціяне атрымалі некаторыя палітычныя правы ў Асманскай імперыі, але яны лічыліся самым нізкім класам. Большасць грэкаў называлі «раямі» туркаў, назва, якую давалі вялікай масе немусульман у асманскім кіруючым класе.

У той жа час грэчаскія інтэлектуалы і гуманісты, якія мігравалі на захад да або пасля асманскага нашэсця, такія як Дзімітрый Халкакондзіл і Леанардас Філарас, сталі заклікаць да вызвалення сваёй радзімы. Халкакондзіл заклікаў венецыян і «ўсіх лацінян» дапамагчы грэкам у барацьбе супраць «агідных, жахлівых, варварскіх туркаў». Тым не менш, грэкі заставаліся пад уладай Асманскай імперыі яшчэ некалькі стагоддзяў.

Грэчаская рэвалюцыя не была першай спробай вызвалення. На працягу ўсёй гісторыі Асманскай імперыі мелі месца шматлікія няўдалыя спробы аднаўлення грэчаскай незалежнасці. На працягу 17 стагоддзя асманы сутыкаліся з вялікім супрацівам на Марэі і ў іншых месцах, пра што сведчаць паўстанні пад кіраўніцтвам Дыянісія Філосафа. Пасля Марэйскай вайны Пелапанес на 30 гадоў трапіў пад уладу Венецыянскай рэспублікі і з таго часу там множыліся банды клефтаў.

Першым буйным паўстаннем было паўстанне Арлова 1770 года, арганізаванае з Расіі, і было задушана асманамі, але мела абмежаваны поспех. Пасля разгрому паўстання мусульмане-албанцы спустошылі шмат рэгіёнаў у мацерыковай частцы Грэцыі. Тым не менш, маніёты пастаянна супраціўляліся асманскаму валадарству і адбілі некалькі асманскіх уварванняў у рэгіён, найбольш вядомым з якіх было ўварванне 1770 года. Падчас Другой расійска-турэцкай вайны грэчаская абшчына Трыеста прафінансавала невялікі флот пад камандаваннем Лабраса Кацоніса, які чыніў непрыемнасці асманскаму флоту, а таксама адбываліся чарговыя ўздымы клефтаў і арматолаў.

У той жа час пэўная колькасць грэкаў карысталася прывілеяваным становішчам у Асманскай дзяржаве і з’яўляліся членамі асманскай бюракратыі. Грэкі кантралявалі справы Праваслаўнай царквы праз Канстанцінопальскі Патрыярхат, а вышэйшае духавенства Праваслаўнай царквы было, у асноўным, грэчаскага паходжання. Такім чынам, у выніку асманскай сістэмы мілетаў, пераважна грэчаская іерархія Патрыярхата мела кантроль над імперскімі праваслаўнымі падданымі (Рум Мілет).

Грэчаская праваслаўная царква адыгрывала ключавую ролю ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, развіцці грэчаскага грамадства і адраджэнні грэчаскага нацыяналізму. З 18 стагоддзя члены вядомых грэчаскіх сем’яў у Канстанцінопалі, вядомыя як фанарыёты (ад назвы раёна Фанар), атрымалі значны кантроль над асманскай знешняй палітыкай і над бюракратыяй у цэлым.

Клефты і арматолы

[правіць | правіць зыходнік]
Партрэт грэчаскага арматола. Рычард Паркс Бонінгтан, 1825—1826.

У часы слабой у ваенных адносінах цэнтральнай улады ў Балканскай мясцовасці сталі распаўсюджвацца групы бандытаў, якія нападалі на мусульман і хрысціян і называліся ў Грэцыі «клефты», эквівіваленты гайдукоў. Ігнаруючы Асманскую ўладу, клефты мелі вялікую папулярнасць і займалі знчнае месца ў народных паданнях.

У адказ на атакі клефтаў асманы набіралі здольных сярод іх хрысціянскіх апалчэнцаў, вядомых як «арматолы», для забеспячэння стабільнасці ў раёнах, якія знаходзіліся пад пагрозай, асабліва ў горных перавалах. Плошча, якую яны кантралявалі называлі «арматолік», самы першы з якіх быў усталяваны ў Аграфе падчас кіравання Мурада II (1421—1451). Адрозненне паміж клефтамі і арматоламі не ўсталявана, бо апошнія часта ператвараліся ў клефтаў, каб выцягнуць больш карысці ад уладаў, а іншыя клефты прызначаліся арматоламі, каб супрацьястаяць сваім папярэднікам.

Тым не менш, клефты і арматолы сфарміравалі правінцыйную эліту, члены якой мелі агульную мэту. Паколькі пасада арматолаў часта перадавалася ў спадчыну, некаторыя з іх ставіліся да арматоліка, як да сваёй асабістай маёмасці. У іх руках была змешчана значная частка ўлады, і яны інтэграваліся ў сетку кліенцкіх адносін, сфарміраваўшы асманскія адміністрацыі. Некаторым удалося ўсталяваць выключны кантроль у сваіх арматоліках, у выніку чаго Порты некалькі разоў спрабавалі, хоць і беспаспяхова, ліквідаваць іх.

Да вайны за незалежнасць групы магутных арматолаў існавалі ў Румеліі, Фесаліі, Эпіры і паўднёвай Македоніі. Паводле рэвалюцыйнага лідара і пісьменніка Іааніса Макрыяніса, клефты і арматолы былі адзінай даступнай буйной ваеннай сілай на баку грэкаў і згулялі важную ролю ў грэчаскай рэвалюцыі, у выніку чаго ён называў іх «дрожджы свабоды».

Асветніцтва і Грэчаскі нацыянальны рух

[правіць | правіць зыходнік]
Адамантыяс Караіс.
Рыгас Ферэас.

З-за эканамічных падзей, якія адбываліся ўнутры і па-за межамі Асманскай імперыі, XVIII стагоддзе стала сведкам узыходжання і росквіту дзвюх гандлёвых груп: грэчаскія маракі з астравоў Эгейскага мора, такіх як Ідра і Андрас, сталі заможнымі марскімі гандлярамі, а паганятыя мулаў з Румеліі пераважна славянскага, грэчаскага і валашскага паходжання сталі незалежнымі купцамі і банкірамі пасля Пажарэвацкага міру. У гандлі, разгорнутым на Балканах, грэчаская мова атрымала статус «лінгва франка», і да канца стагоддзя кантынентальныя гандляры гамагенізіравалі праз працэс асіміляцыі грэчаскай «высокай культуры».

Яны назапасілі багацце, неабходнае для адкрыцця школ і бібліятэк, і маглі плаціць за тое, каб маладыя грэкі вучыліся ва ўніверсітэтах Заходняй Еўропы. Менавіта тады яны ўступілі ў кантакт з радыкальнымі ідэямі еўрапейскага Асветніцтва, Французскай рэвалюцыі і рамантычнага нацыяналізму. Адукаваныя і ўплывовыя члены вялікай грэчаскай дыяспары, такія як Адамантыяс Караіс і Антымас Газіс, спрабавалі данесці гэтыя ідэі да грэкаў з мэтамі павышэння іх адукацыйнага ўзроўню і ўмацавання іх нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта было дасягнута распаўсюджваннем кніг і брашур на грэчаскай мове — працэс, які атрымаў назву «Сучаснае грэчаскае Асветніцтва»[крыніца?].

У XVIII і XIX стагоддзях, калі нацыяналістычныя рухі ўзраслі ва ўсёй Еўропе, у тым ліку і на Балканах (дзякуючы ў значнай ступені Французскай рэвалюцыі), улада ў Асманскай імперыі аслабела, і грэчаскі нацыяналізм пачаў самасцвярджацца.

Самым уплывовым з грэчаскіх пісьменнікаў-інтэлектуалаў быў Рыгас Ферэас. Пад глыбокім уплывам Французскай рэвалюцыі Рыгас быў першым, хто падтрымаў і арганізаваў усебаковы нацыянальны рух, накіраваны на вызваленне ўсіх балканскіх народаў і стварэнне Балканскай рэспублікі. У 1797 годзе ён быў арыштаваны аўстрыйскімі афіцыйнымі асобамі ў Трыесце і перададзены асманскім чыноўнікам, якія дэпартавалі яго ў Бялград разам з саўдзельнікамі. Усе зняволеныя былі задушаныя да смерці ў чэрвені 1798 года, а іх целы былі выкінутыя ў Дунай.

Смерць Рыгаса раздзьмула полымя грэчаскага нацыяналізму. Яго нацыяналістычны верш «Thourios» (песня вайны) быў перакладзены на шэраг заходнееўрапейскіх моў Заходняй Еўропы, а пазней балканскіх моў, і стаў баявым гімнам грэкаў у барацьбе супраць Асманскай імперыі.

Іншым уплывовым грэчаскім пісьменнікам і інтэлектуалам быў Адамантыяс Караіс. Асноўнай крыніцай інтэлектуальнага натхнення Караіса было Асветніцтва, і ён запазычаў ідэі Томаса Гобса, Джона Лока і Жана-Жака Русо. У маладосці Караіс пераехаў у Парыж, каб скончыць вучобу. Ён скончыў Медыцынскую школу ў Манпелье і правёў астатак свайго жыцця ў Парыжы. Ён быў знаёмы з Томасам Джэферсанам, з якім часта меў палітычныя і філасофскія дэбаты. У Парыжы быў сведкам Французскай рэвалюцыі і дэмакратыі, да якой яна прывяла. Выдаткоўваў шмат часу каб пераканаць заможных грэкаў будаваць школы і бібліятэкі для паляпшэння грэчаскай адукацыі. Лічыў, што паглыбленне адукацыі неабходна для далейшага росквіту грэчаскага народа і краіны. Канчатковай мэтай пісьменніка была дэмакратычная Грэцыя па прыкладзе Залатога веку Перыкла, але памёр яшчэ да канца рэвалюцыі.

Такім чынам, грэкі атрымлівалі падтрымку для барацьбы супраць асманаў не толькі ад купечаскай дыяспары, але і ад філэлінаў Заходняй Еўропы. Грэчаскі рух за незалежнасць стаў не толькі першым рухам нацыянальнага характару ва Усходняй Еўропе, але і першым у нехрысціянскім асяроддзі, такім як Асманская імперыя.

Філікі Этэрыя

[правіць | правіць зыходнік]
Эмблема і вялікая клятва таварыства «Філікі Этэрыя», выразаная ў камені каля помніка ў Афінах.

Пакутніцтва Ферэаса натхніла трох маладых грэчаскіх купцоў: Нікалааса Скуфаса, Эмануіла Ксантаса і Анастасіяса Цакалава. Пад уплывам італьянскіх карбанарыяў і свайго ўласнага досведу ў ролі членаў масонскіх арганізацый у 1814 годзе яны заснавалі таемнае таварыства «Філікі Этэрыя» («Таварыства сяброў») у Адэсе, якое стала важным цэнтрам грэчаскай дыяспары. Пры падтрымцы заможных грэкаў з абшчын у Вялікабрытаніі і ЗША, а таксама пры дапамозе асоб Заходняй Еўропы, якія спачувалі грэчаскаму народу, яны пачалі планаваць паўстанне.

Асноўнай мэтай таварыства было адраджэнне Візантыйскай імперыі з Канстанцінопалем у якасці сталіцы, а не стварэнне нацыянальнай дзяржавы. У пачатку 1820 года пасаду лідара таварыства прапанавалі Іаану Кападыстрыі, чыноўніку з Іанічных астравоў, які быў міністрам замежных спраў цара Аляксандра I, але ён адмовіўся ад прапановы. Тады лідарам «Філікі Этэрыя» стаў Аляксандр Іпсіланці, які служыў у арміі Расійскай імперыі і быў ад’ютантам Аляксандра I.

Таварыства хутка пашыралася і неўзабаве ў ім былі члены ўсіх абласцей грэчаскага свету і ўсіх слаёў грэчаскага грамадства. У 1821 годзе Асманская імперыя сутыкнулася з вайной супраць Персіі і паўстаннем Алі-пашы ў Эпіры, якое прымусіла «валі» (губернатара) Марэі, Хуршыда Ахмеда-пашу, і іншых мясцовых правіцеляў пакінуць свае правінцыі дзеля кампаніі супраць паўстанцкіх сіл. У той жа час вялікія еўрапейскія дзяржавы былі занятыя паўстаннямі ў Італіі і Іспаніі. Менавіта гэты час грэкі абралі для пачатку сваёй уласнай рэвалюцыі. Паводле першапачатковага плану, паўстанне павінна было пачацца ў трох правінцыях, на Пелапанесе, у Дунайскіх княствах і ў Канстанцінопалі.