Перайсці да зместу

Венгрыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Венгрыя, або Вугоршчына
Magyarország
Герб Венгрыі
Сцяг Венгрыі Герб Венгрыі
Гімн: «Himnusz»
Заснавана 1000
Дата незалежнасці 17 кастрычніка 1918 (ад Аўстра-Венгрыі)
Афіцыйная мова венгерская
Сталіца Будапешт
Найбуйнейшыя гарады Будапешт, Дэбрэцэн, Мішкальц, Сегед, Печ, Дзьёр, Ньірэдзьхаза, Кечкемет, Секешфехервар
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм’ер-міністр
Тамаш Шуёк
Віктар Орбан
Дзярж. рэлігія Свецкая дзяржава
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
108-я ў свеце
93 030 км²
0,74%
Насельніцтва
• Ацэнка (2009)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

10 019 000[1] чал. (89-я)
9937628 чал.
107 чал./км²  (73-я)
ВУП
  • Разам (2017)
  • На душу насельніцтва

$290  (59-ы)
$29559  (46-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2017)
  • На душу насельніцтва

$126  (58-ы)
$15531  (51-ы)
ІРЧП (2018) 0,838 (вельмі высокі[2]) (39-ы)
Валюта Венгерскі форынт
Інтэрнэт-дамены .hu, .eu (як член ЕС)
Код ISO (Alpha-2) HU
Код ISO (Alpha-3) HUN
Код МАК HUN
Тэлефонны код +36
Часавыя паясы +1 (CET)

Ве́нгрыя, або Вуго́ршчына (венг.: Magyarország [ˈmɒɟɒrorsaːɡ]) — дзяржава ў Цэнтральнай Еўропе. Паводле розных меркаванняў Венгрыя знаходзіцца ў Цэнтральнай або Усходняй Еўропе. Насельніцтва — 9 830 485 чал. (2016 г.), плошча тэрыторыі — 93 036 км². Займае 89-е месца ў свеце паводле колькасці насельніцтва і 108-е паводле тэрыторыі.

Сталіца — Будапешт. Дзяржаўная мова — венгерская. Нацыянальнае свята — гадавіна Венгерскага паўстання 1956 года (23 кастрычніка).

Унітарная парламенцкая рэспубліка. З мая 2010 года пасаду прэм’ер-міністра займае Віктар Орбан.

Падзяляецца на 20 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, 19 з якіх — медзье і 1 горад рэспубліканскага падпарадкавання, прыраўнаны да медзье.

Кантынентальная дзяржава ў цэнтры Еўропы, якая не мае выхаду да мора. Мяжуе на захадзе са Славеніяй, Аўстрыяй і Харватыяй, на поўдні і паўднёвым усходзе з Румыніяй і Сербіяй, на ўсходзе з Украінай, на поўначы са Славакіяй.

Большая частка вернікаў (каля 54,5 % насельніцтва) вызнае каталіцызм.

Індустрыяльная краіна з эканомікай, якая дынамічна развіваецца. Аб’ём намінальнага ВУП за 2015 год склаў 137 мільярдаў долараў ЗША (каля 13 910 долараў ЗША на душу насельніцтва). Грашовая адзінка — венгерскі форынт.

Сябра ААН з 1955 года, далучылася да ГАТТ ў 1973, уступіла ў МВФ і МБРР у 1982, Савет Еўропы ў 1991 годзе. З 1999 года сябра НАТА, з 2004 — Еўрапейскага саюза. З 1 студзеня 2011 года Венгрыя старшынствавала ў Еўрапейскім саюзе на працягу паўгода.

Дзяржаўны лад і палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Будынак венгерскага парламента

Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. Прэзідэнт абіраецца парламентам на 5 гадоў. Прэзідэнт не мае шырокіх паўнамоцтваў, але можа прызначаць прэм’ер-міністра. У сваю чаргу прэм’ер-міністр можа прызначаць і здымаць з пасады любога члена кабінету міністраў. Парламент — аднапалатны, называецца Нацыянальны Сход (Országgyűlés) і з’яўляецца найвышэйшым органам улады. Партыя павінна пераўзысці 5 % бар’ер, каб патрапіць у парламент.

Пасля выбараў 2010 года 263 месцы з 386 належаць кааліцыі, якую ўзначальвае правацэнтрысцкая партыя ФІДЭС (Альянс маладых дэмакратаў), 59 месцаў у сацыял-дэмакратаў, 47 — у нацыяналістычнай Партыі за лепшую Венгрыю (Ёбік), 16 — у ліберальна-«зялёнай» партыі «Палітыка можа быць іншай!», яшчэ адзін дэпутат незалежны. Іншыя партыі — Альянс свабодных дэмакратаў – Венгерская ліберальная партыя, Венгерскі дэмакратычны форум.

Продкі венграў — мадзьяры — вугорскі народ, які качаваў у заволжскіх стэпах. Палітыка Хазарыі спрыяла перасяленню венграў у Прыдняпроўскія стэпы, адкуль яны ў складзе старажытнавенгерскай канфедэрацыі плямёнаў урываюцца на Сярэдні Дунай, спрыяючы падзенню Вялікай Маравіі. Гэты перыяд гісторыі Венгрыі вядомы як эпоха заваявання радзімы на Дунаі. У 934 годзе націск венграў дасягае Баварыі, аднак паражэнне ў бітве на рацэ Лех (955) спрыяе таму, што мадзьяры асядаюць на Сярэднім Дунаі. Геапалітычна яны становяцца спадчыннікамі аварскага каганата. Венгры некаторы час вагаюцца паміж каталіцкай Германіяй і праваслаўнай Візантыяй, але неўзабаве робяць стратэгічны выбар на карысць першай.

У 1000 годзе пры Іштване Святым Венгрыя становіцца легітымным еўрапейскім каралеўствам. У выніку войнаў з суседзямі яе набыццём становяцца Славакія, Срэм, Харватыя і Трансільванія. Спроба распаўсюдзіць свой уплыў на Русь пры Коламане была беспаспяховай.

Карта
Альфёльд

Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае большую частку Сярэднедунайскай (Венгерскай) нізіны. Праз нізіну працякае рака Дунай: спачатку з захаду на ўсход, дзе ўяўляе сабой дзяржаўную мяжу са Славакіяй, а затым, пасля рэзкага павароту паблізу Будапешта, — з поўначы на поўдзень; уся краіна зараз знаходзіцца ў басейне гэтай ракі. На ўсход ад Дуная плоская даліна Альфёльд, на захадзе ўзгорыстая раўніна Данатуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк). На паўночным захадзе нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на захадзе адгор’ямі Альпаў (вышыня да 500—800 метраў). На поўначы адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у тым ліку Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г.Кекеш.

Раўніны з плоскай паверхняй знаходзяцца на паўночна-заходняй ускраіне краіны. Яны дрэнуюцца невялікімі рэкамі, што цякуць з Аўстрыйскіх Альп у Дунай. Гэты раён вельмі ўрадлівых глебаў, якія складаюцца з лёсу і алювіяльных парод. Клімат тут кантынентальны: з халоднымі зімамі і гарачым летам, але ападкаў у выглядзе дажджу дастаткова для вядзення сельскай гаспадаркі і зямля ва ўсім раёне інтэнсіўна апрацоўваецца. Пераважнымі сельскагаспадарчымі культурамі з’яўляюцца кукуруза, пшаніца, сланечнік, цукровыя буракі і перац.

Горы Цэнтральнай Венгрыі распасціраюцца ад славенскай мяжы да славацкай, яны рассякаюцца рачнымі далінамі на асобныя масівы. На захад ад Дуная найбольш значны ланцуг пакрытых густым лесам грудоў — гэта горы Бакань, ля падножжа якіх знаходзяцца сонечныя і ўрадлівыя берагі возера Балатон. Ланцуг грудоў працягваецца ва ўсходнім кірунку і завецца горы Піліш, няроўнае нагор’е, якое паступова паднімаецца ад Дуная на поўнач да Будапешта. На ўсход ад Дуная лінію працягваюць горы Матра, Бюк і Хед’ялья, усе яны перавышаюць адзнаку ў 900 м.

Галоўная рака Венгрыі, Дунай, перасякае горы ў вузкай, са стромкімі берагамі, глыбокай даліне. Будапешт размешчаны ў паўднёвым канцы гэтага вузкага ўчастку рачной даліны. Рака суднаходная.

Амаль тры чвэрці Венгрыі ляжыць на Вялікай раўніне (Надзьальфельд), якая становіцца пагорыстай на захадзе. Гэтая раўніна з’яўляецца галоўным сельскагаспадарчым раёнам Венгрыі, дзе вырошчваюць такія культуры, як кукуруза, пшаніца, сланечнік, цукровыя буракі, перац і кармавыя культуры, а таксама размешчаныя лугі пад пашы. Лічыцца, што Вялікая раўніна раней была пакрытая лясамі, але пазней яны былі знішчаныя. Вялікая раўніна перасякаецца бягучымі на поўдзень рэкамі Дунай і Ціса, якія падзяляюць яе на тры гістарычна і тапаграфічна розныя раёны.

На захад ад Дуная і на ўсход ад гор Бакань знаходзіцца частка раўніны, вядомая ў гісторыі як Трансданубія (Задунайская частка; венг. — Дунантуль), урадлівы, пагорысты раён, што ўзнімаецца да 610 м у гарах Мечэк. Клімат Трансданубіі даволі мяккі; гэты раён вядомы сваёй садавіной, вінамі і лікёрамі.

Паміж рэкамі Дунай і Ціса знаходзіцца больш плоская тэрыторыя. Паўночныя яе раёны пакрытыя глыбокімі адкладамі пяску і глею, на якіх расце пшаніца, кукуруза, цукровыя буракі. Паўднёвы раён вядомы вінамі, садовымі дрэвамі і акацыямі.

Дзякуючы знаходжанню ў цэнтры Еўропы, аддаленасці ад Атлантычнага акіяна і Міжземнага мора, Венгрыя мае кантынентальны тып клімату з гарачым, часам навальнічным летам і халоднай зімой. Колькасць ападкаў, якія выпадаюць па большай частцы ў пачатку лета, памяншаецца па меры руху з захаду на ўсход. Самая вільготная частка Венгрыі — заходнія схілы гор Бакань (760—890 мм у год); самы засушлівы раён — у сярэдняй частцы даліны ракі Ціса (380 мм у засушлівыя гады). Снег узімку выпадае ў гарах і на раўнінах.

Глебы, расліннасць і жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]
Хадулачнік. Папуляцыя ў Венгрыі — 400 пар[3]

Самыя ўрадлівыя глебы Венгрыі — чарназёмы, але яны ёсць толькі ў паўднёвых частках Вялікай раўніны. У астатніх раёнах раўніны пераважаюць каштанава-карычневыя глебы.

Тыповай для задунайскіх раёнаў і гор з’яўляецца лясістая мясцовасць — з дубам, бярозай, ліпай і каштанам, — але яны хутка знікаюць па меры набліжэння да Вялікай раўніны, дзе дамінуюць стэпавыя ўмовы. Археалагічныя даследаванні паказваюць, што Вялікая раўніна раней была пакрытая лесам, як і астатняя частка Венгрыі, і што лясы тут былі высечаныя першымі заваёўнікамі з Азіі. Знішчэнне лясоў працягвалася і ў перыяд зацяжных войн з туркамі. Пазней сістэматычнае асушванне балот на Вялікай раўніне нечакана панізіла верхні ўзровень грунтавых вод, і дрэвы і ўся астатняя расліннасць Вялікай раўніны загінулі. Лёгкія пясчаныя глебы, пазбаўленыя расліннага полага, падвяргаліся эрозіі, і на поўдні ўтварыліся шырокія пясчаныя выдмы. Меліярацыя пясчаных пустыняў шляхам штучнага аблясення і ірыгацыі спыніла працэс дэградацыі Вялікай раўніны, і ў сельскагаспадарчае абарачэнне была ўведзеная максімальна магчымая плошча зямлі.

Дзікі — самы распаўсюджаны від дзікіх жывёл. Ёсць зайцы, лісы, алені, нешматлікія бабры і выдры. Самыя распаўсюджаныя віды птушак у краіне — буслы, жураўлі і ластаўкі. Частка возера Балатон з’яўляецца запаведнікам для птушак, асабліва для балотных відаў. Сярод рыб пераважаюць карпы.

Пасля далучэння да Еўрапейскага Саюза 1 мая 2004 года Венгрыя працягвае эканамічны рост. Прыватныя прадпрыемства складаюць 80 % ад ВНП. У Венгрыі шмат замежнага капіталу — з 1989 года былі інвеставаныя 23 мільярды долараў. Інфляцыя і беспрацоўе рэзка павысіліся ў 2001 годзе, але з тых часоў зноў знізіліся.

Венгерская жанчына ў традыцыйным строі

Паводле перапісу насельніцтва 2001 года — 92,3 % насельніцтва — венгры[4]. Меншасці: цыганы (2 %), немцы (0,6 %), славакі (0,2 %), харваты (0,15 %), сербы (0,2 %) і украінцы (0,1 %). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 111 чалавек/км², крыху больш на поўначы, менш на поўдні. Сярод вренікаў пераважаюць каталікі (67,5 %). Кальвіністы складаюць каля 20 %, а лютэранцы каля 5 %. Каля 1 % іўдзеі. У суседніх краінах пражываюць шматлікія венгерскія абшчыны — асабліва на Украіне (Закарпацце), у Славакіі, Румыніі (Трансільваніі), Сербіі (Ваяводзіне), Харватыі.

Беларуска-венгерскія адносіны

[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 12 лютага 1992 года[5]. У студзені 2000 г. у Будапешце пачало сваю дзейнасць Пасольства Рэспублікі Беларусь. У снежні 2007 г. у г. Мінску пачало сваю працу Пасольства Венгрыі.

Па запрашэнні венгерскага боку 1 сакавіка 2010 г. праведзены першы з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін афіцыйны візіт Міністра замежных спраў Беларусі Мартынава С. М. у г. Будапешт, сумешчаны з удзелам у сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц Вышаградскай групы і праграмы «Усходняе партнёрства». У 2009 і 2010 гг. адбыліся сустрэчы міністраў замежных спраў дзвюх краін у рамках міжнародных форумаў (СМЗС АБСЕ ў Афінах ў снежні 2009 г. і СМЗС Усходняга партнёрства ЕС у г. Сопаце ў траўні 2010 г.).

У красавіку 2011 г. у ходзе венгерскага старшынства ў ЕС адбыўся візіт у г. Будапешт намесніка Міністра замежных спраў, сустаршыні Міжурадавай беларуска-венгерскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве Варанецкага У. І., падчас якога былі праведзены двухбаковыя сустрэчы з дзяржсакратаром МЗС Венгрыі Ж. Неметам і дзяржсакратаром Міністэрства нацыянальнай эканомікі Венгрыі, сусатаршынём Міжурадавай беларуска-венгерскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве Р.Надзь.

З кастрычніка 2010 г. у венгерскім парламенце створана група па супрацоўніцтве з Беларуссю пад кіраўніцтвам Першага намесніка старшыні Ш.Лежака. Важным звяном развіцця міжпарламенцкага ўзаемадзеяння стала правядзенне двухбаковых сустрэч у рамках пасяджэнняў Міжпарламенцкага саюза (125-я сесія МПС у г. Берне ў кастрычніку 2011, 126-я сесія МПС у г. Кампале (Уганда) у красавіку 2012 г.).

Адносіны Венгрыі і ВКЛ у Сярэднявечча і Новы Час

[правіць | правіць зыходнік]

З 1-й паловы 14 ст. Венгрыя прэтэндавала на тэрыторыю Галіцка-Валынскага княства, часам саджаючы на галіцкі прастол венгерскіх манархаў. Берасцейская зямля разглядалася венгерскімі феадаламі як частка іх законнай спадчыны, і на працягу некалькіх стагоддзяў авалоданне ёю як апошнім рубяжом на ПнУ лічылася адной са стратэгічных мэтаў венгерскай экспансіі. З 13 ст. В. актыўна падтрымлівала крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Менавіта венгерскі кароль Андрэй (Эндрэ) ІІ запрасіў Нямецкі ордэн ва Усходнюю Еўропу ў 1211, асадзіўшы іх у раёне плато Бырса (сучасная Румынія) для абароны ад полаўцаў. Праз кароткі час крыжакі былі выгнаныя з Венгрыі і пасяліліся ў Прусіі, але і надалей Венгрыя працягвала аказваць ім паліт. і ваенную падтрымку.

Найбольш варожымі адносіны паміж ВКЛ і Венгрыяй былі ў часы караля Людвіка І Вялікага (1342—82). Пасля смерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства (1340) уся Валынь са сталіцай у Луцку перайшла да Любарта Гедзімінавіча, які прэтэндаваў і на Галіччыну. У 1340—49 галіцкае баярства намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III, то Людвіка I. У лют. 1345 Людвік у складзе войска крыжакоў беспаспяхова асаджаў Вільню, у 1349—51 арганізоўваў сумесныя з Польшчай паходы на Валынь, Падляшша і Берасцейшчыну. Асабліва няўдалай для ВКЛ была вайна у ліп.—жн. 1351, калі Людвік захапіў у палон Любарта і Кейстута. 15.8.1351 падпісаны дагавор, паводле якога ВКЛ мусіла заплаціць вял. выкуп і адмовіцца ад прэтэнзій на Галіччыну. Кейстут і Любарт адправіліся ў Венгрыю як гаранты дагавора і для хрышчэння, але здолелі ўцячы. Дагавор вядомы з хронікі ананімнага францысканца, удзельніка выправы (магчыма, Янаша Кецьі); у гэтай жа хроніцы падуладная Любарту Валынь названая «зямлёй белых русінаў» (такая лакалізацыя Белай Русі ўласцівая венгерскім крыніцам 13—16 ст.). У 1352 пры аблозе горада ВКЛ Белз у Зах. Валыні Людвік быў паранены. Пасля заняцця ім польскага трона ў 1370 войны з ВКЛ аднавіліся. У 1377 Белз і Холм разам з Галіччынай часова ўвайшлі ў склад В.; Любарт, падольскія князі Аляксандр і Барыс Карыятавічы і ратненскі кн. Фёдар Альгердавіч (якому належаў і Кобрын з акругай) прызналі сюзэрэнітэт В. Людвік прапанаваў некалькі праектаў хрысціянізацыі Літвы, ініцыяваў стварэнне Луцкай рымска-каталіцкай епархіі ў 1375. Пасля смерці Людвіка яго дачка Ядвіга абраная польскай каралевай [1384—99]; яе шлюб з вял. князем літоўскім Ягайлам садзейнічаў далучэнню ВКЛ да зах. цывілізацыі і даў пачатак шматвяковаму дзярж. саюзу ВКЛ і Польшчы, форма якога эвалюцыяніравала ад Крэўскай уніі 1385 да Люблінскай уніі 1569. Як і Польшча, у 15—16 ст. ВКЛ адчувала значны ўплыў В., асабліва ў матэрыяльнай культуры (распаўсюджанне венгерскага строю мужчынскай вопраткі, гатунку сліў, высокі прэстыж венгерскага віна, выкарыстанне венгерскага дуката ў якасці рэгіянальнай залатой валюты і г.д.). Першай сумеснай ваеннай акцыяй Польшчы і ВКЛ было выцясненне венгерскіх войск з Галіччыны ў 1387. У выніку ліквідацыі Вітаўтам у 1393 многіх удзельных княстваў, у т.л. на Падоллі, кн. Фёдар Карыятавіч уцёк у В., у 1396—1414 кіраваў некалькімі замкамі ў Закарпацці з цэнтрам у Мукачаве; у 1420 беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе Падолле.

У пач. 15 ст. інтарэсы ВКЛ і Венгрыі сутыкаліся таксама на Малдаўскім княстве, якое планаваў падначаліць Вітаўт. Пры каралю Жыгімонце Люксембургу Венгрыя працягвала падтрымку Нямецкага ордэна, выступіла яго саюзнікам у Вялікай вайне 1409—11 (мірны дагавор Польшчы і ВКЛ з В. заключаны ў 1412 у Любоўлі). Жыгімонт Люксембург даваў прытулак у В. Свідрыгайлу, падтрымліваў яго змаганне супраць цэнтралізатарскай палітыкі Вітаўта. У 1440 венгерскім каралём быў абраны сын Ягайлы Уладзіслаў (польскі кароль з 1434), які загінуў у 1444 у крыжовым паходзе супраць туркаў пад Варнай. Яго смерць выклікала аднаўленне персанальнай уніі ВКЛ і Польшчы пад уладай Казіміра IV Ягелончыка (з 1447). У 1490 венгерскім каралём быў абраны яго сын Уладзіслаў, і на пэўны час (1490—1526) улада над дзяржавамі Цэнтр. і Усх. Еўропы (В. з Харватыяй, Чэхія, Польшча, ВКЛ) засяродзілася ў руках дынастыі Ягелонаў. «Ягелонаўскі свет», ад Адрыятыкі і Чорнага мора да Балтыкі і ад Судэтаў да Акі, звязаны толькі сваяцтвам манархаў, меў толькі сімвалічную паліт. еднасць. Аднароднасць гэтай частцы Еўропы надавала прывілеяванае становішча класа землеўладальнікаў — шляхты. Баланс улады паміж шляхтай і манархіяй у гэтым рэгіёне на працягу амаль усяго 16 ст. заставаўся надзвычай роўным, і менавіта ў В. была выпрацаваная такая мадэль дзярж. ладу. Апошні венгерскі манарх з дынастыі Ягелонаў, Людвік ІІ, загінуў у бітве з туркамі пад Мохачам у 1526, якая зруйнавала магутнасць венгерскай дзяржавы. Яшчэ да гэтага, у выніку дыпламатычнай місіі ад Жыгімонта І Старога на чале з М.Радзівілам да Фердынанда I Габсбурга была дасягнута дамоўленасць пра шлюб Фердынанда з Ганнай Ягелонкай, дачкой Уладзіслава Ягелона (узяты ў 1521), і пра магчымасці пераходу Чэхіі і Венгрыі ад Ягелонаў да Габсбургаў (гл. Венскі з’езд 1515). З 1526 у В. ішла барацьба за ўладу паміж 2 каралямі: Фердынандам (літоўскія паны больш сімпатызавалі яму) і Янашам Запольяі, жанатым на Ізабеле (дачцэ Жыгімонта Старога і Боны), які меў больш прыхільнікаў у Польшчы. Пасля захопу Буды туркамі ў 1541 В. на паўтара стагоддзя распалася на 3 часткі: каралеўскую В., на чале з Габсбургамі, цэнтр. частку, што ўвайшла непасрэдна ў склад Асманскай імперыі, і залежнае ад яе Трансільванскае княства, якое падтрымлівала цесныя сувязі з Польшчай і ВКЛ. У 1576 трансільванскі князь Стафан Баторы быў абраны польскім каралём і вял. князем літоўскім. Праведзеныя ім дзярж. і ваен. рэформы дазволілі давесці да перамогі Інфлянцкую вайну 1558—82. Венгерскі культ. ўплыў на ВКЛ пры Баторыю дасягнуў найвышэйшага ўзроўню: канчаткова аформіўся нац. шляхецкі кунтушовы строй адзення, венгерская пяхота стала ўзорам для фарміравання пяхотных аддзелаў войска ВКЛ (гл. Гайдукі). К.Бекеш гуртаваў вакол сябе антытрынітарыяў ВКЛ. Значная частка венграў з войска Баторыя засталася ў ВКЛ і ўлілася ў склад бел. і літ. народаў.

Трансільванскі князь Дзьёрдзь II Ракацы (1648—1660) імкнуўся аднавіць адзіную «Вялікую В.», незалежную ад Габсбургаў і Асманскай імперыі, да якой хацеў далучыць і значную частку Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1655—60 ён падтрымліваў шведаў, заключыў са Швецыяй, Брандэнбургска-Прускім курфюрствам і Б.Хмяльніцкім Радноцкі дагавор 1656. Меркавалася, што тытул польскага караля разам з Валынню, Падляшшам і Берасцейшчынай дастанецца Ракацы; Курляндыя, Віленскае, Троцкае і Інфлянцкае ваяводствы ВКЛ — Швецыі; усх. Беларусь — Б.Хмяльніцкаму, а з Новагародскага ваяводства і некаторых інш. тэрыторый будзе створана незалежнае спадчыннае княства для Багуслава Радзівіла. Рэалізуючы Радноцкі дагавор, шведска-трансільванска-казацкае войска 23.5.1657 захапіла Берасце, камендантам якога быў пастаўлены палкоўнік А. Гаўдзі, аднак венгерская акупацыя працягвалася ўсяго некалькі месяцаў. Уз’яднанне ўсіх 3 частак В. пад уладай Габсбургаў адбылося ў выніку перамогі польска-аўстра-нямецкага войска над туркамі ў Венскай бітве 1683. Войска ВКЛ удзельнічала ў кампаніі 1683, але найб. вызначылася рабункамі мірнага насельніцтва габсбургскай часткі В. (на тэр. сучаснай Славакіі).

Зноскі

  1. Hungarian Central Statistical Office Архівавана 22 верасня 2008.. Retrieved 2008-12-19.
  2. UNDP Human Development Report 2018(недаступная спасылка). United Nations (2018). Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2017. Праверана 20 September 2018.
  3. Hans-Günther Bauer, Einhard Bezzel und Wolfgang Fiedler (Hrsg): Das Kompendium der Vögel Mitteleuropas: Alles über Biologie, Gefährdung und Schutz. Band 1: Nonpasseriformes — Nichtsperlingsvögel, Aula-Verlag Wiebelsheim, Wiesbaden 2005, ISBN 3-89104-647-2
  4. Elements of the national/ethnic affiliation of the population. Сайт Цэнтральнага статыстычнага камітэта Венгрыі.
  5. Пратакол аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Венгерскай Рэспублікай Архівавана 23 красавіка 2015.// Сайт Пасольства Рэспублікі Беларусь у Венгерскай Рэспубліцы. Дата доступу: 27 мая 2009