Перайсці да зместу

Кангеан (архіпелаг)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кангеан
індан. Kepulauan Kangean
Панарама
Панарама
Характарыстыкі
Колькасць астравоў63 
Найбуйнейшы востраўКангеан 
Агульная плошча668 км²
Насельніцтва123 367 чал. (2010)
Шчыльнасць насельніцтва184,68 чал./км²
Размяшчэнне
6°53′49″ пд. ш. 115°18′20″ у. д.HGЯO
АрхіпелагЗондскія астравы
АкваторыяБалі
Краіна
Кангеан (архіпелаг) (Інданезія)
Кангеан
Кангеан
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кангеан (індан.: Kepulauan Kangean) — архіпелаг на поўначы Балійскага мора. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Усходняя Ява. Плошча — 668 км². Насельніцтва (2010 г.) — 123 367 чал.

Архіпелаг Кангеан месціцца ў 120 км на ўсход ад вострава Мадура і ў 120 км на поўнач ад Балі. Складаецца прыкладна з 63 астравоў і астраўкоў. Найбуйнейшым з іх з'яўляецца Кангеан (431,37 км²).

Архіпелаг узнік у выніку ваганняў ўзроўню акіяна пасля заканчэння апошняга ледавіковага перыяда. Суша мае вулканічнае паходжанне. Берагі нізкія, часцяком з каралавымі рыфамі. Найвышэйшы пункт — 364 м. На многіх астравах адчуваецца недахоп крыніц пітной вады.

З 1993 г. каля архіпелага здабываюць прыродны газ.

Клімат экватарыяльны, засушлівы. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля +25°C.

Пераважае расліннасць саваннага тыпу. Агульная плошча лясоў — каля 36 326,1 га. У мінулым на астравах сустракаліся алені, кракадзілы і леапарды. У нашы дні фаўна прадстаўлена шматлікімі птушкамі, казуркамі, марскімі чарапахамі.

Фота 1920 г.

Большую частку насельніцтва складаюць кангеанцы, асобны этнас, блізкі па мове і культуры да мадурцаў. Іх асноўнымі заняткамі здаўна былі рыбалоўства, гандаль драўнінай і земляробства. Вырошчваюць рыс, какосы, гародніну. Акрамя таго, на ўзбярэжжы традыцыйна сяліліся баджа. Асноўная рэлігія — іслам.

Кангеан вядомы пародай пеўняў з надзвычай звонкімі галасамі. У мінулым іх выявы выразалі на стрэхах хацін. Нават у нашы дні распаўсюджаны народныя святы, што ўключаюць тэатральныя пастановы, танцы панкі, конныя спаборніцтвы, адзінаборства гелок-гелок. Кухня знакаміта смажанымі на вогнішчы рыбай, малюскамі і мясам, прыпраўленымі кіславатай вельмі вострай падлівай.