Мадэйра (востраў)
Мадэйра | |
---|---|
парт. Madeira | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 750,7 км² |
Насельніцтва | 267 938 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 356,92 чал./км² |
Размяшчэнне | |
32°44′13″ пн. ш. 16°59′02″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Мадэйра |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Раён | Мадэйра |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мадэ́йра (парт.: Ilha da Madeira) — найбуйнейшы востраў аднайменнага архіпелага у Атлантычным акіяне. Уваходзіць у склад Партугаліі. Плошча — 750,7 км². Насельніцтва (2011 г.) — 267938 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Мадэйра месціцца на ўсходзе Атлантычнага акіяна ў 958 км на паўднёвы захад ад Лісабона, сталіцы Партугаліі, у 659 км на захад ад усходняга ўзбярэжжа Афрыкі. Даўжыня — 57,5 км. Найбольшая шырыня — 23 км.
Востраў сфарміраваўся ў выніку вулканічнай дзейнасці ў міяцэнавы перыяд[1]. Апошнія вывяржэнні адбыліся меней за 100 тысяч гадоў таму. Для геалагічнай пабудовы вострава характэрна чаргаванне вулканічных парод (туф, базальт) з асадкавымі адкладаннямі ў выглядзе рэштак старажытных каралавых рыфаў. У выніку склаліся горныя ландшафты з рэзкімі стромамі, глыбокімі цяснінамі, лававымі палямі і абрывістымі берагамі. Найвышэйшы пункт Мадэйры — гара Піку-Руйву (1820 м).
Клімат міжземнаморскі субтрапічны. З ліпеня да кастрычніка сярэдняя тэмпература трымаецца каля +24 °C. Часам яна можа падвышацца з-за ўсходніх вятроў з боку афрыканскай пустыні Сахара або апускацца да +17 °C, калі адчуваецца ўплыў прахалодных паўночнаатлантычных цыклонаў. Узімку сярэдняя тэмпература трымаецца каля +4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 700 мм. Большая іх частка праліваецца ў выглядзе дажджу на паўночным узбярэжжы[2].
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Мадэйра можна ўмоўна падзяліць на некалькі экалагічных зон, што тлумачыцца разнастайнасцю яго кліматычнай геаграфіі. З падняццем на вяршыні гор надвор'е становіцца больш прахалодным. На поўначы вострава значна болей вільгаці і вятроў, чым на поўдні.
Калі першыя перасяленцы ступілі на востраў, ён быў пакрыты густымі субтрапічнымі лясамі, што і вызначыла яго назву (ад парт.: madeira «дрэва»). У нашы дні лясныя масівы захаваліся толькі ў некаторых мясцінах, прычым на вышыні не меней за 100 м над узроўнем акіяна. Звычайная вышыня лясных масіваў — 300—800 м. Лес Лаўрысілва[3] знаходзіцца на вышыні ад 400 м да 1450 м.
Сярод эндэмічных раслін Мадэйры пераважаюць мясцовыя віды лаўраў, дзікіх маслін, вербаў, астравых. Сустракаюцца рэдкія віды самшытавых, бярозак, падубаў. Многія прадстаўнікі дзікай флоры Мадэйры блізкія да раслін Канарскіх астравоў[4].
Фаўна прадстаўлена шматлікімі птушкамі, казуркамі, кажанамі. На ўзбярэжжы спыняюцца цюлені-манахі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Аб існаванні вялікага ненаселенага вострава на захад ад Афрыкі ў Еўропе ведалі ўжо ў антычны час. Аднак толькі ў 1419 г. экспедыцыя, накіраваная Генрыхам Мараплаўцам для ўдакладнення лініі афрыканскага ўзбярэжжа, далажыла аб адкрыцці і пачатку каланізацыі Мадэйры[5]. У 1452—1453 гг. партугальцы завезлі на востраў цукровы трыснёг з Сіцыліі і папулярныя ў той час салодкія сарты вінаграду з Кіпра. Дзякуючы гэтаму Мадэйра ператварылася ў буйное месца вытворчасці цукру. У Еўропе прызнанне таксама атрымала віно мадэра. Для працы на плантацыях увозіліся сяляне з Партугаліі, рабы з Афрыкі і Канарскіх астравоў.
Аднак з адкрыццём Новага Свету і стварэннем у Бразіліі і Вест-Індыі плантацыйных гаспадарак эканоміка Мадэйры паступова прыйшла ў заняпад. Порт-Фуншал доўгі час з’яўляўся важным транзітным пунктам для караблёў, якія накіроўваліся ў Амерыку[6]. Многія выхадцы з Мадэйры ўдзельнічалі ў каланізацыі іншых частак свету, наймаліся на іншаземныя судны, пераязджалі для працы ў Паўночную і Лацінскую Амерыку. Паступова на востраве сфарміравалася асобная партугаламоўная культура.
У 1976 г. востраў увайшоў у склад партугальскай аўтаномнай вобласці Мадэйра.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівасці культуры вострава Мадэйра вызначыліся, з аднаго боку, адноснай ізаляванасцю ад кантынентальнай часткі Партугаліі, з іншага — сталымі сувязямі з заморскімі краінамі. Дзякуючы развіццю турызма тут захаваліся традыцыйныя рамёствы — вышыўка, выраб габеленаў, пляценне кашоў, разьбярства і г. д.
Жыхары Мадэйры здаўна займаліся сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, мараплаўствам. Большая частка апрацоўваемых зямель належала памешчыкам, якія здавалі яе ў арэнду разам з жытлом мясцовым сялянам. Каля 40 % сялян застаюцца і ў нашы дні беззямельнымі[7].
Гарадская забудова ў мінулым была характэрна толькі для Фуншала, насельнікі якога карысталіся прывілегіямі гараджан з 1508 г. У ім захаваліся старыя кварталы рамеснікаў, гандляроў, каталіцкія кляштары. У сельскай мясцовасці пераважаюць дробныя паселішчы. Звычайна яны месцяцца на ўзбярэжжы, уздоўж асноўных дарог і ў горных далінах, не вышэй за 700 м над узроўнем акіяна. Традыцыйныя сялянскія хаціны будаваліся з каменю, мелі нізкія столі, дах крыўся трыснягом або саломай. Захоўваюцца памешчыцкія сядзібы Quintas[8], што ўзводзіліся ў каланіяльным стылі.
На Мадэйры ў нашы дні значная колькасць сем’яў пашыраная, фактычна складаецца з некалькіх сваяцкіх сем’яў рознага пакалення на чале са старэйшым гаспадаром. У мінулым такі тып сям’і з’яўляўся асноўным. Важную ролю ў грамадстве заўсёды адыгрывалі старыя людзі[9]. З-за горнай звілістай мясцовасці ў мінулым кантакты паміж рознымі паселішчамі былі абмежаваны. Першая дарога была пабудавана толькі ў 1815 г.[10] З адной часткі вострава ў іншую рухаліся пешшу, коней амаль не выкарыстоўвалі. Даволі арыгінальным транспартным сродкам з’яўляюцца плеценыя санкі Carros de Cesto[11], на якіх спускаюцца са стромкіх схілаў.
Кухня Мадэйры ўключае разнастайныя стравы з рысу, гародніны і рыбы. Шырока распаўсюджаны марынады з лаўровым лісцем, часнаком і мясцовымі духмянымі травамі. Рэшткі прадуктаў, якія засталіся пасля вячэры, кладуць у суп[12]. Мадэйра шырока вядомая дзякуючы моцнаму віну мадэра. Аднак тут таксама існуе вытворчасць сталовых він, асвяжальных напояў з садавіны, піва, вішнёвага лікёру Ginja і рому Poncha, у які дадаюць лімон і мёд[13].
Сярод жыхароў Мадэйры папулярны рамансы fado і romarias, вясковы танец brinco, а таксама «маўрскі» танец, на стварэнне якога аказалі ўплыў чарнаскурыя рабы.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Michael F. Billett & Alistair Cowden, A geological visit to Madeira
- ↑ Madeira Weather
- ↑ Laurissilva UNESCO World Nature Heritage Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Madeira Island Flora
- ↑ History of Madeira Island
- ↑ Madeira Wine: History of Madeira, Port of Funchal, & the Madeira Island Region
- ↑ Madeirans — Economy
- ↑ Madeirans — Settlements
- ↑ Madeirans — Kinship
- ↑ Madeira's History — Interesting Dates Архівавана 8 студзеня 2015.
- ↑ CUSTOMS AND TRADITIONS Архівавана 12 мая 2015.
- ↑ Maderian Cuisine Архівавана 18 снежня 2014.
- ↑ Local Cuisine and Drinks of Madeira Архівавана 8 студзеня 2015.