Маскогі (народ)
Маскогі (Mvskoke) | |
Агульная колькасць | 69162 (2011 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | маскогі |
Рэлігія | хрысціянства, культ продкаў, татэмізм |
Блізкія этнічныя групы | семінолы, алабама, чыкаса, каасаці, апалачы, чакта |
Маскогі, або мускогі (саманазва: Mvskoke), у мінулым вядомыя як крык (англ.: Creek) — індзейскі народ у ЗША. У больш шырокім сэнсе маскогамі называюць і іншыя індзейскія народы, якія размаўляюць на мове маскогі або маюць агульнае з імі паходжанне (у тым ліку семінолы, каасаці і інш.). Колькасць у ЗША (2011 г.) — 69162 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Маскогаў звычайна лічаць нашчадкамі стваральнікаў Місісіпскай археалагічнай культуры, якая існавала ў VIII — XVI стст. і ахоплівала значныя тэрыторыі сучасных ЗША. Яе прадстаўнікі займаліся земляробствам, вырошчвалі кукурузу, мелі шырокія гандлёвыя кантакты з рознымі раёнамі паўночнаамерыканскага кантынента. У першай палове XVI ст. у населеныя імі землі было арганізавана некалькі іспанскіх экспедыцый. Мяркуюць, што эпідэмічныя хваробы, занесеныя іспанцамі, спрыялі разбурэнню агульнай культурнай прасторы. Да другой паловы XVII ст. на тэрыторыях сучасных штатаў Тэнесі, Джорджыя і Алабама склалася асобная канфедэрацыя плямён маскогі.
З 1670 г. на атлантычным узбярэжжы бліз зямель маскогі пачалі засноўвацца брытанскія калоніі. Для пашырэння гандлёвых сувязяў з індзейцамі ў 1690 г. на рацэ Окмэлгі-Крык каланісты заснавалі спецыяльную факторыю, адкуль у брытанскія калоніі і ў Еўропу вывозіліся скуры жывёл. Мяркуюць, што назва факторыі паўплывала на фарміраванне наймення індзейцаў як крык. Гэтае найменне было шырока прадстаўлена ў англамоўнай літаратуры да сярэдзіны XX ст. Маскогі падтрымлівалі саюзныя адносіны з брытанскімі ўладамі, удзельнічалі ў нападах на іспанскія паселішчы і плямёны індзейцаў, саюзных іспанцам. У пачатку XVIII ст. частка маскогі выступіла на баку іспанскіх і французскіх каланістаў, пацярпела паражэнне і перасяліліся ў Фларыду, дзе паступова сфарміраваўся асобны народ семінолы. Аднак сутычкі паміж самімі маскогі, якія прымалі бок то французаў, то брытанцаў, працягваліся да 1763 г.
У гады Амерыканскай рэвалюцыі маскогі зноў выступілі ў якасці саюзнікаў Вялікабрытаніі. Адным з найбольш выбітных правадыроў гэтага часу быў франка-індзейскі крэол Аляксандр Мак-Гіліўрэ (1750—1793 гг.), які імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне і запазычыць найбольш карысныя рысы еўрапейскай культуры. Пасля паражэння Вялікабрытаніі А. Мак-Гіліўрэ дамогся прызнання дзяржавы маскогі з боку Іспаніі і атрымаў ад яе фінансавую дапамогу. У 1787 г. ён падпісаў у Нью-Ёрку дагавор з ЗША, складзены па прапанове Джорджа Вашынгтона. Маскогі саступалі частку спрэчных тэрыторый амерыканцам і абавязваліся выдаваць плантатарам беглых рабоў. ЗША абавязваліся прызнаваць суверэнітэт маскогі і абарону іх зямель ад самавольных перасяленцаў. А. Мак-Гіліўрэ атрымоўваў званне генерала ЗША са значным гадавым заробкам. У 1792 г. маскогі фактычна адверглі Нью-Ёркскі дагавор і пачалі новыя перагаворы аб узнаўленні саюза з Іспаніяй. Аднак ваенныя дзеянні не пачаліся з-за хваробы і смерці А. Мак-Гіліўрэ.
У 1796 г. федэральным агентам ЗША па справах маскогі быў прызначаны амерыканскі асветнік Бенджамін Хокінс, які зрабіў шмат намаганняў для паляпшэння саюзніцкіх адносін з маскогі, садзейнічаў уплыву амерыканскай культуры на індзейцаў праз адукацыю і пашырэнне гандлёвых кантактаў. Аднак у 1813 г. паміж правадырамі маскогі ўспыхнуў канфлікт. Ім скарысталіся еўрапейскія краіны і ЗША для адстойвання сваіх каланіяльных інтэрасаў. У 1814 г. ЗША дамагліся вельмі значных тэрытарыяльных саступак з боку правадыроў маскогі. У далейшым амерыканскія чыноўнікі і прадпрымальнікі імкнуліся падначаліць правадыроў праз подкуп і ўцягванне ў зямельныя махінацыі. Да канца 1820-х гг. калісьці вялікая дзяржава, створаная А. Мак-Гіліўрэ, была абмежавана некалькімі раёнамі ў цэнтральнай Алабаме.
28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні часткі індзейцаў на захад ад ракі Місісіпі. У 1834—1836 гг. большасць маскогі былі вымушаны перасяліцца ў Аклахому. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША яны фактычна апынуліся падзеленымі на два лагеры, паколькі частка падтрымала А. Лінкальна, але большасць правадыроў, якія самі былі рабаўладальнікамі, апынуліся на баку Канфедэрацыі. У 1866 г. быў заключаны мірны дагавор з ЗША, які прадугледжваў вызваленне рабоў і наданне ім грамадзянскіх правоў. Маскогі заснавалі сваю сталіцу ў паселішчы Окмалгі, дзе пабудавалі Капітолій і ў 1867 г. прынялі Канстытуцыю Нацыі Крык.
У 1906 г. маскогі згубілі права на большасць племянных тэрыторый, аднак было зацверджана прыватнае зямельнае права і статус грамадзян ЗША. Гэта павінна было садзейнічаць хуткай асіміляцыі маскогі сярод амерыканцаў. У 1936 г. некаторыя абшчынныя аб’яднанні маскогі ў Аклахоме атрымалі федэральнае прызнанне. У 1970 г. была прызнана Нацыя Маскогі. У 1979 г. маскогі прынялі новую Канстытуцыю.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Ужо да знаёмства з еўрапейцамі продкі маскогі займаліся ручным земляробствам. Кантакты з каланістамі садзейнічалі пашырэнню еўрапейскага ўплыву на іх культуру асабліва з канца XVIII ст. Першыя еўрапейскія каланісты былі зацікаўлены ў гандлі скурамі дзікіх жывёл, якія масава вывозіліся ў Еўропу. Гэта садзейнічала значнасці прамысловага палявання. З канца XVIII ст. вялікая частка сем’яў займалася таварнай сельскай гаспадаркай, вырошчвала на продаж бавоўнік, тытунь, кукурузу, гадавала коней і кароў. Пры гэтым актыўна пераймалася тэхналогія вытворчасці ў перасяленцаў еўрапейскага паходжання. Важную ролю ў распаўсюджванні інавацый у гаспадаранні адыграў Бенджамін Хокінс. У маскогаў меліся плантацыі, на якіх працавалі рабы. У XIX ст. маскогі разглядаліся амерыканцамі як адзін з «цывілізаваных індзейскіх народаў». Пасля перасялення ў Аклахому сельская гаспадарка засталася асноўным відам вытворчасці. Аднак маскогі таксама займаліся адыходніцтвам, наймаліся на працу на чыгунку, здабычу карысных выкапняў, сярод іх былі прафесійныя рабочыя, ўрачы, настаўнікі, журналісты і г. д. У наш час маецца шырокі пласт інтэлектуалаў.
Асновай традыцыйнай кухні маскогі былі кукурузная мука і крупы. З іх гатавалі кашу, якую елі са смажаным гарохам, гарбузом, бататам, садавіной. Рабілі з кукурузы салодкі напой апуске. Запечаную гародніну ўжывалі самастойна або з мясам. Мяса дзікіх жывёл і кароў нарыхтоўвалі пра запас — рэзалі на тонкія палоскі і сушылі над вогнішчам. Улетку лавілі рыбу, аднак рыбныя стравы (звычайна смажаная рыба) з’яўляліся дастаткова рэдкімі, іх гатавалі пераважна ў святочныя дні.
Асноўным тыпам паселішча была вялікая вёска. Маскогі будавалі драўляныя жытлы каля берагоў рэк і азёр, часцяком на пагорках. У старажытныя часы былі вядомы вялізныя пірамідальныя насыпы, на якіх ставілі слупы як фундамент для хаціны. Былі вядомы часовыя жытлы накшталт буданоў. У XVIII—XIX стст. кожная гаспадарка мела некалькі пабудоў. У адных толькі спалі, у іншых гатавалі ежу, захоўвалі прадукты. Памерлых хавалі пад падлогай, але пазней з’явіліся сямейныя могілкі.
Традыцыйная мужчынская вопратка — штаны з аленяй скуры, плашч з тканіны, макасіны. Жаночая вопратка — скураныя спадніцы і доўгія плашчы з тканіны. Узімку шылі адзежу з футра. Малыя дзеці звычайна не апраналіся. Мужчыны і жанчыны мелі доўгія валасы, у якія ўпляталі ўпрыгожванні, сашчаплялі срэбнымі шпількамі.
У пару, калі земляробства з’яўлялася асновай для здабычы харчавання і лічылася жаночай справай, сфарміраваўся тып сям’і, у якім адлік сваяцтва вёўся па жаночай лініі. Шлюб арганізоўваўся па дамове паміж прадстаўнікамі (сваякамі ці сябрамі) маладога чалавека з бацькамі дзяўчыны. Пасля шлюбу ён перасяляўся ў сям’ю яе бацькоў, і некалькі гадоў маладая сям’я жыла разам са старэйшымі, але з цягам часу адлучалася. Дашлюбныя сексуальныя адносіны былі нормай, але пазашлюбныя здрады не віталіся. Практыкавалася палігінія. Дапушчаліся разводы. Сем’і аб’ядноўваліся ў сваяцкія кланы. Шлюб у межах свайго клана забараняўся. У кожнай вёсцы жылі прадстаўнікі некалькіх кланаў.
Грамадскія адносіны засяроджваліся вакол кланаў і абшчын. Абшчынамі кіравалі прадстаўнікі мясцовых кланаў, звычайна мужчыны. Важную ролю ў жыцці абшчыны мелі супольнае землеўладанне, абавязковая ўзаемадапамога, традыцыі перадачы часткі прыватнай маёмасці іншым чальцам. У канцы XIX ст. замацавалася прыватная маёмасць на зямлю, што садзейнічала разбурэнню абшчынных адносінаў. Сістэма матрылінейных кланаў, якія насялялі розныя вёскі, аб’ядноўвала маскогі ў адзіную канфедэрацыю нават у часы, калі не мелася супольных правадыроў. Інстытут правадырства быў вядомы здаўна, але асаблівую важнасць набыў у XVIII—XIX стст. пад уплывам сталых войн. Пасада ваеннага правадыра не з’яўлялася спадчыннай. Усё залежала ад здольнасці аб’яднаць вакол сябе дарослых мужчын-воінаў. Правадыром мог стаць іншаземец, што не аднойчы і здаралася ў гісторыі маскогі. Еўрапейскія і амерыканскія ўлады імкнуліся падначаліць сабе правадыроў праз наданне ім ганаровых званняў, перадачу прыватнай уласнасці. Так, ужо Аляксандр Мак-Гіліўрэ набыў на грошы амерыканцаў баваўняную плантацыю і рабоў. У XIX ст. многія правадыры актыўна займаліся прадпрымальніцтвам і заключалі маёмасныя дагаворы ад імя супляменнікаў. Інстытут правадырства ўносіў раскол у канфедэратыўныя адносіны, паколькі пад уплывам ваенных лідараў здараліся адмежаванні тэрытарыяльных аб’яднанняў.
У адрозненне ад сваякоў-семінолаў, маскогі практыкавалі рабства. У старажытную эпоху рабом мог стаць ваеннапалонны, які звычайна знаходзіўся ў падначаленым стане ўсяго некалькі гадоў. У XVII—XVIII стст. маскогі спецыяльна арганізоўвалі ваенныя рэйды для захопу ваеннапалонных і продажу іх еўрапейскім перасяленцам. Але з канца XVIII ст., калі з’явіліся буйныя плантацыйныя гаспадаркі, маскогі самі пачалі купляць неграў-рабоў. Рабства было канчаткова адменена ў 1866 г. Былыя рабы атрымалі статус свабодных чальцоў грамадства маскогі, але не мелі зямельных надзелаў. Канстытуцыя 1979 г. абвяшчала, што маскогі можа лічыцца толькі той, хто мае продкаў-маскогі. Такім чынам многія нашчадкі рабоў згубілі статус супляменнікаў, што выклікала незадаволенасць сярод іх.
Згодна з Канстытуцыяй 1867 г., маскогі Аклахомы складаюць адзінае аб’яднанне — Нацыю, якая знаходзіцца ў дагаворных адносінах з урадам ЗША. Главой выканаўчай улады з’яўляецца вярхоўны правадыр, які кіруе шэрагам дэпартаментаў. Заканадаўчая ўлада прадстаўлена выбарнай Нацыянальнай Радай (Palen-Cenvpohkaken) з 18 чалавек. Яны зацвярджаюць вярхоўнага правадыра. Маецца традыцыйны суд. У склад Нацыі Маскогі ўваходзяць маскогі з іншых штатаў.
Фальклор маскогі вядомы сваімі гістарычнымі паданнямі, казкамі і легендамі. У канцы ліпеня — пачатку жніўня арганізуецца свята маладой кукурузы. У мінулым яно завяршала канец каляндарнага года і пачынала новы год, суправаджалася рытуальнымі танцамі, спаленнем старых рэчаў і рэшткаў старога ўраджая. Падчас свята маладой кукурузы асуджаныя (акрамя забойцаў) атрымоўвалі прабачэнне. У нашы дні свята згубіла рэлігійнае значэнне, аднак прыцягвае ўдзельнікаў не толькі сярод маскогі, але і іншых этнічных груп.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова маскогі належыць да асобнай моўнай сям’і. Першы фанетычны алфавіт быў складзены ў 1835 г. і выкарыстоўваўся для публікацыі хрысціянскай літаратуры. У нашы дні карыстаюцца алфавітам, складзеным у 1890 г. на аснове лацінкі. На мове маскогі стала размаўляе толькі 15 % ад усёй колькасці гэтага народа, але яна выкарыстоўваецца на афіцыйным узроўні Нацыяй Маскогі, існуе прафесійная літаратура.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Старажытная рэлігія маскогі была заснавана на веры ў Esaugetu Emissee (літаральна Гаспадара Дыхання), што дае пачатак жыцця і жыве на верхнім узроўні неба. Нябесныя свяцілы ўяўляліся яго пасланцамі. Кожны клан меў татэм, а кожнае паселішча — свяшчэнныя прадметы, якія звязвалі маскогі з Гаспадаром Дыхання. Трэба зазначыць, што апісанняў старажытных рэлігійных уяўленняў засталося мала, прычым некаторыя былі зроблены хрысціянскімі місіянерамі, якія тлумачылі рэлігію маскогі адвольна. Аднак з сярэдзіны XX ст. назіраецца цікавасць да адраджэння традыцыйных рытуалаў.
Большая частка сучасных вернікаў маскогі належыць да розных хрысціянскіх канфесій.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйная старонка
- Маскогі: Вывучэнне ідзейцаў крык
- Маскогі: Культура і гісторыя
- Энцыклапедыя Аклахомы Архівавана 20 ліпеня 2010.
- Гісторыя індзейцаў крык у Джорджыі Архівавана 11 лістапада 2014.
- Гісторыя і сучаснасць крык
- Краіны і культуры: Крык