Даўжыня цела да 4,6, перадплечча да 4,1 см. Афарбоўка спіны карычнявата-бурая, брушка — брудна-белаватая. Перапонка крыла прымацавана да асновы знешняга пальца ступні. Характэрна наяўнасць на міжбедранай перапонцы (паміж канцамі шпор і канцом хваста) добра прыкметных раснічак.
Пашырэнне: Заходняя (ад Міжземнага мора на поўнач да Ірландыі, Шатландыі і поўдня Швецыі) і Усходняя Еўропа, Каўказ і Закаўказзе, Паўднёва-Усходняя Сібір. Аселы від. Даволі буйныя скапленні гэтай начніцы вядомы ў пячорах Прыбалтыкі (Латвія, Эстонія) і ў наваколлі Санкт-Пецярбурга. На Беларусі адзначана ў Белавежскай пушчы і заказніку Стары Жадзен[1].
Месцы пражывання — мяшаныя лясы з дуплаватымі дрэвамі. Селіцца таксама ў нішах за драўлянай аблямоўкай будынкаў.
У другой палове красавіка займае летнія сховішчы: дуплы старых дрэў, гарышчы і нішы пад налічнікамі і аканіцамі. На паляванне вылятае пасля заходу сонца. Ловіць двукрылых, вяснянак, шыцікаў, дробных лускакрылых і жорсткакрылых над паверхняй вадаёмаў, у кронах дрэў. У чэрвені самка прыносіць 1 дзіцяня. На час цяжарнасці і гадавання маладых утварае невялікія (да 20 асобін) калоніі. У кастрычніку займае зімовыя сховішчы: склепы, сховішчы для гародніны, пячоры, штольні.