Палітыка Японіі
Сённяшняя Японія — дэмакратычная канстытуцыйная манархія на чале з адзіным у свеце імператарам. Японія — унітарная краіна, дзеліцца на 47 прэфектур. Сучасная афіцыйная назва краіны — «Ніхон коку» або «Ніпон коку» (日本国).
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]Імператар
[правіць | правіць зыходнік]Японія — канстытуцыйная манархія. Паводле Канстытуцыі 1947 года кіраўнік дзяржавы — імператар, які ў Канстытуцыі завецца "сімвалам Дзяржавы і еднасці народа". А перадусім, згодна з Канстытуцыяй, носьбітам суверэнітэту з'яўляецца японскі народ. Імператар, чые паўнамоцтвы сур'ёзна абмежаваны, ажыццяўляе дзяржаўныя справы па парадзе і з ухвалення кабінета міністраў, які нясе за іх адказнасць. У 1989 года пасля смерці імператара Хірахіта новым імператарам стаў яго сын Акіхіта. 8 жніўня 2016 Акіхіта афіцыйна заявіў аб намеры адрачыся ад прастолу на карысць свайго сына Нарухіта. Цырымонія адрачэння прайшла 30 красавіка 2019 года.
Заканадаўчая ўлада
[правіць | правіць зыходнік]Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць парламенту (яп. 国会, Какай), які складаецца з 2 палат: прадстаўнікоў (465 дэпутатаў) і саветнікаў (242 дэпутаты). Тэрмін паўнамоцтваў палаты прадстаўнікоў 4 гады, палаты саветнікаў — 6 гадоў (з перавыбраннем паловы складу кожныя 3 гады). У палату прадстаўнікоў выбіраецца 300 дэпутатаў ад 11 аднамандатных акруг і 200 ад партый па прапарцыянальнай сістэме, у палату саветнікаў — 152 дэпутаты ад 47 прэфектур і 100 па прапарцыянальнай сістэме ад усёй краіны. Квартаруецца Какай у такійскім раёне Тыёда, непадалёк ад Імператарскага палаца. Японскія выбаршчыкі маюць права галасаваць з 18 гадоў, галасаванне таемнае і свабоднае.
Выканаўчая і судовая ўлады
[правіць | правіць зыходнік]Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм'ер-міністрам, якога са свайго складу выбірае парламент. Загад імператара зацвярджае прэм'ера на пасадзе. У сваю чаргу, прэм'ер-міністр прызначае ўсіх астатніх міністраў. Судовая ўлада складаецца з Вярхоўнага суда і судоў трох ніжэйшых узроўняў.
Палітыка Японіі
[правіць | правіць зыходнік]Палітычныя партыі
[правіць | правіць зыходнік]Сярод палітычных партый найбольшым даверам карыстаецца кансерватыўная Ліберальна-Дэмакратычная Партыя (ЛДП), што знаходзіцца ва ўладзе з 1955, за выняткам перапынкаў у 1993-94 і 2009-12 гг.. Па стане на 2024 год ва ўладзе знаходзяцца ліберал-дэмакраты. Бягучы прэм'ер — Сігэру Ісіба — таксама паўстаў з шыхтоў Ліберальна-Дэмакратычнай партыі. Апазіцыю вакол сябе гуртуе левацэнтрысцкая Канстытуцыйна-Дэмакратычная партыя.
Права і закон
[правіць | правіць зыходнік]Што тычыцца гісторыі права, то да перыяду Эда японская юрысдыкцыя фармавалася пад моцным кітайскім ўплывам. З канца ХІХ стагоддзя Японія шукала ўласны шлях, але відавочна не змагла адмовіцца ад прагрэсіўных запазычанняў з еўрапейскага — асабліва германскага — права. Натхнёны германскім заканадаўствам Грамадзянскі кодэкс 1896 года з пасляваеннымі дапаўненнямі ляжыць у аснове сённяшняй прававой Японіі.
Знешняя палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Японія мае дыпламатычныя адносіны з большасцю краін свету і з'яўляецца актыўным удзельнікам ААН са снежня 1956 года. Японія ўваходзіць у склад Вялікай сямёркі, G20, АЭСР, а таксама рэгулярна абіраецца нясталым членам Савета Бяспекі ААН. На рэгіянальным узроўні ўваходзіць у АЦЭС, падтрымлівае фармат АСЕАН +3. Галоўным саюзнікам Японіі пасля другой сусветнай вайны сталі ЗША, якія застаюцца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Японіі, а амерыканскія ваенныя базы ахоўваюць бяспеку краіны ўзыходзячага сонца.
Тэрытарыяльныя спрэчкі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля другой сусветнай вайны Злучаным Штатам адышлі Паўночныя Марыянскія астравы, з чым Японія пагаджаецца. Затое занятыя ў 1945 савецкімі войскамі бліжэйшыя да Хакайда астравы Курыльскага архіпелага — Кунашыр, Шыкатан, Ітуруп і града Хабамаі — лічыць сваімі. Аспрэчвае Японія і карэйскую прыпіску драбнюткіх скалістых астраўкоў Ліянкур (яп. Takeshima, кар. Dokdo) у Японскім моры. У 1972 Японія атрымала ў валоданне астравы Сенкаку на поўдні ад Рукю. На гэтыя астравы прэтэндуе Тайвань, і, натуральна, Кітай, які прэтэндуе на Тайвань.
Беларуска-японскія адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй ўстаноўлены 26 студзеня 1992 года. З студзеня 1993 года функцыянуе Пасольства Японіі ў г.Мінску. У чэрвені 1995 года адкрыта Пасольства Беларусі ў г.Токіа. Трагічная роднаснасць дзвюх дзяржаў звязана з тым, што і Беларусь, і Японія моцна пацярпелі ад радыяцыі. Тым не менш за 27 гадоў, афіцыйныя сустрэчы адбываліся на ўзроўні максімум дэпутатаў парламентаў, саветнікаў і замміністраў замежных справаў.
У 1999 годзе адбыліся візіты ў Токіа беларускай урадавай дэлегацыі пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, а таксама дэлегацыі прадстаўнікоў дзелавых колаў нашай краіны для ўдзелу ў Канферэнцыі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і прыцягненню інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь на базе Японскай арганізацыі знешняга гандлю ДЖЭТРА. Развіваецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва.
У 2001 годзе па запрашэнні названай групы Японію наведала дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале з Намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі М. А. Аўласевічам.
У чэрвені 2004 года была заснавана Асацыяцыя дружбы і парламенцкіх сувязей з Рэспублікай Беларусь Палаты прадстаўнікоў японскага парламента. Кіраўніком Асацыяцыі з'яўляецца дэпутат Е.Аона. У выніку парламенцкіх выбараў у Японіі ў жніўні 2009 года Е.Аона пераабраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў на чарговы тэрмін, ён таксама застаўся старшынёй Асацыяцыі дружбы і парламенцкіх сувязей з Рэспублікай Беларусь. У перыяд 8-9 кастрычніка 2007 года адбыўся візіт у г. Мінск Генеральнага дырэктара Бюро еўрапейскіх адносінаў МЗС Японіі Т.Харады. 22-24 кастрычніка 2009 арганізаваны візіт у Рэспубліку Беларусь Е.Аона, дэпутата Палаты прадстаўнікоў парламента Японіі, старшыні Асацыяцыя дружбы і парламенцкіх сувязей з Рэспублікай Беларусь.
Пачынаючы з 2000 года, праведзена сем раўндаў беларуска-японскіх кансультацый паміж МЗС, апошні з якіх адбыўся ў снежні 2009 года.
З кожным годам пашыраецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва: на 2018 гэта Мінская вобласць — прэфектура Міягі, Магілёўская вобласць — прэфектура Осака, гарады Мінск і Сэндай, Шклоў і Таке, Нясвіж і Сіраісі).[1].
Традыцыйнымі экспартнымі таварамі Беларусі ў Японію з'яўляюцца калійныя ўгнаенні, шкловалакно, лазеры, прылады на вадкіх крышталях, дазіметры; імпартуе Беларусь абсталяванне для прамысловых прадпрыемстваў, запчасткі для аўтамабіляў, электроніку. Агульны тавараабарот у 2017 склаў 42 млн даляраў, са слабаадмоўным для Беларусі сальда (- 2,2 млн).[2]
У 2018 Беларускія візы атрымала каля 1100 японцаў, што стала рэкорднай колькасцю.
З верасня 2001 года ў рэгіёне Кансай акрэдытаваны Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь Т.Сінгу. З красавіка 2013 года ў рэгіёне Тахоку акрэдытаваны Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь М.Сасакі.[3]
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Японія падзяляецца на 47 прэфектур, кожная пад началам выбарнага губернатара, заканадаўчай і адміністрацыйнай бюракратыі. Кожная прэфектура дзеліцца на гарады, мястэчкі і вёскі. Сёння агламерацыйныя працэсы садзейнічаюць зліццю гарадоў у больш вялікія цэлыя, што змяншае колькасць адзінак на ніжэйшых узроўнях і скарачае бюракратычныя выдаткі.
Зноскі
- ↑ https://www.belta.by/interview/view/proshedshij-2018-god-stal-perelomnym-v-razvitii-belorussko-japonskih-otnoshenij-6657/
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2019. Праверана 28 лютага 2019.
- ↑ Сайт Пасольства Рэспублікі Беларусь у Японіі