Перайсці да зместу

Папуаскія мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Папуаскія
Таксон сям'я
Прарадзіма востраў Новая Гвінея
Арэал Папуа — Новая Гвінея, Інданезія, Саламонавы Астравы, Усходні Тымор
Колькасць носьбітаў болей за 4 млн
Класіфікацыя
Катэгорыя Папуаскія мовы
Папуаскія мовы
Коды моўнай групы
ДАСТ 7.75–97 паа 532
ISO 639-2 map
ISO 639-5 paa

Папуа́скія мовы — агульная назва болей за 1000 моў Новай Гвінеі і суседніх астравоў, якія не ўваходзяць у склад аўстранезійскай групы моў. Папуаскія мовы не складаюць адзіную генетычную сям'ю, а арганізаваны ў некалькі дзесяткаў сем'яў моў.

Арэал папуаскіх моў

На папуаскіх мовах размаўляюць на ўсёй тэрыторыі вострава Новая Гвінея і прылеглых астравах. На захадзе арэал распаўсюджання дасягае Малукскіх астравоў і Тымора, але ў мінулым быў значна шырэйшым. Да першай чвэрці XIX ст. на адной з папуаскіх моў размаўлялі носьбіты культуры Тамбора на востраве Сумбава. На ўсходзе папуаскія мовы дысперсна сустракаюцца на Саламонавых астравах.

Для папуаскіх моў характэрна значная разнастайнасць пры адносна невялікай колькасці носьбітаў той ці іншай мовы. У горнай ізаляванай мясцовасці папуасы кожнай вёскі могуць размаўляць на асобнай мове. Таму дакладная колькасць папуаскіх моў — даволі спрэчнае лінгвістычнае пытанне. Не існуе адзіна прынятай класіфікацыі, хаця першая спроба была прадпрынята брытанцам Сідні Гербертам Рэям у 1892 г. С. Г. Рэй першым вылучыў папуаскія мовы і здолеў паказаць іх адрозненні ад аўстранезійскай групы. Прадпрымаліся спробы далучыць папуаскія мовы да інда-ціхаакіянскай буйной групы, аднак сама гіпотэза існавання інда-ціхаакіянскіх моў была абвергнута.

У наш час найбольш пашыранай з'яўляецца класіфікацыя аўстралійскага лінгвіста Малькальма Роса, які карыстаўся папярэднімі спробамі класіфікацыі. Ён вылучыў 22 асобныя сям'і і надсям'і папуаскіх моў, найбольш распаўсюджанымі з якіх з'яўляюцца транс-навагвінейская (466 - 493 моў), пашыраная заходнепапуаская (каля 38 моў), тарычэлі (40 - 50 моў), сепік (51 мова), раму — ніжнія сепік (40 моў), паўднёва-цэнтральныя мовы (22 мовы) і г. д. Акрамя таго, існуюць ізаляваныя мовы, многія з якіх сустракаюцца ў горнай мясцовасці і прыбярэжных астравах.

Большасць папуаскіх моў мае простую фанетычную сістэму, выкарыстоўвае 5 галосных гукаў i, е, а, о, у (хаця сустракаюцца мовы да 8 галосных), склоны і роды назоўнікаў, змену дзеясловаў праз суфіксы пры адсутнасці залежных дзеясловаў. Сінтаксіс абапіраецца на форму суб'ект — аб'ект — дзеяслоў. Разам з гэтым, вядомы асобныя мовы з танальнай фаналогіяй, адсутнасцю канкрэтных націскных складоў, падзелам назоўнікаў на класы (да 10), кожны з якіх характарызуецца ўласцівымі толькі яму суфіксамі.