Перайсці да зместу

Планшэтны камп’ютар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
iPad ад Apple (злева) і Fire ад Amazon, два папулярныя планшэтныя камп’ютары

Планшэтны камп’ютар (скарочана планшэт) — гэта мабільная прылада, як правіла, з мабільнай аперацыйнай сістэмай і сэнсарным экранам, а таксама акумулятарнай батарэяй у адным тонкім і плоскім корпусе. Планшэты робяць тое ж самае, што і іншыя персанальныя камп’ютары, але не маюць некаторых магчымасцей уводу/вываду. Планшэты ў значнай ступені нагадваюць сучасныя смартфоны, аднак адрозненне ў тым, што планшэты адносна большыя за смартфоны, з экранамі 18 см або больш па дыяганалі, і могуць не падтрымліваць доступ да сотавай сеткі . У адрозненне ад ноўтбукаў планшэты, як і смартфоны, звычайна працуюць пад кіраваннем мабільных аперацыйных сістэм.

Сэнсарны экран кіруецца жэстамі, якія выконваюць пальцам або стылусам замест мышы, сэнсарнай панэлі і клавіятуры настольных камп’ютараў. Планшэты можна класіфікаваць па наяўнасці і вонкавым выглядзе фізічных клавіятур. Большасць планшэтаў не маюць фізічных клавіятур: тэкст уводзіцца з дапамогай віртуальнай клавіятуры, паказанай на сэнсарным экране. Каб кампенсаваць адсутнасць фізічнай клавіятуры, планшэт можна падключыць да незалежнай фізічнай клавіятуры праз Bluetooth або USB. Таксама існуюць планшэты з фізічнымі клавіятурамі, якія можна скласці або аддзяліць.

Ідэя планшэта была прапанавана ў сярэдзіне 20-га стагоддзя: Стэнлі Кубрык адлюстраваў выдуманыя планшэты ў навукова-фантастычным фільме 1968 года «Касмічная адысея 2001 года». У 2010 годзе Apple выпусціла iPad — першы планшэт масавага рынку, які дасягнуў шырокай папулярнасці. Пасля гэтага планшэты хутка распаўсюдзіліся і неўзабаве сталі шырока выкарыстоўвацца для асабістых, адукацыйных і працоўных задач. Планшэтны камп’ютар выкарыстоўваюць для прагляду прэзентацый, чытання электронных кніг, прагляду фільмаў, абмену фатаграфіямі і г.д.[1] Па стане на 2018 год ва ўсім свеце налічвалася 1,28 мільярда карыстальнікаў планшэтаў.[2] Станам на 2021 год Apple займае самую вялікую долю рынку вытворцаў (38,0 %), далей ідуць Samsung (15,9 %) і Lenovo (10,0 %).[3]

Выдуманыя планшэты і прататыпы

[правіць | правіць зыходнік]

Планшэтныя камп’ютары з’явіліся ў творах навуковай фантастыкі другой паловы 20 стагоддзя. Гэта спрыяла распаўсюджванню канцэпцыі сярод шырокай аўдыторыі. Прыклады:

  • Айзек Азімаў апісаў вылічальны планшэт у сваім рамане «Асновы» (1951)
  • Станіслаў Лем апісаў Аптон у сваім рамане "Вяртанне з зорак " (1961)
  • Шмат падобных прылад было адлюстравана ў фільме Джына Родэнберы «Зорны шлях: Арыгінальны серыял» (1966)
  • Навінны планшэт Артура К. Кларка быў адлюстраваны ў фільме Стэнлі Кубрыка «Касмічная адысея 2001 года» (1968)
  • Дуглас Адамс апісаў планшэтны камп’ютар у «Даведніку аўтастопшчыка па Галактыцы»(1978)
  • У навукова-фантастычным тэлесерыяле «Зорны шлях: Наступнае пакаленне» былі паказаны планшэтныя камп’ютары, адметныя тым, што выкарыстоўвалі сэнсарны інтэрфейс, як са стылусам, так і без яго (1987)
  • У франшызе «Зорныя войны» прадстаўлены датапады, упершыню апісаныя ў друку ў рамане «Спадчыннік імперыі» 1991 года і адлюстраваныя на экране ў мастацкім фільме 1999 года «Зорныя войны: Эпізод I — Уяўная пагроза».

У рэальнасці таксама прапаноўвалі альбо стваралі планшэтныя камп’ютары, напрыклад:

  • У 1968 годзе інфарматык Алан Кей распрацаваў і апісаў канцэпцыю прылады, падобнай на планшэт, у сваёй прапанове «Персанальны камп’ютар для дзяцей усіх узростаў» (1972)
  • У 1979 годзе ідэя планшэта з сэнсарным экранам была запатэнтавана ў Японіі камандай распрацоўшчыкаў з кампаніі Hitachi
  • У 1992 годзе Atari прадставіла прыладу, якая мела прататып распазнання рукапіснага ўводу.
  • У 1994 годзе Еўрапейскі саюз ініцыяваў праект NewsPad, натхнёны мастацкімі творамі Кларка і Кубрыка. Кампанія Acorn Computers распрацавала планшэтны камп’ютар з сэнсарным экранам, праект завяршыўся ў 1997 годзе
  • Падчас выставы COMDEX у лістападзе 2000 года Microsoft выкарыстала тэрмін «планшэтны ПК» для апісання прататыпа кішэннай прылады, якую яны дэманстравалі.[4]
  • У 2001 годзе Ericsson Mobile Communications анансавала эксперыментальны прадукт пад назвай DelphiPad з сэнсарным экранам, Netscape Navigator у якасці вэб-браўзера і Linux у якасці аперацыйнай сістэмы.[5]

Першыя планшэты

[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1989 года GRiD Systems выпусціла першы камерцыйна паспяховы планшэтны камп’ютар GRiDPad.

У 1993 годзе Apple Computer выпусціла персанальны лічбавы памочнік Apple Newton. Ён выкарыстоўваў уласную аперацыйную сістэму Apple Newton OS.

У 1996 годзе Palm, Inc. выпусціла першы КПК PalmPilot з сэнсарным экранам і стылусам.

Таксама ў 1996 годзе Fujitsu выпусціла планшэтны ПК Stylistic 1000 пад кіраваннем Microsoft Windows 95 з уводам стылусам і магчымасцю падлучэння звычайнай клавіятуры і мышы.

У 1999 годзе Intel анансавала планшэтны камп’ютар з сэнсарным экранам пад назвай WebPAD.

У 2000 годзе нарвежская кампанія Screen Media AS і нямецкая кампанія Dosch & Amand Gmbh выпусцілі FreePad.[6] Ён быў заснаваны на Linux і выкарыстоўваў браўзер Opera, меў доступ у Інтэрнэт, сэнсарны экран і слоты для SIM-карт. FreePad прадаваўся ў Нарвегіі і на Блізкім Усходзе, але кампанія была распушчана ў 2003 годзе.

Sony выпусціла свой планшэт з бесправадным інтэрнэтам Airboard у Японіі ў канцы 2000 года.[7]

У 2002 годзе Microsoft выпусціла прыладу Microsoft Tablet PC — IBM PC-сумяшчальны камп’ютар, са стылусам і аперацыйнай сістэмай Windows XP Tablet PC Edition.

У маі 2005 года Nokia анансавала новую бесправадную прыладу Nokia 770 Internet Tablet, прызначаную для менавіта для выкарыстання інтэрнэта, першыя продажы пачаліся 3 лістапада 2005 года.

Планшэтны ПК і інтэрнэт-планшэт

[правіць | правіць зыходнік]

У 2000-x Microsoft папулярызавала тэрмін «планшэтны персанальны камп’ютар» для планшэтных камп’ютараў, створаных у адпаведнасці са спецыфікацыямі Microsoft, пад кіраваннем ліцэнзійнай пашыранай версіі Microsoft Windows для канкрэтнага планшэта. Пазней гэты тэрмін пашырыўся на ўсе камп’ютары, якія мелі поўную апаратную сумяшчальнасць з IBM PC камп’ютарамі, а таксама ўсталяваныя паўнавартасныя аперацыйныя сістэмы.

У той жа час ствараўся клас прылад, галоўнай асаблівасцю якога было пастаяннае падлучэнне да сеткі Інтэрнэт — праз Wi-Fi або 3G/4G-злучэнне. Гэтыя прылады называліся інтэрнэт-планшэтамі, мелі мабільныя аперацыйныя сістэмы і былі несумяшчальнымі з IBM PC камп’ютарамі.

З развіццём рынку планшэтных камп’ютараў, удасканаленнем іх архітэктуры і праграм розніца паміж гэтымі класамі прылад паступова знікла.

Сучасныя планшэты

[правіць | правіць зыходнік]
Стыў Джобс прадстаўляе iPad у Сан-Францыска 27 студзеня 2010 г

Першыя планшэты на базе Android былі выпушчаныя ў 2009 годзе. Сярод іх быў Archos 5, кішэнная мадэль з 5-цалевым сэнсарным экранам. Першы планшэт на базе Android з падтрымкай LTE з’явіўся ў канцы 2009 года, гэта прылада называлася Ultra.

Кампаніі Apple часта прыпісваюць стварэнне новага класа спажывецкіх прылад з выпускам iPad у 2010 годзе. Лічыцца, што iPad сфармаваў камерцыйны рынак планшэтаў і зрабіў планшэты папулярнымі.[8]

У сакавіку 2012 года часопіс PC Magazine паведаміў, што 31 % інтэрнэт-карыстальнікаў у ЗША валодаюць планшэтам, які выкарыстоўваецца ў асноўным для прагляду апублікаванага кантэнту, напрыклад відэа і навін.[9] Самай папулярнай лінейкай прылад стаў iPad з 100 мільёнамі прададзеных з моманту выпуску ў красавіку 2010 г. да сярэдзіны кастрычніка 2012 г.[10] Доля рынку iPad зменшылася да 36 % у 2013 г., планшэты Android складалі да 62 %.

Па стане на люты 2014 года 83 % распрацоўшчыкаў мабільных праграм арыентаваліся на планшэты[11], пры гэтым 93 % распрацоўшчыкаў арыентаваліся на смартфоны. iPad найбольш часта выкарыстоўваўся ў Паўночнай Амерыцы, Заходняй Еўропе, Японіі, Аўстраліі і большасці Амерыкі. Планшэты Android былі больш папулярныя ў большасці краін Азіі (за выключэннем Кітая і Расіі), Афрыкі і Усходняй Еўропы. У 2015 годзе продажы планшэтаў не павялічыліся. Apple заставалася найбуйнейшым прадаўцом, але яе доля на рынку знізілася ніжэй за 25 %.[12]

Па стане на пачатак 2016 года, Android складаў большасць рынку планшэтаў з 65 %, Apple мела другое месца з 26 %, а Windows заняла трэцяе месца з 9 %.[13]

Віды планшэтаў

[правіць | правіць зыходнік]

Планшэты можна ўмоўна згрупаваць у некалькі катэгорый па фізічных памерах, тыпу ўсталяванай аперацыйнай сістэмы, тэхналогіі ўводу і вываду і выкарыстанні.[14]

Класічны планшэтны камп’ютар выглядае як суцэльная простакутная прылада з сэнсарным экранам і без клавіятуры.

Параўнанне некалькіх міні-планшэтаў: Amazon Kindle Fire (злева), iPad Mini (у цэнтры) і Google Nexus 7 (справа)

Памер класічнага планшэта звычайна складае ад 6 да 10 цаляў (прыкладна 15-25 сантыметраў). Некаторыя мадэлі маюць нават больш за 10 цаляў, напрыклад, Samsung Galaxy Tab Pro 12.2 з дыяганаллю 12,2 цалі (31 см). У верасні 2015 года Apple выпусціла iPad Pro з памерам экрана ў 12,9 цалі (33 см).[15]

Міні-планшэты меншыя па памерах і важаць менш, чым класічныя планшэты, з тыповым памерам экрана 7-8 цаляў (18-20 см). Першыя камерцыйна паспяховыя міні-планшэты былі прадстаўлены Amazon.com (Kindle Fire), Barnes&Noble (Nook Tablet) і Samsung (Galaxy Tab) у 2011 годзе; таксама Google выпусціў міні-планшэт Nexus 7 у 2012 годзе. Яны працуюць ідэнтычна са звычайнымі планшэтамі, аднак маюць меншыя характарыстыкі ў параўнанні з імі.

Смартфоны і планшэты — гэта падобныя прылады, якія адрозніваюцца тым, што першыя звычайна маюць меншы экран, а большасць планшэтаў не маюць доступу да мабільнай сеткі. З 2010 года выпускаюцца сэнсарныя смартфоны з экранам больш за 5 цаляў. Гэты памер звычайна лічыцца большым, чым у традыцыйнага смартфона, ствараючы гібрыдную катэгорыю фаблета па версіі Forbes.[16] Назва «фаблет» (phablet) утварылася ад англійскіх словаў «тэлефон» (phone) і «планшэт» (tablet).

Прыкладамі фаблетаў з’яўляюцца серыя Samsung Galaxy Note (5,7 цалі), LG V10 / V20 (5,7 цалі), Sony Xperia XA Ultra (6 цаляў), Huawei Mate 9 (5,9 цалі), і Huawei Honor (MediaPad) X2 (7 цаляў).

Asus Transformer Pad, гібрыдны планшэт з аперацыйнай сістэмай Android

Планшэтныя ноўтбукі

[правіць | правіць зыходнік]

Да класу планшэтных ноўтбукаў можна аднесці прылады, якія маюць і сэнсарны экран, і фізічную клавіятуру. Пры гэтым клавіятура можа быць непадзельнай з экранам: экран можна павярнуць вакол восі на 180° і пакласці на клавіятуру — гэта так званы ноўтбук-трансформер. У якасці ноўтбукаў-трансформераў можна прывесці серыю Lenovo Yoga.

Таксама клавіятура можа быць аддзяляльнай, у гэтым выпадку экран сумесна з клавіятурай выглядае як ноўтбук ці нэтбук, без клавіятуры экран паводзіць сябе як звычайны планшэт. Такія прылады таксама называюць гібрыднымі планшэтамі або гібрыднымі ноўтбукамі. Прыклады ўключаюць серыі Asus Transformer Pad, iPad Pro і Microsoft Surface Book.

Зноскі

  1. What is a Tablet PC? (англ.). Lenovo. Праверана 13 лютага 2023.
  2. Number of tablet users worldwide from 2013 to 2021 (in billions) (англ.). Statista. Праверана 13 лютага 2023.
  3. Tablet sales start to slump despite strong growth in 2021 (англ.). IT PRO. Праверана 13 лютага 2023.
  4. Bill Gates introduces Tablet PC (англ.) (1 лістапада 2000). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2000.(недаступная спасылка)
  5. Ericsson, CWC develop Linux handheld PC (12 студзеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
  6. FreePad: Norway's alternative to Sweden's Screen Phone (29 жніўня 2000).
  7. Sony previews new Airboard tablet PC (3 кастрычніка 2001).
  8. Microsoft offers more muted view of PCs (англ.).
  9. Moscaritolo, Angela (June 18, 2012). "Survey: 31 Percent of U.S. Internet Users Own Tablets". PC Magazine. Архівавана з арыгінала October 14, 2012. Праверана 2024-02-03.
  10. Chen, Brian X. (October 23, 2012). "Apple, Facing Competition, Introduces a Smaller iPad of no significant change". The New York Times. Архівавана з арыгінала February 16, 2013. Праверана 2024-02-03.
  11. W3C Interview: Vision Mobile on the App Developer Economy with Matos Kapetanakis and Dimitris Michalakos | W3C Blog (англ.).
  12. iPad loses marketshare as tablet market shrinks (англ.). Network World (30 ліпеня 2015). Архівавана з першакрыніцы March 4, 2016. Праверана January 3, 2016.
  13. Jordan, Greg. IDC releases Q2 tablet PC marketshare, Windows still trails iOS and Android (англ.). MSPoweruser (2 жніўня 2016). Архівавана з першакрыніцы January 9, 2017.
  14. Various Types of Tablets. live. Pinig. Архівавана з першакрыніцы October 3, 2016.
  15. iPad Pro. live. Apple. Архівавана з першакрыніцы September 11, 2015.
  16. Kay, Roger. "5" Is the market ready for a 'phablet'?". Forbes(англ.). Архівавана з арыгінала July 29, 2017.