Перайсці да зместу

Пратэсты на плошчы Цяньаньмэнь (1989)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пратэсты на плошчы Цяньаньмэнь, 2 чэрвеня 1989

Пратэсты на плошчы Цяньаньмэнь — серыя акцый пратэсту на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне, якія працягваліся з 15 красавіка па 4 чэрвеня 1989 года, галоўнымі ўдзельнікамі былі студэнты. 4 чэрвеня пратэстоўцы былі разагнаны з прымяненнем танкаў, у выніку чаго загінула па розных дадзеных ад 200 да 1000 чалавек[1].

Увесну 1989 года на плошчы Цяньаньмэнь, якая была звычайным месцам масавых пратэстаў, сабраліся разам людзі розных поглядаў, якіх яднала незадаволенасць рэформамі, што праводзіліся ўрадам Дэн Сяапіна. Студэнты, натхнёныя гарбачоўскай перабудовай у СССР, патрабавалі ад уладаў не толькі эканамічных пераўтварэнняў, але і галоснасці з дэмакратызацыяй. Бо Камуністычная партыя Кітая па-ранейшаму захоўвала манапольную ўладу. Рабочыя, па дабрабыце якіх ударылі эканамічныя пераўтварэнні, хацелі вярнуць парадак, які быў пры Мао Цзэдуне. Яшчэ частку людзей вывела на плошчу абурэнне маштабамі карупцыі ў галінах улады. «Далоў прадажных чыноўнікаў!» — такі быў адзін з галоўных лозунгаў плошчы Цяньаньмэнь[2].

Пратэсты пачаліся 15 красавіка і не спыняліся, нягледзячы на заклікі ўлады разыходзіцца. За 4 дні студэнтамі Акадэміі мастацтваў Пекіна з пенапласту, пап’е-машэ і металічнай арматуры была створана і ўсталяваная на плошчы дзесяцімятровая статуя «Багіня дэмакратыі».

Праз месяц пасля пачатку пратэстаў у Пекіне ўвялі надзвычайнае становішча. Падобныя плошчы ўзніклі ў Шанхаі, іншых буйных гарадах. Тады было вырашана разагнаць пратэстоўцаў сілай.

Помнік ва Уроцлаве (Польшча) да 10-й гадавіны падзей 4 чэрвеня

Аперацыя пачалася 3 чэрвеня. Але амаль цэлыя суткі войска не магло дайсці да плошчы: людзі спынялі танкі і бронетранспарцёры і нават спалілі больш за дзясятак баявых машын. Салдаты з брані пачалі страляць у натоўп. Параненых у шпіталь везлі веларыкшамі. Колькасць ахвяраў сярод пратэстоўцаў дагэтуль невядомая. Паводле афіцыйных звестак — 242 чалавекі, але называліся лічбы і ў 1000 і ў некалькі тысяч, бо бойня ішла не толькі на плошчы, але і на прылеглых вуліцах. Усіх удзельнікаў пратэстаў абвесцілі злачынцамі, арыштоўвалі і трымалі без суда. Сотні пратэстоўцаў уцяклі за мяжу.

Пасля падзей на плошчы Цяньаньмэнь Кітай цвёрда стаў на рэйкі эканамічных пераўтварэнняў без палітычнай лібералізацыі[2].

Зноскі