Сацыялінгвістыка
Сацыялінгвістыка | |
---|---|
Прадмет вывучэння | linguistic prescription[d], стандартная мова, language ideology[d], language attitude[d], codification[d], моўная норма, communicative competence[d], language proficiency[d], hyperadaptation[d], usage[d], hypercorrection[d] і linguistic insecurity[d] |
Вывучаецца ў | сацыялінгвістыка |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сацыялінгвістыка ці сацыяльная лінгвістыка — навуковая дысцыпліна, якая развіваецца на стыку мовазнаўства, сацыялогіі, сацыяльнай псіхалогіі і этнаграфіі і вывучае комплекс праблем, звязаных з сацыяльнай прыродай мовы, яе грамадскімі функцыямі, механізмам уздзеяння сацыяльных фактараў на мову і той роляй, якую выконвае мова ў жыцці грамадства.
Асноўныя праблемы сацыялінгвістыкі: сацыяльная дыферэнцыяцыя мовы, праблема нацыянальнай мовы, моўная сітуацыя, сувязь і ўзаеміны мовы і культуры, праблемы сацыяльных аспектаў білінгвізму і дыгласіі, выміранне і рэвіталізацыя моў. Адмысловае месца ў сацыялінгвістыцы займае праблема моўнай палітыкі.
Для сацыялінгвістыкі як навукі характэрны наступныя прынцыпы:
- Вывучае мову, беручы да ўвагі знешнія ў адносінах да мовы чыннікі, а не толькі ўнутраныя моўныя структуры.
- Разглядае эвалюцыю мовы ў сацыяльным кантэксце.
- Унутраныя чыннікі: семантыка і сінтаксіс, якія ўзнікаюць у працэсе маўлення.
- Знешнія чыннікі: эканамічныя, дэмаграфічныя, сацыяльныя, палітычныя, гендарныя і інш.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1916 годзе выйшла першае выданне «Курса агульнай лінгвістыкі» Фердынанда дэ Сасюра (1857—1913), дзе сцвярджалася, сярод іншага, што «мова — сістэма, якая мае свой уласны парадак развіцця», «мовазнаўства мае адзіны сапраўдны прадмет даследавання — мова сама па сабе і сама для сябе». З крытыкай гэтых тэзісаў выступіў філолаг, мовазнаўца Антуан Мее (1866—1936) — адзін з папярэднікаў сучаснай сацыялінгвістыкі:
Аддзяляючы моўныя змены ад знешніх умоваў, ад якіх яны залежаць, Фердынанд дэ Сасюр пазбаўляе іх рэальнасці; гэта зводзіць іх да абстракцый, якія ніколі не вытлумачыць. А. Мее
|
Тэрмін «сацыялінгвістыка» ў ЗША быў уведзены ў 1952 годзе сацыёлагам Г. Кары.
Уільям Лабоў (нар. 1927) лічыцца ў англасаксонскай традыцыі заснавальнікам сучаснай сацыялінгвістыкі. Менавіта ён у 1966 годзе апублікаваў кнігу «Сацыяльнае расслаенне англійскай мовы ў Нью-Ёрку» (The Social Stratification of English in New York City).
У XX стагоддзі развіваецца марксісцкае мовазнаўства, якое вызначае дамінаванне, перавагу сацыяльнага, класавага, дзе сацыялінгвістыка вызначаецца як «буржуазная дысцыпліна».
Прадмет
[правіць | правіць зыходнік]Прадметам сацыялінгвістыкі лічацца ўсе віды ўзаемаадносінаў паміж мовай і грамадствам:
- мова і культура,
- мова і гісторыя,
- мова і этнас,
- мова і царква,
- мова і школа,
- мова і палітыка,
- мова і масавая камунікацыя
- і інш.
Прадмет сацыялінгвістыкі часам ахоплівае сітуацыі выбару чалавекам (суразмоўцам) таго ці іншага варыянту мовы (або элемента, адзінкі мовы). У моўных зносінах увесь час магчымыя варыянты: варыянты любога рангу — пачынаючы ад канкурэнтных моў (пры шматмоўі) да варыянтаў нарматыўнага вымаўлення — называюць сацыялінгвістычнай зменнай. Гэта свайго роду адзінка аналізу ў сацыялінгвістычных даследаваннях.
Сацыялінгвістыка часам разумеецца як вывучэнне асаблівасцей мовы розных сацыяльных, узроставых, гендарных[1] груп суразмоўцаў.
Напрамкі даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Сацыялінгвісты свету, а таксама беларускія займаюцы вывучэннем наступных моўных з’яваў:
Глотапалітыка
[правіць | правіць зыходнік]Гэта ўздзеянне дзяржавы, яе асобных інстытутаў, уплывовых асоб на мову. Разуменне гэтага ўздзеяння адкрывае разуменне моўнага сораму, моўнай нянавісці. Паняцце «глотапалітыка» ўведзена ў сацыялінгвістыку французскімі даследчыкамі Луі Геспенам і Жанам-Батыстам Марселезі (Guespin et Marcellesi 1986). Глотапалітыка дазваляе больш поўна разумець палітычны ўплыў на развіццё мовы[2].
Моўная (сама)нянавісць
[правіць | правіць зыходнік]Таксама вядома як auto-odi[3], паняцце прапанавана Рафаэлем Луісам Нініёлесам у якасці адпраўнога пункта для разважанняў пра стан маргіналізацыі беларускай мовы. Дзякуючы канцэпту auto-odi паўстала паняцце «моўны сорам».
Сацыялінгвісты паступова адыходзяць ад паняцця моўнай (сама)нянавісці і пераходзяць да паняцця моўнага сораму.
Моўны сорам
[правіць | правіць зыходнік]У Беларусі ў большасці выпадкаў канстатуецца пераважна сорам. Паняцце «моўны сорам» больш дакладнае, бо яно дамінуе ў аналізе дыскурсаў, у аналізе ўспамінаў, а таксама ў адказах рэспандэнтаў падчас інтэрв’ю. Да ўсяго моўны сорам — гэта паняцце, які паўстае на ўзроўні самавызначэння. Моўны сорам варта разглядаць як вынік негатыўнай моўнай палітыкі, рэпрэсій, траўмы, якія зведалі беларусы ў межах Расійскай імперыі, а пазней у Савецкім саюзе[4].
Гендарны напрамак
[правіць | правіць зыходнік]Гэты напрамак даследуе, якім чынам пол, гендар і сексуальнасць звязаныя паміж сабою і ўплываюць на мову. А дакладней — як гендар адлюстроўваецца ў мове, як мужчыны і жанчыны падаюцца, апісваюцца ў мове на ўзроўні лексікі, сінтаксісу, катэгорыі роду і інш. Таксама важна разумець моўныя і камунікацыйныя асаблівасці паводзінаў мужчын і жанчын: ці існуюць адрозненні ў маўленні мужчын і жанчын; ці ёсць моўная і камунікацыйныя спецыфіка з улікам сексуальнасці (гетэра- і гомасексуальнасці)[5].
Сацыялінгвістычныя школы, традыцыі
[правіць | правіць зыходнік]- Французская школа гістарычнага мовазнаўства: Антуан Мее
- Швейцарская школа: Луі Гаш
- Школа У. Лабова (ЗША)
- Брытанская школа: Бэзіл Бернстайн[6]
- Французская глотапалітычная школа сацыялінгвістыкі: Луі Геспен і Жан-Батыст Марселезі
- Каталонская школа: Рафаэль Луіс Нініёлес[7]
- Савецкая школа сацыялінгвістыкі, якая пачалася з дыялекталогіі: Афанасій Сялішчаў (1920-я гады)
- Аўстралійска-польская сацыялінгвістычная школа: Ганна Вяжбіцкая
- Украінская школа сацыялінгвістыкі: Ларыса Масенка
- Беларуская школа сацыяльнай лінгвістыкі: Ніна Мячкоўская
- Асобныя лінгвісты (без школ): Луі-Жан Кальвэ[8], Філіп Бланшэ, Клод Ажэж.
У Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Сацыялінгвісты даследуюць моўную палітыку (уключаючы білінгвізм), моўныя стандарты, уплыў каланіялізму, русіфікацыі, моўныя мутацыі і гібрыды (трасянку) і шэраг сацыялектаў (арго, жаргон, слэнг). Сацыялінгвістыка ў беларускай мове прадстаўлена наступнымі аўтарамі, выданнямі і даследаваннямі:
- Павел Сцяцко: Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы. Горадня, 1990; Праблемы нормы, культуры мовы. Горадня, 1998; Культура мовы. Менск, 2002.
- Ніна Мячкоўская: сацыяльная лінгвістыка // Мечковская Н. Б., СОЦИАЛЬНАЯ ЛИНГВИСТИКА, М., 1996 (2000); Мечковская, Н. Б. Белорусский язык: Социолингвистические очерки. München, 2003.
- Сяргей Запрудскі: сацыялінгвістыка // Language policy of the Republic of Belarus in the 1990s, 2002; Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941, 2005; Научный и политический аспекты реформы белорусского языка 1933 года // Славяноведение. 2007; In the grip of replacive bilingualism: the Belarusian language in contact with Russian // International Journal of the Sociology of Language. 2007; Некоторые проблемные вопросы изучения трасянки: по итогам ольденбургского проекта // Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Філалогія. 2022.
- Генадзь Цыхун: моўныя кантакты і гібрыды // Цыхун Г., Крэалізаваны прадукт: Трасянка як прадмет лінгвістычнага даследавання // Arche-Скарына. 2000. No 6. С. 51—58; Цыхун Г., The Linguistic Situation and Mixed Language Forms in Belarus // History, Language and Society in the Borderlands of Europe: Ukraine and Belarus in Focus. Ed. B. Törnquist-Plewa. Malmö: Sekel Bokförlag, 2006. P. 61—75.
- Іна Каліта: сацыялінгвістыка // Современная Беларусь: языки и национальная идентичность. Ústí nad Labem, 2010.
- Часопісы «Беларуская лінгвістыка» — з 1972 г., The Journal of Belarusian Studies, 1965—1988, адноўлены з 2013 г., Acta Albaruthenica з 1998 г.
Зноскі
- ↑ Картаграфія тваёй сексуальнасьці: ад сексуальнай арыентацыі да Тэорыі сексуальных канфігурацыяў. Алекс Янтафі, Мэг-Джон Баркер 2018, пераклад 2022, Андрэй Клішын, Уладзіслаў Гарбацкі
- ↑ Уладзіслаў Іваноў. Ад (нутры)моўных праблемаў да праблемаў мовы (Глётапалітычны падыход да разуменьня моўнага рознагалосься ў Беларусі). Першы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы, 2012. С. 268—272.
- ↑ Ninyoles 1985: 16—17
- ↑ Уладзіслаў Іваноў / Uladzislaŭ Ivanoŭ. Моўны сорам беларусаў (сацыялінгвістычны аналіз) Архівавана 4 лютага 2022.. Вільня, 2020.
- ↑ «Гендарнае вымярэньне сацыялінгвістыкі». Размова з Уладзіславам Гарбацкім. 7.04.2022 на YouTube
- ↑ Bernstein, Basil. Class, Codes and Control. Volume 1: Theoretical Studies Towards a Sociology of Language. London and Boston: Routledge and Kegan Paul, 1971.
- ↑ Ninyoles, Rafael Lluis. Conflicte lingüístic valencià : substitució lingüística i ideologies diglòssiques. Valence: Eliseu Climent, 1985.
- ↑ Calvet, Louis-Jean. Linguistique et colonialisme, petit traité de glottophagie. Paris: Payot, 1974.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сцяцко П. У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 2001. — 231 с. — ISBN 985-417-212-0.
Сацыялінгвістыка на Вікісховішчы |