Перайсці да зместу

Стоўнвалскія бунты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сутыкненне з паліцыяй. Фатаграфія з першай паласы газеты New York Post за 29 чэрвеня 1969 года

Стоўнвалскія бунты, або Стоўнвалскае паўстанне (англ.: Stonewall riots) — серыя беспарадкаў і спантаных дэманстрацый супраць паліцэйскіх рэйдаў, якія пачаліся ў ноч на 28 чэрвеня 1969 года ў гей-бары Стоўнвал-ін на Крыстафер-стрыт (Грынвіч-Вілідж, Нью-Ёрк). Гэтыя сутыкненні часта прыводзяцца ў якасці першага выпадку ў гісторыі, калі прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці аказалі супраціўленне ўзаконенай дзяржавай сістэме праследавання сексуальных меншасцей. Лічыцца, што бунты сталі вызначальнай падзеяй, якая адзначыла пачатак масавага руху за выкананне правоў чалавека ў дачыненні да ЛГБТ у ЗША і ва ўсім свеце. Паводле слоў гісторыка Дэвіда Картэра, гэта «было для гей-руху тым жа, чым падзенне Бастыліі было для пачатку Вялікай французскай рэвалюцыі».

У 1950-1960-я гады гомасексуалы ў ЗША падвяргаліся немалой дыскрымінацыі. Раннія праваабарончыя ЛГБТ-групы імкнуліся даказаць, што гомасексуалы маглі быць асіміляваны ў грамадстве, і прытрымліваліся неканфрантацыйнай стратэгіі. Аднак канец 1960-х гадоў стаў вельмі востра дыскусійным: ён адзначыўся актывізацыяй мноства грамадскіх рухаў, такіх як рух чарнаскурых за грамадзянскія правы, фемісцкі, контркультурны і антываенны рухі. Гэта сацыяльная актыўнасць разам з ліберальным грамадскім асяроддзем Грынвіч-Вілідж сталі каталізатарамі Стоўнвалскіх бунтаў.

У 1960-х гадах паліцэйскія рэйды на гей-бары ў ЗША былі звычайнай справай. Але ў чэрвені 1969 года паліцыя хутка страціла кантроль над сітуацыяй, таму што каля Стоўнвал-ін сабраўся натоўп, які нечакана аказаў супраціўленне. Гэта сутыкненне ў наступныя дні працягнулася ў масавых пратэстах і беспарадках. На працягу некалькіх тыдняў жыхары гей-квартала хутка арганізаваліся ў групы актывістаў, якія сканцэнтравалі сілы на стварэнні месцаў для геяў і лесбіянак, дзе можна было б адкрыта гаварыць пра сваю сексуальную арыентацыю, без рызыкі быць пры гэтым арыштаванымі.

У выніку Стоўнвалскіх бунтаў геі і лесбіянкі Нью-Ёрка пераадолелі гендарныя, класавыя і пакаленчыя адрозненні, стаўшы згуртаванай супольнасцю. На працягу шасці месяцаў былі сфарміраваны дзве праваабарончыя гей-арганізацыі, якія сканцэнтраваліся на актыўнай пратэстнай тактыцы, таксама былі заснаваны тры газеты для падтрымкі правоў геяў і лесбіянак. На працягу некалькіх гадоў арганізацыі па абароне правоў гомасексуалаў былі заснаваны ў ЗША і ва ўсім свеце. 28 чэрвеня 1970 года ў памяць пра бунты праведзены першыя маніфестацыі гей-прайда ў Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Чыкага, Сан-Францыска, Атланце і Таронта. Пазней падобныя маршы былі арганізаваны ў іншых гарадах і краінах. Сёння гей-прайды праводзяцца штогод па ўсім свеце ўлетку (часцей у канцы чэрвеня)[1].

  • Stein, Marc. «Pride Marches and Parades» // «Encyclopedia of Lesbian, Gay, Bisexual, and Transgender History in America». — Charles Scribner's Sons, 2004. — ISBN 0-6843-1261-1. ISBN 0-8057-9714-9