Перайсці да зместу

Хвалынская археалагічная культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хвалынская культура
Медны век
Геаграфічны рэгіён Усходняя Еўропа
Лакалізацыя Паволжа
Датаванне канец 5 тысячагоддзя да н. э. — першая палова 4 тысячагоддзя да н. э.
Носьбіты прота-індаеўрапейцы
Тып гаспадаркі жывёлагадоўля
Даследчыкі С. А. Агапаў, І. Б. Васільеў, В. І. Пестрыкава
Пераемнасць
Сярэдняволжская культура, сярэднястогаўская культура Ямная культура, Батайская культура
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Хвалы́нская культура — археалагічная культура меднага веку ва Усходняй Еўропе. Ахоплівала тэрыторыю сярэдняга Паволжа і частку зямель на поўнач ад Каўказа. Перыяд існавання: канец 5 тысячагоддзя да н. э. — першая палова 4 тысячагоддзя да н. э..

Помнікі хвалынскай культуры даследаваліся савецкімі археолагамі з 1931 г., аднак магчымасць вылучыць іх у самастойную культуру з’явілася толькі пасля даследавання 158 да-ямных магільняў у 19771979 гг. Першыя даследчыкі: С. А. Агапаў, І. Б. Васільеў, В. І. Пестрыкава. Назва культуры паходзіць ад наймення горада Хвалынск у Саратаўскай вобласці. У 1980-я гг. помнікі і артэфакты Хвалынскай культуры былі знойдзены ад тэрыторыі Пензенскай вобласці на захадзе да тэрыторыі Арэнбургскай вобласці на ўсходзе, што вызначыла межы яе распаўсюджання.

Большасць даследчыкаў лічаць, што носьбіты Хвалынскай культуры прыйшлі ў Паволжа з Дону. Яны былі еўрапеіоідамі. Генетычныя даследаванні паказалі, што яны былі блізкімі да сучаснага насельніцтва Заходняй Еўропы з прымешкам спадчыны выхадцаў з Паўночнага Каўказа. Падабенствы артэфактаў і генетычнай спадчыны з носьбітамі сярэднястогаўскай культуры могуць сведчыць пра іх адзінае паходжанне або сталую сувязь, сутнасць якой застаецца спрэчнай.

У магільнях Хвалынскай культуры знаходзяць косткі авечак, буйной рагатай жывёлы, коней, што сведчыць пра тое, што яе носьбітам была вядома жывёлагадоўля. Акрамя таго, яны займаліся рыбалоўствам і паляваннем. Знойдзены пацеркі са створак рачных ракавін, пласцінкі і падвескі з іклоў дзіка, касцяныя гарпуны і рыбалоўныя гаплікі, крэмневыя ножападобныя пласціны і навершы стрэл.

Кераміка выраблялася з глейкай гліны з прымешкам дробленых ракавін. Пасудзіны кругладонныя, часта са знешнім патаўшчэннем вянца. Арнаментацыя ажыццяўлялася шляхам прышпільвання, штампавання, магчыма адбіткамі плеценых фактур. Асноўныя ўзоры: гарызантальныя і дыяганальныя лініі, зігзагі, хвалістыя лініі, запоўненыя трохкутнікі. Вядомы знаходкі медных калец. Аналіз медных вырабаў паказаў існаванне абмену насельніцтва Хвалынскай культуры з насельніцтвам Трыпольскай культуры.

Нераўнамернае размеркаванне пахавальнага інвентара ў магільнях і знаходкі скіпетраў (меркавана знакаў улады) паказваюць на існаванне ў Хвалынскім грамадстве сацыяльнага распластавання.