Ян Сабескі
Ян Сабе́скі (польск.: Jan III Sobieski; 17 жніўня 1629, замак Алеска, цяпер Львоўская вобл., Украіна — 17 чэрвеня 1696, Вілянаў, цяпер Варшава, Польшча) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1674 — 1696).
Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Сабескіх герба «Яніна». Бацька — Якуб Сабескі, кашталян кракаўскі, маці з роду Жалкеўскіх. Атрымаў адукацыю ў Новадворскай калегіі і Ягелонскай акадэміі ў Кракаве. Некалькі год падарожнічаў па краінах Заходняй Еўропы. Ведаў некалькі моў — італьянскую, лацінскую, нямецкую, татарскую і французскую.
У Рэч Паспалітую вярнуўся ў 1648 падчас казацкай вайны і ўступіў у войска. Удзельнічаў у пасольстве ў Асманскую імперыю, вывучыў яе дзяржаўны лад. Па вяртанні ўдзельнічаў у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. Ваяваў на баку Швецыі, затым супраць яе на баку Яна Казіміра.
Удзельнічаў у вайне супраць казакоў Б. Хмяльніцкага. 3 1653 палкоўнік, ваяваў супраць шведаў у Паўночнай вайне 1655—60, супраць расійскіх ваявод і казакоў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Некалькі разоў выбіраўся паслом на соймы. Быў прыхільнікам караля Яна II Казіміра Вазы. З 1666 года польны гетман каронны, з 1668 года — вялікі гетман каронны. Праславіўся перамогай над туркамі і татарамі ў бітве пад Хоцімам (1673).
16.5.1674 на сойме Ян III Сабескі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Супраць яго кандыдатуры выступала кіруючая прааўстрыйская групоўка магнатаў ВКЛ на чале з Пацамі, аднак яго падтрымалі групоўкі Радзівілаў і Сапегаў. Доўгі час Ян III Сабескі змагаўся з апазіцыяй, якую падтрымлівалі аўстрыйскія Габсбургі. На вышэйшыя пасады ў ВКЛ ён пачаў вылучаць прадстаўнікоў сям’і Сапегаў, абапіраўся таксама на Радзівілаў (яго сястра Кацярына была замужам за М. К. Радзівілам).
На працягу шмат гадоў вёў вайну з Асманскай імперыяй. Правёў радыкальную рэформу ва ўзбраенні і арганізацыі войска. У 1674 і 1675 нанёс новыя паражэнні турэцкім і татарскім войскам на Украіне. Намагаўся заключыць трывалы мір з Турцыяй і палепшыць адносіны з Расіяй, заключыць саюз з Францыяй і Швецыяй супраць Брандэнбургска-Прускай дзяржавы і Аўстрыі, далучыць да Польшчы Прускае герцагства з Кёнігсбергам. У 1683 ён падпісаў трактат аб дружбе з Аўстрыяй і, калі ў 1683 турэцкая армія аблажыла Вену, з 27-тысячным войскам Рэчы Паспалітай падышоў да горада і ўзначаліў агульнае войска імператара і германскіх князёў (разам 70 тыс. чал.). 12 верасня 1683 адбылася генеральная бітва, у якой удзельнічалі і войскі ВКЛ — цяжкая конніца маршалка надворнага Ю. Б. Слушкі і брыгада кашталяна віленскага Э. Дэнгафа. Бітва пад Венай скончылася разгромам турэцкага войска. Хоць вайна працягвалася да 1699, для Рэчы Паспалітай турэцкая пагроза была знята. Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец. У 1684 утварыўся антытурэцкі саюз, у які ўвайшлі Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Рымскі Папа і Венецыя. Каб далучыць да яго Расію, у Маскву было накіравана пасольства на чале з ваяводам пазнаньскім К. Гжымултоўскім, якое заключыла «Вечны мір» 1686.
У астатнія гады панавання Ян III Сабескі змагаўся з апазіцыяй, у складзе якой былі прадстаўнікі і прааўстрыйскай і прафранцузскай груповак. З цягам часу абвастрыліся адносіны паміж каралём і Сапегамі. Караля і яго план спадчыннай манархіі падтрымалі толькі прыдворныя групоўкі і сярэдняя шляхта.
Пры Яне Сабескім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым. Ён увайшоў у гісторыю як выдатны палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.
Зноскі
- ↑ Johann (Johann III. Sobieski) // Brockhaus Enzyklopädie
- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
- ↑ Jan III Sobieski // RKDartists
- ↑ Ян III Собеский // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu — Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 157. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Грыцкевіч А. Ян III Сабескі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Сабескі Ян // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 47. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Płocka J. Król Sobieski i jego epoka. Warszawa, 1986.
- Wójcik Z. Jan Sobieski (1629—1696). 2 wyd. Warszawa, 1994.
- Wójcik Z. Jan III Sobieski. Warszawa, 1991.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ян Сабескі
- Pages using the JsonConfig extension
- Маршалкі вялікія каронныя
- Каралі польскія
- Гетманы вялікія каронныя
- Харунжыя вялікія каронныя
- Гетманы польныя каронныя
- Старосты стрыйскія
- Нарадзіліся 17 жніўня
- Нарадзіліся ў 1629 годзе
- Нарадзіліся ў Рускім ваяводстве
- Памерлі 17 чэрвеня
- Памерлі ў 1696 годзе
- Памерлі ў Велікапольскай правінцыі
- Пахаваныя ў Кракаве
- Пахаваныя ў Варшаве
- Сабескія
- Выпускнікі Ягелонскага ўніверсітэта
- Кавалеры ордэна Святога Духу
- Кавалеры ордэна Святога Міхаіла (Францыя)
- Асобы
- Вялікія князі літоўскія