Анатоль Клышка
Анатоль Клышка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 16 красавіка 1935 (89 гадоў) Другая Рэч Паспалітая в. Данейкі |
Памёр | 14 красавіка 2021 |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, перакладнік |
Гады творчасьці | з 1950 |
Кірунак | ваенная проза |
Жанр | літаратурная крытыка і дзіцячая літаратура[d] |
Мова | беларуская |
Дэбют | 1950 |
Узнагароды | |
Анато́ль Канстанты́навіч Клы́шка (нар. 16 красавіка 1935, в. Данейкі, цяпер у Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці - 14 красавіка 2021[1]) — беларускі пісьменьнік.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Наваградзкую пэдагагічную вучэльню (1949—1952), філялягічны факультэт БДУ (1958), асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
Працаваў карэктарам у наваградзкай гарадзкой газэце «Зьвязда», адказным сакратаром рэдакцыі газэты «Фізкультурнік Беларусі», працаўніком «Літаратуры і мастацтва». З 1958 — інструктар друку ЦК ЛКСМБ, з 1960 — працаўнік рэдакцыі часопісу «Полымя». У 1961—1963 — старшы рэдактар сцэнарнага аддзелу кінастудыі «Беларусьфільм», пасьля літаратурны работнік аддзелу крытыкі, рэдактар аддзелу навукі і мастацтва часопісу «Полымя». З 1971 — кіраўнік лябараторыі навучаньня грамаце, потым аддзелу навучаньня літаратуры Інстытуту пэдагогікі Міністэрства асьветы БССР. У 1981—1983 — намесьнік рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986—1990 — кіраўнік аддзелу крытыкі часопісу «Полымя».
Сябра СП СССР (з 1960).
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў вершам у 1950 у наваградзкай газэце.
Выдаў кнігі «Права на верш» (1967, складанка літаратурна-крытычных артыкулаў), «Буквар» (1969, 23 выданьні), «Пропісы да буквара» (1969, 4 выданьні), «Пропісы для 1 клясы» (1973, 18 выданьняў), дапаможнік для 1 клясы «Верасок» (1978, 3 выданьні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 клясы школ з расейскай моваю навучаньня).
Кніжкі для дзяцей: «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры» (казкі, 1983), «Сьвятло праз стагодзьдзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на ангельскай, нямецкай, францускай мовах, 1990).
Пераклаў на беларускую мову Новы запавет (асобныя разьдзелы апублікаваныя ў часопісе «Спадчына», 1989—1990).
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны, іншымі мэдалямі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Анатоль Клышка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Беларуская ССР: карот. энцыкл. Т. 5. — Мн., 1981.
- ^ Памёр Анатоль Клышка, аўтар «Буквара» для пакаленьняў школьнікаў, Радыё Свабода, 14-04-2021