Перайсці да зместу

Цыганы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цыганы
(Rromane dźene)
Цыганскія музыкі (Брно)
Агульная колькасць 7397000. (2015 г.)
Рэгіёны пражывання  ЗША — 727900 (2015 г.)[1][2][3][4][5][6][7]

 Бразілія — 800000 (2010 г.)[8]
 Іспанія — 650000 (2002 г.)[9]
 Сербія — 147604 (2011 г.)[10]
 Венгрыя — 308957 (2010 г.)[11]
 Румынія — 621573 (2011)[12]
 Балгарыя — 325343 (2011)[13]
 Расія — 220000 (2010)[14]
 Украіна — 47587 (2001)[15]
 Польшча — 16 725 (2011 г.)[16]
 Латвія — 6 452 (2011 г.)[17]
 Беларусь — 7079 (2009 г.)[18]

Мова цыганская
Рэлігія хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы гуджаратцы, пенджабцы, раджастханцы, сіндхі

Цыганы́ (саманазва: Rromane dźene) — агульная назва каля 80 этнічных груп паўднёваазіяцкага паходжання, якія размаўляюць на цыганскай мове. Насяляюць пераважна краіны Еўропы, Амерыкі, Аўстралію, азіяцкія часткі Расіі і Турцыі. Агульная колькасць (2015 г.) - 7 397 000 чал.[19]

Да цыганоў таксама адносяць косаўскіх ашкалі, заходнеазіяцкіх дом, закаўказскіх боша, сярэднеазіяцкіх люлі, паўднёваазіяцкіх банджара.

Назвы

Еўрапейскія народы традыцыйна маюць розныя назвы для цыганоў. Аднак у большасці выпадкаў выкарыстоўваюцца дзве групы назваў. Першая вызначае гэты народ як "егіпцян" (баскск.: Ijito, англ.: Gypsy, валон.: Djupsyins, ісп.: Gitano, італ.: Gitani, фр.: Gitans). Другая сугучна беларускай назве (ням.: Zigeuner, італ.: Zingari, рум.: Țigani, фр.: Tsiganes, ісп.: Gitano, венг.: Cigányok, балг.: Цигани, турэцк.: Çingeneler), відавочна паходзіць ад грэч. Τσιγγάνοι. Этымалогія другой групы назваў невядома. Выказваюцца думкі, што яна можа паходзіць ад скажонага візантыйскага слова αθίγγανος або ад яўрэйскага слова צוען‏‎‎‎ (адзін з раёнаў Ніжняга Егіпта). Акрамя таго, некаторыя назвы паходзілі ад мянушак: венг.: Fáraók népe ("фараонава племя"), фр.: Manouches (ад асабістага імя персідскага паходжання перс.: منوچهر), фінск.: Mustalaisiksi (літаральна "чорны бы грэчка") і г. д.

У сваю чаргу, сярод цыганоў былі пашыраны супольныя саманазвы ром (этымалогія канчаткова не высветлена) і кало́ (літаральна "чорны"). Кожная этнічная група мела сваю асабістую назву — сінты, лавары, келдэрары, харахані, башалдэ́, урсары і інш. Звычайна назвы груп паходзяць ад тапонімаў, імёнаў продкаў або мянушак, прафесійнай спецыялізацыі. На першым Сусетным цыганскім кангрэсе ў Лондане (1971 г.) была прынята адзіная супольная саманазва Rromane dźene. Прадстаўнікі цыганоў выступілі супраць афіцыйнага ўжывання іншых назваў як абразлівых. У выніку ў многіх сучасных еўрапейскіх мовах супольная цыганская назва паступова выціскае традыцыйныя назвы (англ.: Romany, Roma, дацк.: Romaer, італ.: Rom, чэшск.: Romové і інш.).

Паходжанне

У цыганоў доўгі час не было сваёй пісьмовай гісторыі. У вусных цыганскіх легендах і паданнях найчасцей месцам паходжання называецца Егіпет. Аднак большасць даследчыкаў лічыць, што міф пра егіпецкае паходжанне быў занесены звонку. У XVIII ст. еўрапейскія вучоныя выявілі падабенства цыганскай мовы з індаеўрапейскімі мовамі Індыі. У пачатку XIX ст. была канчаткова ўсталявана шчыльная сувязь з мовамі раджастханцаў, гуджаратцаў і пенджабцаў[20].

На працягу XIX - XX стст. прапаноўваліся розныя гіпотэзы аб зыходзе продкаў цыганоў з Індыі. Меркавалася, што яны маглі рушыць на захад падчас паходаў Аляксандра Македонскага або арабскіх заваяванняў. Сярод продкаў еўрапейскіх цыганоў называліся джаты, раджпуты, цемнаскурае насельніцтва Ніжняй Месапатаміі, прыводзіўся запіс Фірдаўсі (1011 г.) пра перадачу індыйскім гаспадаром 1000 музык-луры іранскаму шаху.

Сучасныя генетычныя даследаванні падцвярджаюць паходжанне цыганоў з захаду паўвострава Індастан. Яны дэманструюць падабенства генетычнай спадчыны ўсіх цыганоў, што кажа пра тое, што зыход адбыўся прыкладна ў адзін час, і цыганскія групы былі адносна ізаляваны ад іншага насельніцтва Азіі і Еўропы. Выяўлена толькі некаторая разнастайнасць жаночай лініі, прыцягванне ў цыганскую групу жанчын-выхадцаў з Балканскага паўвострава[21]. Відавочна, пасля з'яўлення цыганоў у Еўропе асноўным месцам іх пасялення быў Балканскі паўвостраў. Адтуль пачалося рассяленне цыганоў па іншых краінах.

Міф пра паходжанне з Егіпта тлумачаць тым, што пасля з'яўлення цыганоў у Візантыі яны прыцягвалі ўвагу тубыльцаў як вулічныя акторы, займаліся той жа справай, што і выхадцы з Егіпту, таму сталі называцца егіпцянамі[22], хаця ніякіх адносінаў да Егіпта не мелі.

Гісторыя

Рассяленне цыганоў у Еўропе

Некаторыя даследчыкі лічаць, што першы запіс пра з'яўленне цыганоў у Еўропе быў зроблены Феафанам Канфесарам. Ён апавядаў пра пераслед у пачатку IX ст. візантыйскім імператарам αθίγγανος, ад якіх быццам бы пайшла назва цыганоў. Аднак, αθίγγανος маглі быць прадстаўнікамі нейкай усходняй секты. Яна не абавязкова была звязана з цыганамі, але цыганоў атаесамлялі з яе прадстаўнікамі. У жыцці Афанасіі з Эгіны[23] (VIII - IX стст.) таксама ўзгадваецца тое, што яна карміла падчас голаду ў Фракіі іншаземцаў-ἀτσίγγανοι.

Пачатак рассялення цыганоў па іншых краінах Еўропы фіксуецца XIV ст., што супадае з асманскімі заваяваннямі Балканскага паўвострава. У 1348 г. цыганы ўзгадваюцца ў Сербіі, у 1378 г. — у Балгарыі, у 1383 г. — у Венгрыі[24], у 1419 г. — у Францыі[25], у 1425 г. — у Іспаніі[26], у 1501 г. — у ВКЛ[27], 1514 г. — у Англіі[28]. У XIX ст. групы цыганоў мігрыравалі ў Новы Свет і Аўстралію. У нашы дні амерыканская і бразільская дыяспары з'яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце.

Падчас рассялення па краінах Еўропы многія цыганы вялі качавы або паўкачавы лад жыцця, займаліся дробным гандлем, рамяством, арганізоўвалі забавы. Аднак меўся вялікі пласт аселых цыганоў. Асманскі рэестр XVI ст. узгадвае такія аселыя прафесіі цыганоў, як вартаўнікі, слугі, мяснікі, сыравары, агароднікі, пастухі, хірургі і нават манахі. У XIX ст. слівенскія цыганы сталі першымі рабочымі тэкстыльнай фабрыкі. У 1858 г. у Бесарабіі 2481 цыган вёў качавы лад жыцця, 2978 цыганоў — аселы[29]. У Валахіі і Малдове большасць цыганскага насельніцтва знаходзілася ў залежнасці ад дзяржавы і прыватных уладальнікаў, у дакументах фіксавалася як рабы[30]. У ВКЛ асноўным месцам паселішча цыганоў з'яўляўся Мір.

Нацыянальныя знакі

Цыганскі сцяг

8 красавіка 1971 г. ў Лондане адбыўся першы Сусветны цыганскі кангрэс. Вынікам кангрэса стала прызнанне сябе цыганамі міру супольнай нетэрытарыяльнай нацыяй і прыняцце нацыянальных знакаў: сцяга і гімна, заснаванага на народнай песні «Джэлем, джэлем». Замест герба цыгане выкарыстоўваюць шэраг вядомых знакаў: кола буды, падкову, калоду карт. Такімі знакамі звычайна ўпрыгожваюцца цыганскія кнігі, газеты, часопісы і сайты, адзін з гэтых знакаў звычайна ўваходзіць у лагатыпы мерапрыемстваў, прысвечаных цыганскай культуры.

У гонар першага Сусветнага цыганскага кангрэса 8 красавіка лічыцца Днём Цыган[31]. У некаторых цыган ёсць звязаны з ім звычай: увечар, у вызначаны час, дружна выходзіць на вуліцу з запаленай свечкай.

Рэлігія

Большасць вернікаў належыць да розных плыняў хрысціянства. У Турцыі і на Балканскім паўвостраве жывуць мусульмане з групы харахані.

Цыганы на Беларусі

Паводле перапісу 2009 года ў Беларусі налічваецца 7079 цыганоў.

Зноскі

  1. Gypsy, Anglo-Romani in United States
  2. Gypsy, English, Romanichal in United States
  3. Irish Traveller, Shelta in United States
  4. Mexican Creole, Tirilone in United States
  5. Romani, Carpathian in United States
  6. Romani, Sinte in United States
  7. Romani, Vlax, Kalderash in United States
  8. Falta de políticas públicas para ciganos é desafio para o governo
  9. The Situation of Roma in Spain
  10. Попис становништва, домаћинстава и станова 2011 у Републици Србији
  11. 2011. ÉVI NÉPSZÁMLÁLÁS
  12. Rezultatele finale ale Recensământului din 2011
  13. 2011 Population Census - main results
  14. Информационные материалы об окончательных итогах Всероссийской переписи населения 2010 года. Национальный состав населения Российской Федерации
  15. 2001.ukrcensus.gov.ua
  16. Charakterystyka mniejszości narodowych i etnicznych w Polsce
  17. 2011.gada tautas skaitīšana - Galvenie rādītāji
  18. belstat.gov.by
  19. People Cluster: Romany
  20. Milena Hübschmannová, Origin of Roma
  21. Origins and Divergence of the Roma (Gypsies)
  22. МИФ О ЕГИПЕТСКОМ ПРОИСХОЖДЕНИИ. Статья Николая Бессонова
  23. St. Athanasia of Aegina
  24. Jeetan Sareen, The Lost Tribes of India
  25. Les tsiganes
  26. The Gypsies
  27. Цыгане в Беларуси
  28. Timeline of Romany Gypsy History in Britain
  29. МИФ О "КОЧЕВОМ ПЛЕМЕНИ". Статья Николая Бессонова
  30. Elena Marushiakova, Gypsy Slavery in Wallachia and Moldavia
  31. INTERNATIONAL ROMA DAY – WHEN A ROMANI MOVEMENT AND ANTHEM WERE BORN

Спасылкі