Перайсці да зместу

Алашань (пустыня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алашань
40°29′50″ пн. ш. 102°29′42″ у. д.HGЯO
РазмяшчэннеКітай 
Алашань (пустыня) (Кітай)
Алашань
Алашань

Алаша́нь — пустыня ў Цэнтральнай Азіі, у Кітаі, на паўночны ўсход ад гор Наньшань. Плошча пустыні складае 170 тыс. км². Хвалістая раўніна (вышынёй 800—1660 м). Чаргуюцца групы невялікіх скалістых кражаў, драбнасопачніка  (руск.) і плоскіх выцягнутых паніжэнняў, занятых масівамі рухомых пяскоў, барханамі, салёнымі азёрамі, саланчакамі і такырамі  (руск.).

Цэнтральная частка складзена з дакембрыйскіх парод, перакрытых плашчом чацвярцічных пяскоў; на ўзвышшах у паўднёвай і паўночнай частках выходзяць на паверхню палеазойскія і мезазойскія адклады. Радовішчы вугалю, нафты, соляў. Клімат рэзка кантынентальны.

Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля.

Рачная сетка прадстаўлена часовымі вадацёкамі, рэчышчы якіх напаўняюцца вадой толькі летам у перыяд мусонных дажджоў ці ліўневых ападкаў. Найбольшыя рэкі Жашуй і Шуйхэ. Азёры Саго-Нур і Шара-Бурду.

Асноўныя ландшафты: гобі — драбнасопачнік і астраўныя хрыбты, раскіданыя на раўніне з шчэбеневымі глебамі і рэдкай хмызняковай расліннасцю (парналіснік  (руск.), эфедра і інш.); масівы барханных пяскоў з беднай стэпавай расліннасцю (карагана, салянкі, палын і інш.); цайдамы — паніжэнні з блізкімі грунтавымі прэснымі водамі і травяністай расліннасцю (рагоз, трыснёг, чарот, пажарніца); саланчакі з галафільнай  (руск.) флорай (паташнікі, семітранкі, салянкі); саксаульнікі з чорнага саксаулу з семітранкамі ў ніжнім ярусе. Жывёльны свет: сайгакі  (руск.), пустынны заяц, суслікі, пясчанкі, тушканчыкі, паўзуны (чарапахі, яшчаркі, змеі), трапляюцца дзікія аслы.

  • Алашань // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  • Алашань // Географический энциклопедический словарь: Географические названия / Гл. ред А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев, А. Г. Воронов и др.. — М.: Сов. энциклопедия, 1983. — С. 19. — 538 с. — 100 000 экз. (руск.)