Перайсці да зместу

Браніслаў Андрэевіч Ржэўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Браніслаў Ржэўскі
Дата нараджэння 25 сакавіка 1905(1905-03-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 лютага 1980(1980-02-10) (74 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера літаратуразнаўства
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Альма-матар

Браніслаў Андрэевіч Ржэўскі (25 сакавіка 1905, в. Добрыцкае, Вяляціцкая воласць, Барысаўскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя (цяпер — Барысаўскі раён, Мінская вобласць, Беларусь) — 10 лютага 1980, Гродна, Беларуская ССР, СССР) — беларускі літаратуразнаўца і педагог. Кандыдат філалагічных навук (1952).

Нарадзіўся ў беднай сям’і. У 1927 годзе скончыў педагагічны тэхнікум у Барысаве і да 1930 года працаваў настаўнікам у сёлах Гомельшчыны. У 1930—1940 гадах скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут і працаваў у розных адукацыйных установах Магілёва. З сакавіка 1940 да чэрвеня 1941 года працаваў дырэктарам польскай сярэдняй школы імя А. Міцкевіча ў Баранавічах. Жонка была настаўніцай батанікі.

Падчас Другой сусветнай вайны прымаў удзел у савецкім партызанскім руху ў Беларусі. Паводле Вячаслава Анушкевіча, будучага сулагерніка Браніслава Ржэўскага, той яму пра гэты перыяд расказваў так:

«Гаварыў, што гэтакага ганебнага, страшэннага і цяжкога часу ён ня меў, як будучы разам з партызанамі. Бо яны вытваралі такія страшныя і дзікія фокусы, і ня супраць ворага, а супраць насельніцтва! І, кажа, нічога ня мог зрабіць, бо быў радавым партызанам. Расказваў пра канкрэтныя справы, як яны расстрэльвалі бязвінных людзей, сялян. … Ён расказваў, як яны прыходзілі ў хату, ляжыць старая жанчына хворая, яны гвалцілі яе, дзяцей малых. Білі, кралі, забіралі апошняе. Рабілі „па-лёгкаму“ ў хаце. … І, кажа, я нічога ня мог зрабіць, мне яда ня лезла. Гэта была шайка. Быў асобы аддзел, главар гэтых партызанаў. Яны, калі на каго якое падозранне падала, тут жа расстрэльвалі, „прышыўшы“ ворага. Я, кажа, баяўся і ня ведаў, дзе падзецца. І да немцаў уцякаць нельга, бо ўжо ў партызанах пабыў. Гэта было страшней за банду, бо банда таксама мараль мае».

На тэрыторыі Баранавіцкай вобласці стварыў падпольную дыверсійную групу «Барыса», якой і кіраваў. Група ўвайшла ў кантакт і падтрымлівала сувязь з савецкімі партызанамі — брыгадай імя Суворава. Быў прызначаны рэдактарам газеты «Перамога» (орган Новамышскага райкама КП(б)Б). У гэты час пазнаёміўся з Янкам Брылём, рэдактарам іншай партызанскай газеты, з якім сябраваў потым усё жыццё.

З кастрычніка 1944 да 1955 года працаваў выкладчыкам і загадваў кафедрай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Стварыў гурток па зборы і вывучэнні вуснай народнай творчасці, фальклору перыяду Другой сусветнай вайны. Уваходзіў у склад Камісіі па зборы матэрыялаў пра злачынствы нямецкіх акупацыйных улад на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці. У 1952 годзе абараніў дысертацыю пра творчасць беларускага паэта Максіма Танка. У 1955 годзе пераехаў у Гродна і да 1957 года выкладаў беларускую літаратуру ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы.

У сярэдзіне 1950-х гадоў праводзіць уласную кампанію публічных зваротаў да ўлад — піша лісты ў цэнтральныя беларускія газеты і ва ўстановы, звяртаецца да вядомых дзеячаў БССР. У зваротах у рэзкай форме выказваецца пра нацыянальную палітыку, якая праводзілася савецкімі ўладамі ў Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаванні ўжывання беларускай мовы ў сферы адукацыі, культуры і публічнага жыцця. Акрамя таго, арганізуе напісанне студэнтамі Гродзенскага педагагічнага інстытута заяў пра становішча нацыянальнай школы (інфармацыя — паводле ўспамінаў тагачаснага студэнта, цяпер вядомага ў Беларусі настаўніка Алеся Белакоза). Паводле ўспамінаў Вячаслава Анушкевіча, пасля таго, як адну з напісаных па-беларуску навуковых прац Браніслава Ржэўскага зноў не прынялі да друку, у адным з зваротаў ён напісаў: «Што вы робіце, вы ж губіце ў Беларусі ўсю адукацыйную сыстэму, вы хаваеце беларускую мову. Як гэта магчыма, што ўсе школы ў вёсцы на беларускай мове, у гарадох ёсць на расійскай, а інстытуты ўсе на расійскай, ніводнага няма на беларускай». Тамсама ён казаў, што «ужо даўно быў кандыдатам у вязні, але неяк Бог абносіў».

16 лютага 1957 года Ржэўскі арыштаваны на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21 лютага 1957 года праведзены паўторны ператрус, падчас якога з асабістай бібліятэкі канфіскаваны кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Ф. Аляхновіча, ксяндза А. Станкевіча і інш.), а таксама польскія кнігі. Канфіскавалі баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Ржэўскі называў Сталіна забойцам, Неронам і Чынгізханам, заклікаў беларусаў да вызвалення. Пазней Браніслаў Ржэўскі расказваў Міколе Грышану, што КДБ да яго падаслала маладога паэта Алеся Бажко, калі Ржэўскага выклікалі ў Мінскбыццам для ўдакладнення праграмы па беларускай літаратуры. Алесь Бажко тры дні круціўся вакол, а потым змест іх размоў згаданы на допытах супрацоўнікамі КДБ.[1] У абарону Ржэўскага правялі грамадскую кампанію, сяляне са Скарчава, дзе на пачатку вайны жыў Ржэўскі, сабралі 35 подпісаў пад зваротам у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў.

25 сакавіка 1957 года Ржэўскі асуджаны Гродзенскім абласным судом паводле арт. 72 Крымінальнага кодэкса БССР на 7 гадоў пазбаўлення волі за тое, што

" с позиций буржуазных националистов возводит злосную клевету на советский общественный строй, советскую действительность и на национальную политику коммунистической партии и советского правительства. "

Ржэўскі трапіў у лагеры ГУЛАГу, калі тысячы людзей выходзілі з іх. Свой тэрмін Ржэўскі адбываў у ДубраўЛАГе (Мардовія). У лагеры працаваў бібліятэкарам. Захварэў сэрцам, бо вельмі хваляваўся. Знаходзячыся ў зняволенні, Ржэўскі працягваў сваю кампанію петыцый. Так, 10 кастрычніка 1957 года ён накіраваў члену Прэзідыума ЦК КПСС Кацярыне Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР. 20 мая 1959 года накіраваў ліст да Старшыні Камісіі заканадаўчых прапаноў Савета Саюза Д. С. Палянскаму на тую самую тэму, пазней гэты ліст апублікаваны ў Бюлетэні БГА «Ветэраны Адраджэньня» VERITAS № 1(2), 2004.

У 1959 годзе жонка зняволенага Аляксандра Ржэўская звярталася ў Вярхоўны суд БССР з пратэстам на прысуд. Але ёй адказалі, што «оснований для принесения протеста по делу не имеется, поскольку мера наказания определена осуждённому в соответствии с содеянным, с учётом степени вины осуждённого и общественной опасности совершённого им преступления…». У 1961 годзе Пленум Вярхоўнага суда БССР усё ж такі перагледзеў справу і датэрмінова (на 3 гады) вызваліў Ржэўскага.

Пасля вяртання ў Гродна Ржэўскі аказаўся ў цяжкай атмасферы ізаляцыі — ён пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Здолеў уладкавацца выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КДБ.

Памёр 10 лютага 1980 года ў Гродне. Пахаваны на мясцовых могілках «Сакрэт» па прашпекце Касманаўтаў[2].

У 1989 годзе беларускі часопіс «Крыніца» ўпершыню апублікаваў фрагмент успамінаў пра Ржэўскага. Рэдакцыя гэтага ж часопіса і сям’я Ржэўскага звярнуліся ў пракуратуру з хадайніцтвам пра рэабілітацыю. 29 сакавіка 1990 года Пленум Вярхоўнага суда СССР рэабілітаваў Ржэўскага ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

  • Образ положительного героя в творчестве Максима Танка: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук / Б. А. Ржевский. — Барановичи, 1952. — 17, [1] с.

Зноскі

  1. https://novychas.by/poviaz/duch_jaho_nie_zlamali_z_uspami Новы Час. Дух яго не зламалі. З успамінаў Міколы Канаша
  2. Раманаў — Станкевіч – Белліт  (14 ліпеня 2023). Праверана 14 чэрвеня 2024.
  • Громава, Н. «На самавольныя дзеянні ўказаць» / Наталля Громава // Крыніца. — 1989. — № 2. — С. 40—41.
  • Пяткевіч, А. Педагог, вучоны, вязень ГУЛага: Да 90-годдзя Б. А. Ржэўскага // Гродзенская праўда. — 1995. — № . — 28 сакавіка. — С.
  • Ржэўскі, М., Дзярновіч, А. Браніслаў Ржэўскі / Мечыслаў Ржэўскі, Алег Дзярновіч // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі, 1956—1991: Пэрсанажы і кантэкст. Даведнік / Архіў найноўшае гісторыі; [Пад рэд. А. Дзярновіча]. — Менск: Архіў найноўшае гісторыі, 1999. — 186 с.: іл. — С. 74 — 77. — (Архіў найноўшае гісторыі). — ISBN 985-6374-08-1.
  • Белакоз, А. Шляхам Браніслава Ржэўскага / Алесь Белакоз // Белакоз, А. Каб жыла Беларусь: Артыкулы, успаміны, інтэрв’ю. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. — С. 38—42.
  • Ржэўскі, М., Дзярновіч, А. Браніслаў Ржэўскі / Мечыслаў Ржэўскі, Алег Дзярновіч // Нонканфармізм у Беларусі, 1953—1985: Даведнік / Архіў найноўшае гісторыі; [Аўтар-уклад. А. Дзярновіч]. — Мінск: Athenaeum, 2004. — 252 с. — С. 158—160. — ISBN 985-6374-08-I.
  • Брыль, Я. Яшчэ адзін… / Янка Брыль // Брыль, Я. Парастак: запісы і эсэ. — Мінск: Про Хрысто, 2006. — С. 76—87.
  • Вячаслаў Анушкевіч. Я ня мог цярпець гэтае сыстэмы // VERITAS № 1(2)2004. Бюлетэнь БГА «Ветэраны Адраджэньня»