Дзікае поле
Дзікае поле, Поле - традыцыйная назва прычарнаморскіх стэпаў у XVI-XVII ст. У вузкім сэнсе — гістарычная назва неразмежаваных і слаба заселеных прычарнаморскіх стэпаў паміж сярэднім і ніжнім цячэнням Днястра на захадзе, ніжнім цячэнням Дона і Северскага Данца на ўсходзе, ад левага прытоку Дняпра — Самары і вярхоўяў прытокаў Паўднёвага Буга — Сынюхы і Ингула на поўначы, да Чорнага і Азоўскага мораў і Крыма на поўдні. У шырокім сэнсе - назва ўсяго Вялікага еўразійскага стэпу, які таксама называўся Вялікай Скіфіяй ў часы антычнасці або Вялікай Тартарыяй ў часы сярэднявечча ў еўрапейскіх і ўсходніх (пераважна персідскіх) крыніцах.
Займала тэрыторыю сучаснага Цэнтральнага Чарназем'я і частку сучаснай Украіны (басейны рэк Северскі Данец, Ворскла і інш.), а таксама землі Ніжняга Прыдоння, Сярэдняга і Ніжняга Паволжа. Тэрыторыя Дзікага поля ахоплівала акрамя дзікага стэпу вялікую частку асвоеных зямель, якія ўваходзілі ў склад Курскага, Ялецкага і часткова Разанскага княстваў. Да канца XIV ст. першыя 2 княствы спынілі сваё існаванне, а іх цэнтры, як і іншыя навакольныя гарады, ператварыліся ў гарадзішчы. У XIV — XVI ст. тэрыторыя Дзікага поля ўмоўна падзелена паміж ВКЛ (потым Рэччу Паспалітай) і Расійскай дзяржавай. Але гэты падзел не прызнаваўся нашчадкамі Залатой Арды (Вялікай Ардой, Крымскім ханствам), а Дзікае поле выкарыстоўвалася імі эпізадычна як качэўі (напрыклад, у 1490, 1491, 1501 гг.). Рэальнай улады над тэрыторыяй Дзікаг поля не мелі ні маскоўскі, ні літоўскі бок. Паводле дагавора 1503 вялікая частка Дзікага поля намінальна трапіла ў склад Расійскай дзяржавы. Паступова яго памеры скарачаліся. Калі ў 1-й палове XVI ст. Дзікае поле пачыналася адразу за Тулай, то ў сярэдзіне таго ж стагоддзя яно адсунулася да адноўленых гарадоў Арла, Данкава, Шацка і інш. 3 1571 г. «на Полі» пачала няспынна дзейнічаць агульнадзяржаўная расійская вартавая служба, арганізатарам якой быў баярын М.І.Варатынскі. Неўзабаве полем сталі называць тэрыторыю, на якой стаяла расійская ахова і дзейнічалі раз'езды. Да канца XVI ст. пабудаваны ці адноўлены шэраг гарадоў (Варонеж, Ліўны, Курск, Белгарад, Ялец і інш.), а сама тэрыторыю Дзікага поля стала часткай расійскіх зямель. У нізоўях Дона пачало канцэнтравацца аўтаномнае данское казацтва. Такім чынам, у канцы XVI ст. тэрмін «Поле» страціў першапачатковы сэнс, але працягваў ужывацца для абазначэння пэўнага геаграфічнага рэгіёна.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Цемушаў В. Дзікае поле // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 585. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Заговорский, В.П. История вхождения Центрального Черноземья в состав Российского государства в XVI веке / В.П.Загоровский. - Воронеж: Издательство Воронежского университета, 1991. - 269, [1] с.