Картэр Глас, пяты з дванаццаці дзяцей у сям’і, нарадзіўся ў г. Лінчберг (штат Вірджынія). Яго маці, Аўгуста Элізабет Глас, памерла, калі Картэру было два гады, таму яго сястра, старэйшая на дзесяць гадоў, стала яму прыёмнай маці. Бацька Картэра, Роберт Генры Глас, меў выдавецтва Lynchburg Daily Republican і быў паштмайстрам Лінчберга. Падчас Грамадзянскай вайны Роберт Глас быў у шэрагах арміі Канфедэрацыі.
Картэр атрымаў толькі элементарную адукацыю і з 13 гадоў пачаў працаваць у газеце свайго бацькі. Тым не менш, ён працягнуў адукацыю, чытаючы працы Платона, Эдмунда Бёрка і Уільяма Шэкспіра. Пасля таго, як у Пітэрсбергу Гласу адмовілі ў працы рэпарцёрам, ён вяртаецца ў Лінчберг і ўладкоўваецца ў офіс чыгуначнай кампаніі.
У 1870 годзе Картэр Глас атрымаў месца рэпарцёра ў выданні Lynchburg News. У 1877 годзе яго павысілі да рэдактара. У 1888 годзе, пры фінансавай падтрымцы сяброў, яму ўдаецца купіць газету. У наступныя гады Глас выкупіў газету свайго бацькі і стаў адзіным выдаўцом газет у Лінчбергу.
Сваю палітычную кар’еру Картэр Глас пачаў у 1896 годзе, будучы дэлегатам на Нацыянальным з’ездзе Дэмакратычнай партыі, дзе ўпершыню пачуў выступ будучага Дзяржсакратара ЗША Уільяма Браяна. У 1899 годзе Глас стаў сенатарам штата Вірджынія, з 1901 па 1902 год уваходзіў ва Устаноўчы сход штата Вірджынія.
У 1902 годзе Глас быў абраны ў Палату прадстаўнікоў, дзе ён да 1918 года прадстаўляў інтарэсы дэмакратаў ад штата Вірджынія. У 1913 годзе Палата прадстаўнікоў прызначае Картэра старшынёй Банкаўска-Валютнага камітэта. У 1913 годзе Глас выступаў за прыняцце закона аб стварэнні Федэральнай рэзервовай сістэмы.
16 снежня 1918 года Прэзідэнт ЗШАВудра Вільсан прызначыў Картэра Гласа ў якасці пераемніка Уільяма Макэду на пасадзе міністра фінансаў. Гэтую пасаду Глас займаў да 1 лютага 1920 года, калі яго змяніў Дэвід Х’юстан. Пасля адстаўкі з пасады міністра фінансаў Картэр быў абраны на пасаду сенатара ад штата Вірджынія. У 1933 годзе падтрымліваў так званы «Новы курс Рузвельта».