Паўночныя паютэ
Паўночныя паютэ (Numa) | |
Вавока, заснавальнік рэлігійнага руху Танец духу
| |
Агульная колькасць | 7100 (2018 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | паўночная паютэ |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства, танец духу |
Блізкія этнічныя групы | паўднёвыя паютэ, банак |
Паўночныя паютэ (саманазва: Numa) — група індзейскіх плямён, якія размаўляюць на аднайменнай нумійскай мове. Карэнныя жыхары рэгіёна Вялікі Басейн. Агульная колькасць (2018 г.) - 7 100 чал.[1]
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Продкі паютэ з'явіліся ў рэгіёне Вялікі Басейн каля 1000 - 1500 гадоў таму. Магчымай іх прарадзімай была паўднёвая Каліфорнія[2]. Паютэ ніколі не былі аб'яднаны ў адзін народ, падзяляліся на розныя плямёны і групы. Паўночныя паютэ адрозніваюцца ад паўднёвых выключна па лінгвістычнаму прынцыпу.
Да кантактаў з еўрапейцамі ў першай палове XIX ст. паўночныя паютэ насялялі ўсход Каліфорніі, захад Невады і паўднёвы ўсход Арэгона. Усяго налічвалася 26 буйных тэрытарыяльных груп, кожная з якіх мела саманазву. Да паўночных паютэ таксама адносяць банак[3], якія размаўлялі на мове паўночных паютэ, але жылі сярод шашонаў.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Да прыходу еўрапейцаў асноўнымі заняткамі паўночных паютэ былі паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Палявалі пераважна ўзімку. Збіральніцтва вялося на працягу года. Збіралі ядомыя расліны і казурак. Для доўгага захавання — хваёвыя арэхі. Рыбалоўства адыгрывала выключна важную ролю ўлетку, калі пачынаўся сухі сезон[4].
З рамёстваў асабліва вылучалася пляценне кашоў[5]. У канцы XIX - першай траціне XX ст. яно мела камерцыйна накіраваны характар. У XIX ст. была вядома конегадоўля. Аднак яна не набыла асаблівай эканамічнай значнасці. Коні і сабакі выкарыстоўваліся для транспартыроўкі рэчаў.
Асаблівасці гаспадаркі вымушалі паўночных паютэ весці вандроўны лад жыцця. У раёнах азёр і балот меліся сталыя паселішчы, дзе праводзілі зімовы сезон. У астатні час галоўным тыпам паселішча быў часовы лагер. Іх памер і насельніцтва вагаліся ў залежнасці ад сезона. У мясцовасцях, багатых рэсурсамі, лагеры ўключалі 50 — 200 жыхароў[6]. Асноўны від жытла — часовы вікіяп.
Фундаментам сацыяльнай арганізацыі былі тэрытарыяльныя групы, якія часцяком фарміраваліся па сваяцкаму прынцыпу. Яны разам эксплуатавалі землі, па якіх вандравалі, абаранялі іх, аб'ядноўваліся падчас святаў і супольных паляванняў. На чале тэрытарыяльнай групы стаяў выбраны правадыр. Ён узначальваў паляванні і ваенныя дзеянні. Знутры буйных груп вылучаліся малыя вандроўныя групы з некалькіх сем'яў. Сацыяльны статус вызначаўся ўзростам[7]. Эканамічная няроўнасць рэгулявалася абавязковай узаемнай дапамогай і шчодрасцю ў дачыненні да іншых чальцоў групы.
Дамінавалі малыя нуклеарныя сем'і. Бацькі самі выбіралі нявесту жаніха, абменьваліся з яе сваякамі падарункамі. У раннія часы пасля шлюбу жаніх пераходзіў на тэрыторыю сям'і жонкі. Аднак сваяцтва вызначалася па мужчынскай лініі. Існавалі звычаі разводаў, палігініі і паліандрыі[8]. У выхаванні дзяцей прымалі ўдзел бабулі і дзядулі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова паўночных паютэ адносіцца да нумійскай групы моў. У нашы дні захавалася каля 700 носьбітаў[9]. Вывучаецца ў школах Арэгона і Невады.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйныя рэлігійныя вераванні паўночных паютэ былі заснаваны на веры ў духоўную сілу puha[10], якая прасякае ўсе натуральныя аб'екты, у тым ліку людзей. Яны таксама верылі ў звышнатуральныя істоты: воўка-стваральніка сусвета Isa, яго брата-трыкстэра каёта, карлікаў-людаедаў німерыгар і г. д.[11] У якасці арганізатара рэлігійных рытуалаў мог выступаць кожны мужчына, аднак лічылася, што эфектыўна займаюцца лекаваннем толькі шаманы.
У выніку кантактаў з еўрапейцамі сярод паўночных паютэ пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Пасля сонечнага зацьмення 1889 г. шаман Вавока стварыў на аснове традыцыйных і хрысціянскіх вераванняў рэлігійны культ Танец духу[12], які меў уплыў і на іншыя індзейскія народы ЗША.
Зноскі
- ↑ Paiute, Northern in United States
- ↑ Northern Paiute - History and Cultural Relations
- ↑ The Bannock – Roaming the Great Basin
- ↑ Ginny Bengston, NORTHERN PAIUTE AND WESTERN SHOSHONE
- ↑ Northern Paiute - Economy
- ↑ Northern Paiute - Settlements
- ↑ Northern Paiute - Sociopolitical Organization
- ↑ Northern Paiute - Marriage and Family
- ↑ Northern Paiute (Numu / Paviotso)
- ↑ Northern Paiute - Religion and Expressive Culture
- ↑ Native Languages of the Americas: Paiute Indian Legends
- ↑ The Ghost Dance – A Promise of Fulfillment