Пула
| ||||||||||||||||||||||||||||
Пу́ла[6] — горад у Харватыі, на заходнім узбярэжжы паўвострава Істрыя ў Адрыятычным моры. Насельніцтва — 57 460 чалавек (перапіс 2011 года). Пула — найбуйнейшы горад Істрыі, размешчаны амаль на самай ускрайку паўвострава. Звязаны рэгулярнымі міжгароднімі аўтобуснымі лініямі з іншымі буйнымі харвацкімі гарадамі, а таксама з Італіяй і Славеніяй. З Пулы вядзе шаша ўздоўж узбярэжжа ў бок гарадоў Ровінь, Порач і Умаг (A9); а таксама да Рыекі і далей да астатняй Харватыі.
Побач з горадам размешчаны міжнародны аэрапорт.
Насельніцтва занята ў турыстычнай галіне, рыбалоўстве і рыбапераапрацоўцы, вінаробстве, суднабудаванні, вытворчасці вырабаў са шкла, будаўнічай індустрыі. Суднаверф Uljanik.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пула была заснавана старажытнымі грэкамі, стаўшы адной з першых грэчаскіх калоній на поўначы Адрыятыкі. Росквіт горада прыпаў на эпоху Старажытнага Рыма. Рымляне ацанілі важнае стратэгічнае становішча горада, пры іх Пула становіцца найбуйнейшым і найважнейшым горадам Істрыі, вядомым пад назвай Pietas Iulia Pola. Шматлікія славутасці рымскіх часоў, якія захаваліся да нашых часоў, добра ілюструюць магутнасць і важнасць горада ў гэту эпоху.
З 478 года, часу падзення Заходняй Рымскай імперыі, і па 1150 год, калі горад стаў належаць Венецыі, Пулай, як і ўсёй Істрыяй, валодалі лангабарды, остготы, франкі, славяне. Апошнія прыйшлі на Істрыю ў VII стагоддзі.
Венецыянскай рэспубліцы горад належаў больш за 600 гадоў аж да яе падзення ў 1797 годзе. У XIV, XV і XVI стагоддзях горад нярэдка апыняўся на пярэдняй лініі войнаў, якія Венецыя вяла з Генуяй і з Габсбургамі за панаванне над Адрыятыкай. Некалькі разоў у час гэтых войнаў Пула акупавалася варожымі арміямі, некаторыя старажытнарымскія помнікі былі цалкам разбураны.
Пасля заканчэння войнаў з Напалеонам у 1813 годзе Пула зноў адышла да Аўстрыі.
Пасля Першай сусветнай вайны, у 1920 годзе згодна з Рапальскім дагаворам Пула разам з усім паўвостравам Істрыя перайшла Італіі, у той час як астатняя Далмацыя ўвайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, пазней Каралеўства Югаславія.
У 1943 годзе, пасля капітуляцыі Італіі, Пула была акупавана нямецкімі войскамі.
Пасля Другой сусветнай вайны, у лютым 1947 года горад стаў часткай ФНРЮ, большая частка італьянскага насельніцтва горада пакінула Пулу.
Пасля распаду Югаславіі ў 1991 годзе Пула стала часткай незалежнай Харватыі.
У гонар Пулы названы астэроід (142) Пулана, адкрыты 28 студзеня 1875 года аўстрыйскім астраномам Ёганам Палізам у абсерваторыі Пула, якая працавала ў горадзе ў 1871—1914 гадах, і дзе было адкрыта 29 астэроідаў.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Старажытнарымскі амфітэатр — пабудаваны ў I стагоддзі нашай эры. Гіганцкае збудаванне (яго памеры 133х105 метраў) умяшчала 23 тысячы гледачоў. Быў адным з шасці найбуйнейшых калізеяў Рымскай імперыі. Вельмі добра захаваўся. У наш час у амфітэатры праводзяцца буйныя канцэрты, у прыватнасці, у 2005 годзе ў ім адбыўся канцэрт Патрыцыа Буанэ.
- Форум — рымскі форум, упадабанае месца выступлення харавых калектываў.
- Трыўмфальная арка Сергіяў (Залатая брама) (27 да н.э.) — старажытнарымская арка. Пазней была ўбудавана ў гарадскую браму. Побач рэшткі гарадскіх сцен рымскага перыяду.
- Храм Аўгуста (паміж 2 годам да н.э. і 14 годам) — старажытнарымскі храм у нядрэнным стане.
- Кафедральны сабор — сучасны будынак з’яўляецца вынікам некалькіх сярэдневяковых перабудоў раннехрысціянскага храма IV—V стагоддзяў.
- Ратуша (1296).
- Царква Св. Мікалая (VI стагоддзе) — класічная візантыйская базіліка з іканастасам XVIII стагоддзя; у наш час — дзеючая сербская праваслаўная царква.
- Крэпасць Каштэл (XVII стагоддзе) — венецыянская, пазней аўстрыйская крэпасць на вяршыні ўзгорка, якая ўзвышаецца над старым горадам.
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в archINFORM — 1994. Праверана 6 жніўня 2018.
- ↑ а б в г Register of spatial units of the State Geodetic Administration of the Republic of Croatia
- ↑ а б https://it-ch.topographic-map.com/map-27d9rr/Citt%C3%A0-di-Pola/?zoom=19¢er=44.87013%2C13.84189&popup=44.87026%2C13.84212
- ↑ Popis stanovništva, kućanstava i stanova 2021. – stanovništvo prema starosti i spolu po naseljima, 2021 Croatian census: population data by age, sex, settlement — Croatian Bureau of Statistics, 2022.
- ↑ List of Croatian settlements and delivery post offices — 2022.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пула // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 120. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пула