Перайсці да зместу

Скульптура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Статуя Давыда (Мікеланджэла, 1500—1504)

Скульптура, пластыка (лац.: sculpo — выразаю, высякаю) — від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць аб'ёмную форму і выконваюцца з цвёрдых ці пластычных матэрыялаў - у шырокім значэнні слова, мастацтва ствараць з гліны, воску, каменя, металу, дрэва, косці і іншых матэрыялаў высяканнем, выразаннем, лепкай, коўкай, ліццём ці іншым спосабам выявы чалавека, жывёл і іншых прадметаў прыроды ў датыкальных, цялесных іх формах.

Мастацка-выразнымі сродкамі скульптуры з'яўляюцца пабудова аб'ёмнай формы, пластычная мадэліроўка (лепка), распрацоўка сілуэта, фактуры, часам колеру.

Мастак, які прысвяціў сябе мастацтву скульптуры, называецца скульптарам або разьбяром. Галоўную яго задачу складае перадача чалавечай фігуры ў рэальным або ідэалізаваным выглядзе, жывёлы адыгрываюць у яго творчасці другарадную ролю, а іншыя прадметы з'яўляюцца толькі ў значэнні даданых або апрацоўваюцца выключна з арнаментальнай мэтай.

Слова скульптура, акрамя самога віду мастацтва, пазначае таксама кожны асобны яго твор.

Раннія формы і віды скульптуры існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У асобны від творчай дзейнасці са сваімі спецыфічнымі задачамі скульптура выкрышталізавалася ў перыяд існавання першых цывілізацый свету (Старажытны Егіпет, Месапатамія). У эпоху антычнасці скульптура дасягнула росквіту ў культуры Старажытнай Грэцыі (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет і інш.).

Культавая скульптура эпохі Сярэднявечча ў Еўропе і Азіі аб'ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. Увасабленне ідэалаў гуманізму эпохі Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Мікеланджэла, К. Слютэра, А. Крафта  (руск.) і інш. У 17-стагоддзях скульптура развівалася ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў (маньерызм, барока, класіцызм, рамантызм, мадэрн, імпрэсіянізм, постмадэрнізм і інш.). Сярод найбольш вядомых скульптараў мінулых стагоддзяў Дж. Л. Берніні, А. Канова, Б. Торвальдсен, Ж. А. Гудон, Б. К. Растрэлі  (руск.), І. Мартас, А. Радэн, Х. Арп, Г. Мур, Ф. Крэмер  (руск.) і інш.

Віды скульптуры

[правіць | правіць зыходнік]

Выдзяляюць наступныя віды скульптуры:

  • круглая (статуя, бюст, група)
  • плоская (рэльеф)
  • манументальная (помнікі, манументы)
  • манументальна-дэкаратыўная (архітэктурны дэкор, садова-паркавая)
  • станковая (выконваецца на спецыяльным станку).
  • Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл. — ISBN 985-11-0277-6.