Чорна-бела-чырвоны сцяг Германіі
Чорна-бела-чырвоны сцяг Германіі | |
---|---|
Выкарыстанне | |
Прапорцыя | 2:3 |
Чорна-бела-чырвоны сцяг (ням.: Schwarz-Weiß-Rot Flagge) — афіцыйны сцяг Паўночнагерманскага саюза з 1867 года і Германскай дзяржавы з 1871 па 1919 і з 1933 па 1935 год.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Сцяг уяўляў з сябе гарызантальны трыкалор наступных колераў: чорны — наверсе, белы — у сярэдзіне і чырвоны — унізе. Палосы былі роўнавялікімі і сімвалізавалі нямецкае адзінства: чорны і белы колеру былі колерамі прускага сцяга, а чырвоны прысутнічаў на сцягах шматлікіх нямецкіх дзяржаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гэты сцяг першапачаткова выкарыстоўваўся як сцяг Паўночнагерманскага саюза, у які ўваходзілі нямецкія дзяржавы, якія знаходзіліся да поўначы ад ракі Маас. Прусія была галоўнай дзяржавай саюза. Пасля перамогі Прусіі і яе саюзнікаў над Францыяй у 1871 годзе была абвешчаная Германская імперыя. Чорна-бела-чырвоны сцяг стаў сцягам аб'яднанай Германіі. Пасля абвяшчэння Веймарскай рэспублікі ў 1919 годзе дзяржаўным сцягам стаў сцяг Германскага саюза — чорна-чырвона-залаты. Але значная частка насельніцтва не прызнала новы сцяг, і на шматлікіх хатах дэманстратыўна вывешвалі чорна-бела-чырвоныя сцягі. Перад дзяржаўнымі ўстановамі, акрамя дзяржаўнага, вывешваўся гандлёвы сцяг — стары імперскі сцяг, у левым верхнім куце якога размяшчаўся дзяржаўны трыкалор. Уся нутрапалітычная гісторыя Веймарскай рэспублікі насычаная канкурэнцыяй двух сцягоў. У 1933 годзе Гітлер, які прыйшоў да ўлады, забараніў сцяг рэспублікі, і чорна-бела-чырвоны сцяг ізноў стаў дзяржаўным, толькі ў левую яго частку зараз быў дададзены чорны арол з чырвонымі лапамі, змешчаны на белы круглы шчыток. Але ўжо ў 1935 годзе сцяг быў афіцыйна забаронены, і выкарыстоўваўся нямецкай антынацысцкай арганізацыяй «Свабодная Германія». Пасля Другой сусветнай вайны саюзнікі забаранілі ўсе віды нямецкіх нацыянальных сцягоў, і чорна-бела-чырвоны сцяг канчаткова знік.