Ілан Маск
І́лан Рыў Маск (па-ангельску: Elon Reeve Musk; нарадзіўся 28 чэрвеня 1971 году) — прадпрымальнік і бізнэсовы магнат, фундатар, генэральны дырэктар і галоўны інжынэр кампаніі SpaceX, інвэстар, генэральны дырэктар і архітэктар прадукту Tesla, Inc., фундатар кампаніі The Boring Company, сузаснавальнік Neuralink і Openai, уладальнік сацыяльнай сеткі Twitter. Меркаваны кошт ягоных кампаніяў складае каля 243 млрд даляраў па стане на люты 2022 году[7]. Маск ёсьць самым заможным чалавекам у сьвеце ў адпаведнасьці зь індэксам Bloomberg і Forbes[8][9].
Нарадзіўшыся ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Маск наведваў Прэторскі ўнівэрсытэт перш чым у 17 гадоў пераехаць у Канаду, на радзіму ягонай маці. Тамака ён навучаўся ва Ўнівэрсытэце Кўінз у Кінгстане, а потым пераехаў у ЗША дзеля навучаньня ў Пэнсыльванскім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень бакаляўра ў галіне эканомікі і фізыкі. У 1995 годзе Маск пераехаў у Каліфорнію, каб навучацца ў Стэнфардзкім унівэрсытэце, але вырашыў засяродзіцца на бізнэсе, зафундаваўшы вэб-кампанію Zip2 з сваім братам Кімбалам. Кампанія была набытая кампаніяй Compaq за 307 млн даляраў у 1999 годзе, і ў тым жа годзе ён стаў сузаснавальнікам інтэрнэт-банка X.com, які трансфармаваўся ў наступным годзе ў PayPal. У 2002 годзе гэтую кампанію набыў eBay за 1,5 млрд даляраў. У 2002 годзе Маск заснаваў кампанію SpaceX, якая займаецца аэракасьмічнай вытворчасьцю і касьмічнымі транспартнымі паслугамі. У 2004 годзе прадпрымальнік далучыўся да вытворцы электрычных транспартных сродкаў Tesla, Inc., стаўшы старшынём рады дырэктароў і галоўным архітэктарам прадукту. У 2008 годзе ён заняў пасаду генэральнага дырэктара кампаніі. У 2006 годзе ён дапамог стварыць кампанію SolarCity, якая займаецца энэргетычнымі паслугамі, прадукаванымі з сонечнай энэргіі. У 2015 годзе Маск стаў сузаснавальнікам некамэрцыйнай дасьледчай кампаніі Openai, якая працуе над стварэньнем штучнага інтэлекту.
Маска часта крытыкуюць за ягоныя ненавуковыя пазыцыі і супярэчлівыя заявы. У 2018 годзе ён атрымаў пазоў у суд камісіі па каштоўным паперам і біржам ЗША за ягоныя ілжывыя тўіты, у якіх ён распавядаў аб тым, што забясьпечыў фінансаваньне прыватнага паглынаньня Tesla. Маска таксама крытыкавалі за распаўсюд дэзынфармацыі аб пандэміі каранавіруса і за ягоныя іншыя меркаваньні, датычныя штучнага інтэлекту, крыптавалютаў і грамадзкага транспарту.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://www.biography.com/people/elon-musk-20837159
- ^ Elon Musk // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Elon Musk // GeneaStar
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ http://uk.businessinsider.com/tesla-the-origin-story-2014-10
- ^ https://web.archive.org/web/20130829173209/http://money.cnn.com/2007/11/13/magazines/fortune/paypal_mafia.fortune/
- ^ «Elon Musk». Forbes.
- ^ «Bloomberg Billionaires Index». Bloomberg.
- ^ «Real Time Billionaires». Forbes.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Профіль на TED.