Альфонса V Высакародны
Альфонса V Высакародны | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
ісп.: Alfonso V el Noble | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Каранацыя | 11 лістапада 999 | ||||||
Папярэднік | Бермуда II | ||||||
Пераемнік | Бермуда III | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля 994 |
||||||
Смерць |
7 жніўня 1028[1] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Астур-леонская дынастыя[d] | ||||||
Бацька | Бермуда II[d] | ||||||
Маці | Эльвіра Кастыльская[d] | ||||||
Жонка | Эльвіра Мендэс дэ Меланда[d] і Урака Гарсес[d] | ||||||
Дзеці | Санча Леонская[d], Хімена Леонская[d] і Бермуда III[d][2] | ||||||
Веравызнанне | Хрысціянства | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Альфонса V Высакародны (ісп.: Alfonso V el Noble; таксама Альфонса V Заканадавец (ісп.: el la Buenos Fueros[3]) ці Альфонса V Аднаўляльнік (ісп.: el Restaurator); 996[4] — 7 жніўня 1028) — кароль Леона (999—1028; самастойна — з 1007) з дынастыі Перэс. Праводзіў палітыку аднаўлення каралеўства пасля паходаў маўраў, ізноў засяліў сталіцу каралеўства, горад Леон, і выдаў «Фуэра Леона». Загінуў у паходзе на Візеу.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Рэгенцтва
[правіць | правіць зыходнік]Барацьба за рэгенцтва
[правіць | правіць зыходнік]Альфонса V быў сынам караля Леона Бермуда II. Ён стаў каралём ва ўзросце трох гадоў, калі яго бацька ў верасні 999 года нечакана сканаў у час паездкі па сваім каралеўстве. З прычыны таго, што Альфонса быў яшчэ малалетнім, кіраванне перайшло ў рукі рэгентаў — маці новага караля Эльвіры Гарсія, дачкі графа Кастыліі Гарсіі Фернандэса, і найбольш уплывовага з васалаў караля, графа Партугаліі Мененда II Гансалеса. На рэгенцтва таксама прэтэндаваў і дзядзька Альфонса V, граф Кастыліі Санча Гарсія, але незадаволеная аддзяленнем Кастыліі ад Каралеўства Леон леонская знаць перашкодзіла яго ўваходжанню ў рэгенцкую раду. Аднак граф Кастыліі змог уплываць на кіраванне Леонам праз сваю сястру Эльвіру, у выніку чаго пры леонскім каралеўскім двары сфарміраваліся дзве групы знаці: пра-кастыльская, на чале якой стаяла маці караля, і анты-кастыльская, на чале якой стаяў граф Партугаліі. 11 кастрычніка 999 года адбылася цырымонія каранацыі Альфонса V, якую правёў біскуп Леона Фраілан I. У хартыі, выдадзена з гэтай нагоды 13 кастрычніка, першым стаяў подпіс Мененда II Гансалеса, другім — Санчы Гарсіі, хоць у дакуменце Санча мае больш высокі тытул (герцаг), чым Мененда (граф). Гэта сведчыць пра перавагу ў гэты момант пры двары анты-кастыльскай партыі. Паводле слоў Пелая з Аўеда, Альфонса быў вывезены графам Мененда ў яго ўладанні ў Галісіі і выгадаваны ў яго сям’і. Адным з першых дзеянняў Мененда Гансалеса на пасадзе рэгента стала засяленне ім разбуранай маўрамі Саморы, якое ён пачаў у першы год кіравання Альфонса V.
Адносіны з маўрамі
[правіць | правіць зыходнік]З самага пачатку рэгенты сутыкнуліся з небяспекай новых спусташальных паходаў маўраў на чале з фактычным кіраўніком Кордаўскага халіфата аль-Мансурам. Пры двары караля Леона перавагу ўзяла група знаці, якая настойвала на працягу вайны з мусульманамі. У 1000 годзе паміж каралеўствам Леон, каралеўствам Навара і графствам Кастылія быў заключаны саюз супраць маўраў, аднак у гэтым жа годзе войска саюзнікаў пацярпела цяжкае паражэнне ад аль-Мансура ў бітве пры Серверы, у якой загінуў кароль Навары Гарсія II Санчэс. Пасля гэтага на працягу двух гадоў аль-Мансур здзейсніў некалькі паходаў у Кастылію і Навару. Яго смерць 10 жніўня 1002 года[5][6][7], якая адбылася пасля перамогі аб’яднанага войска хрысціян у бітве пры Калатаньясоры[8], не спыніла наступ маўраў на хрысціянскія дзяржавы поўначы Пірэнейскага паўвострава і ў канцы года сын і пераемнік аль-Мансура, хаджыб Абд аль-Малік аль-Музафар здзейсніў паход у Леон. Пасля гэтага паходу рэгенты Леонскага каралеўства прынялі рашэнне заключыць мір з Кордаўскім халіфатам і ў лютым 1003 года ў Кордаве Пелая, пазашлюбны сын караля Бермуда II, пацвердзіў умовы мірнага дагавора паміж Леонам і Кордаўскім халіфатам.
На правах саюзніка Абд аль-Маліка аль-Музафара леонскае войска ўдзельнічала ў 1003 годзе ў паходзе на Барселонскае графства, у час якога маўры спачатку былі разбіты графам Барселоны Рамонам Барэлем I і іншымі каталонскімі валадарамі ў бітве пры Торы, а затым 25 лютага нанеслі войску каталонцаў паражэнне ў бітве пры Альбесе[9]. У 1004 годзе паміж графам Партугаліі Мененда II Гансалесам і графам Кастыліі Санча Гарсіяй узнік новы канфлікт наконт рэгенцтва над каралём Альфонса V. За пасродніцтвам абодва прэтэндэнта звярнуліся да Абд аль-Маліка аль-Музафара, які прызнаў свайго саюзніка Мененда Гансалеса, які асабіста прыбыў у Кордаву, законным апекуном малалетняга караля Леона. Супраць графа Кастыліі, які адмовіўся падпарадкавацца гэтаму рашэнню, Абд аль-Малік і граф Мененда здзейснілі сумесны паход.
Аднак у 1005 годзе з невядомых прычынах паміж Леонам і Кордаўскім халіфатам ізноў пачалася вайна. Хаджыб аль-Музафар здзейсніў паход у горныя раёны Леона і ўзяў крэпасць Луна, а яго палкаводзец Вадых ізноў разарыў Самору. Граф Кастыліі Санча Гарсія заключыў у 1006 годзе мір з Кордаўскім халіфатам і суправаджаў аль-Музафара ў паходзе ў графства Рыбагорса. Насустрач маўрам выступіла аб’яднанае войска Рыбагорсы, Леона і Навары, аднак саюзнікі не змаглі перашкодзіць мусульманам заваяваць большую частку графства Рыбагорса. У 1007 годзе граф Кастыліі зноў разарваў мір з маўрамі, разам з войскамі з Леона і Навары ўварваўся на тэрыторыю Кордаўскага халіфата і захапіў крэпасць Клунію. Толькі смерць у 1008 годзе Абд аль-Маліка аль-Музафара і крызіс у Кордаўскім халіфаце, які пачаўся неўзабаве пасля гэтага, спынілі рэгулярныя напады маўраў на хрысціянскія дзяржавы Пірэнейскага паўвострава і дазволілі хрысціянам самім перайсці ў наступ на ўладанні мусульман.
Самастойнае кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак самастойнага кіравання
[правіць | правіць зыходнік]У 1007 годзе Альфонса V дасягнуў паўналецця і пачаў самастойна кіраваць каралеўствам. Яго маці, Эльвіра Гарсія, сышла ў манастыр. Граф Мененда II Гансалес з’ехаў у свае ўладанні ў Партугаліі, але перад ад’ездам дамогся ад Альфонса V згоды пабрацца шлюбам са сваёй дачкой Эльвірай. Тая яшчэ не дасягнула шлюбнага ўзросту, таму было прынята рашэнне адкласці шлюб да яе паўналецця, і толькі ў 1015 годзе Эльвіра Менендэс дэ Меланда стала законнай жонкай караля Леона. Сам граф Мененда II загінуў 6 кастрычніка 1008 года ў баі з нарманамі каля горада Авеноза[10]. Яго пераемнік, граф Нунья I Альвітэс, ужо не аказваў на караля Альфонса V ніякага ўплыву.
Адразу ж пасля весткі пра гібель графа Мененда Гансалеса, супраць Альфонса V падняў мяцеж адзін з яго васалаў, граф Сальданіі Гарсія Гомес. У 1008 годзе ён прыехаў у Кордаву, каб прасіць ваеннай дапамогі супраць караля Леона ў новага хаджыба, свайго далёкага сваяка Абд ар-Рахмана Санчуэла, атрымаў яе, узімку 1009 года выступіў з войскам маўраў у паход на Леон, але з прычыны моцных халадоў быў вымушаны вярнуцца, так і не пачаўшы ваенныя дзеянні. Далейшай вайне з Альфонсам V Гарсіі Гомесу перашкодзіла грамадзянская вайна ў Кордаўскім халіфаце, якая пачалася ў тым жа годзе. Граф Сальданіі прымірыўся з каралём Леона і прыняў актыўны ўдзел у гэтай вайне: у 1009 годзе на чале атрада леонцаў ён як саюзнік халіфа Сулеймана і графа Кастыліі Санча Гарсіі ўдзельнічаў ва ўзяцці і разрабаванні Кордавы.
Напад нарманаў
[правіць | правіць зыходнік]Пра кіраванне Альфонса V паміж 1009 і 1017 гадамі вядома мала. З падзей гэтага часу, акрамя адносін з Кастыліяй, найбольш значнымі з’яўляюцца скліканне ў 1012 годзе па ініцыятыве караля царкоўнага сабору ў горадзе Леон і напад нарманаў на Галісію ў 1015—1016 гадах. Войска вікінгаў на чале з конунгам Олафам Тоўстым бесперашкодна разарыла Галісію і Партугалію, разрабавала Туй і іншыя гарады. Толькі праз 9 месяцаў каралю Альфонса V удалося выгнаць нарманаў са свайго каралеўства.
Фуэра Леона
[правіць | правіць зыходнік]Да 1017 года адносіцца адна з галоўных падзей кіравання Альфонса V — выданне «Фуэра Леона». Да гэтага часу кароль пачаў паўторнае засяленне сталіцы каралеўства, горада Леон, амаль цалкам разбуранага ў выніку паходаў аль-Мансура ў канцы X стагоддзя. За некалькі гадоў у горадзе былі адноўлены ці пабудаваны некалькі цэркваў і манастыроў (у тым ліку, сабор Сан-Хуан-Батыста-дэ-Леон, пераўтвораны ў сямейную пахавальню каралёў Леона). У горад з іншых раёнаў краіны па ўказу караля перасяляліся рамеснікі. Каб актывізаваць перасяленне, 30 ліпеня 1017 года Альфонса V выдаў фуэра, у якім падаваў новым жыхарам горада цэлы шэраг палёгак і прывілеяў. Асаблівая ўвага надавалася рэгуляванню маёмасных адносін паміж жыхарамі горада, жыхарамі наваколляў і прадстаўнікамі каралеўскай улады. 1 жніўня 1020 года ў горадзе Леон па ініцыятыве караля сабраўся вялікі сабор, на якім прысутнічалі амаль усе знатныя духоўныя і свецкія асобы каралеўства. Удзельнікі сабору ўхвалілі прапанаваны каралём пашыраны варыянт «Фуэра Леона», у якім вызначаліся правы гарадскіх абшчын і іх узаемаадносіны з каралеўскай уладай. Дзеянне гэтага фуэра было распаўсюджана саборам на ўсю тэрыторыю каралеўства і ў наступныя два стагоддзі «Фуэра Леона» стала асновай для стварэння большасці фуэрас, выдадзеных для гарадоў Леона, Галісіі і Астурыі.
Адносіны з Кастыліяй і Наварай
[правіць | правіць зыходнік]З самага пачатку адзінаўладнага кіравання Альфонса V пачалі абвастрацца адносіны паміж каралеўствам Леон і графствам Кастылія. Граф Санча Гарсія, які жадаў павялічыць свае ўладанні як за кошт Кордаўскага халіфата, так і за кошт Леона, яшчэ да гібелі графа Мененда II Гансалеса захапіў леонскія землі паміж рэкамі Сеа і Пісуэрга, улада над якімі заўсёды аспрэчвалася Леонам і Кастыліяй. Кароль Альфонса V, заняты аднаўленнем свайго каралеўства, не змог перашкодзіць далучэнню гэтых абласцей да Кастыліі. У далейшым граф Санча некалькі разоў спрабаваў арганізаваць мецяжы сваіх прыхільнікаў у Леоне, каб дамагчыся ад Альфонса V яшчэ большых саступак, але поспеху гэтыя дзеянні не мелі. У 1014 годзе адбыўся канчатковы разрыў паміж каралём Альфонса V і графам Санча Гарсіем, звязаны з распачатымі ў Кастыліі праследаваннямі прыхільнікаў леонскага караля. Мноства кастыльскіх дваран бегла да двара караля Леона. Сярод гэтых бежанцаў была і сям’я Вела, якая ўжо 80 гадоў канфліктавала з графскай сям’ёй Кастыліі з-за валоданняграфствам Алава. Адзін з прадстаўнікоў гэтай сям’і, граф Радрыга Вела, неўзабаве стаў першым саветнікам Альфонса V, а калі ў караля ў 1017 ці 1018 годзе нарадзіўся сын Бермуда, Радрыга атрымаў ганаровае права стаць хросным бацькам спадчынніка прастола.
Сітуацыя змянілася, калі 5 лютага 1017 года памёр граф Санча Гарсія і новым кіраўніком Кастыліі стаў яго непаўналетні сын Гарсія Санчэс. Кароль Альфонса V ужо ў сакавіку арганізаваў паход супраць Кастыліі і вярнуў усе землі, захопленыя раней графам Санча. Кіраўніком гэтых зямель быў пастаўлены граф Педра Фернандэс Лайнес-о-Флагінес, які раней праславіўся ў барацьбе з пра-кастыльскімі мяцежнікамі. Да гэтага перыяду адносіцца адзінае ў гісторыі каралеўства Леон выкарыстанне яго манархам тытула «кароль Леона і Кастыліі» і аднаўленне ў тытулатуры Альфонса тытула «Імператар усёй Іспаніі» (лац.: Imperator totius Hispaniae), якім надзяляе яго ў сваіх лістах да яго абат манастыра Санта-Марыя-дэ-Рыполь Аліба.
Аднак нечакана для сябе кароль Альфонса V сутыкнуўся з новым праціўнікам, каралём Навары Санча III, які абвясціў сябе апекуном свайго сваяка[11], графа Гарсіі Санчэса. Храналогія далейшых падзей гісторыкамі пакуль дакладна не ўсталяваная, але вядома, што да 1020 года каралю Навары ўдалося зноў адваяваць у Альфонса V вобласць паміж Сеа і Пісуэргай, а да 1022 годзе захапіць і некаторыя іншыя землі каралеўства Леон. 2 снежня 1022 года памерла жонка караля Альфонса V, Эльвіра Менендэс, і кароль Леона прапанаваў Санча III заключыць мір, які мусіў быў змацаваны шлюбам Альфонса V з сястрой караля Навары, Уракай Гарсес. Нягледзячы на тое, што шлюб парушаў царкоўныя законы, якія забаранялі шлюбы паміж блізкімі сваякамі (Альфонса і Урака былі стрыечнымі братам і сястрой), у 1023 годзе адбылася цырымонія іх шлюбу. Паміж Леонам і Наварай быў заключаны мір, які не быў парушаны да самай смерці караля Альфонса V. Землі, заваяваныя каралём Санча III, былі вернуты Леону як пасаг Уракі Гарсес.
Гібель Альфонса V
[правіць | правіць зыходнік]Улетку 1028 года кароль Альфонса V арганізаваў паход у абхоплены міжусобнай вайной Кордаўскі халіфат. Леонскае войска аблажыла горад Візеу. 7 жніўня, праз моцную спёку не адзеўшыся ў даспехі, кароль, аб’язджаючы свае войскі, быў забіты стралой, выпушчанай з адной з веж горада. Пасля гібелі Альфонса V войска хрысціян зняло аблогу і вярнулася ў Леон. Цела караля было пахавана ў сталічным саборы Сан-Ісідора-дэ-Леон, дзе знаходзіцца дагэтуль. Пераемнікам караля Альфонса V стаў яго 10-летні сын Бермуда III.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Кароль Альфонса V быў жанаты два разы. Першай яго жонкай (з 1015) была Эльвіра (у некаторых крыніцах называецца Гелорыяй) Менендэс дэ Меланда (памерла 2 снежня 1022), дачка графа Партугаліі Мененда II Гансалеса. Дзецьмі ад гэтага шлюбу былі:
- Санча (1016—7 лістапада 1067) — жонка (з 1032) караля Кастыліі Фернанда I (1016/1018—27 снежня 1065)
- Бермуда III (1017—4 верасня 1037) — апошні кароль Леона (1028—1037).
У другім шлюбе (з 1023) Альфонса V быў з Уракай (памерла пасля 6 жніўня 1031), дачкой караля Навары Гарсіі II Санчэса. У гэтым шлюбе ў караля нарадзілася дачка Хімена, жонка графа Фернанда Гундэмарыса.
Ад невядомай па імі жанчыны кароль Альфонса V меў пазашлюбнага сына Нунья, які атрымаў тытул граф Амая.
Зноскі
- ↑ Alfonso V. // Diccionario biográfico español — Real Academia de la Historia, 2011. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Даслоўны пераклад: Альфонса V Добрыя законы.
- ↑ У некаторых крыніцах гаворыцца, што Альфонса V нарадзіўся каля 994 года.
- ↑ Abū ʿĀmir al-Manṣūr (англ.). Encyclopædia Britannica. Праверана 13 жніўня 2016.
- ↑ Moral A. E. Cronología histórica de Al-Andalus. — Miraguano Ediciones, 2005. — P. 106. — ISBN 978-8-4781-3294-2.
- ↑ Moorish Spain (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 13 жніўня 2016.
- ↑ Паводле даследаванняў сучасных гісторыкаў, бітва пры Калатаньясоры, у якой маўры пацярпелі разгромнае паражэнне, а сам аль-Мансур быў паранены, з’яўляецца толькі легендай, прыдуманай хрысціянскімі храністамі XII стагоддзя. Тагачасныя іспана-мусульманскія гісторыкі не пішуць пра падобную бітву і гавораць пра натуральныя прычыны смерці аль-Мансура.
- ↑ La batalla de Albesa (25 de febrero de 1003) y la primera aceifa de 'Abd al-Malik al-Muzaffar (verano del mismo año) (ісп.). Dolors Bramon. Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2012. Праверана 2 студзеня 2010.
- ↑ Гэта найбольш распаўсюджаная ў крыніцах версія гібелі Мененда II, аднак некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што граф Партугаліі мог загінуць ці ў выніку мецяжу ў яго графстве, ці ў час паходу ў Кастылію.
- ↑ Граф Кастыліі Гарсія Санчэс быў братам жонкі караля Санча III, Муніядонны.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Альфонс, короли Астурии и Леона // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Альтамира-и-Кревеа Рафаэль. История Средневековой Испании / Перевод с испанского Е. А. Вадковской и О. М. Гармсен. — СПб.: «Евразия», 2003. — 608 с. — 1 500 экз. — ISBN 5-8071-0128-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Альфонса V Высакародны на Вікісховішчы |
- Пелайо из Овьедо. Хроника королей Леона . Восточная литература. Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2012. Праверана 8.1.2012.
- Фуэро Леона . Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2012. Праверана 8.1.2012.
- Леон . Реконкиста. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2012. Праверана 8.1.2012.
- Хронология Реконкисты. XI век . Реконкиста. Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2012. Праверана 8.1.2012.
- Alfonso V: Las Relaciones con Al-Andalus (ісп.). Historia de León. Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2012. Праверана 8.1.2012.
- Asturias & Leon, kings (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2012. Праверана 8.1.2012.
- Alfons V (ням.). Genealogie Mittelalter. Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2012. Праверана 8.1.2012.
- Анонимные авторы.. Испанские средневековые хроники: Хроника Карденьи I. Хроника Карденьи II. Анналы Толедо I. Анналы Толедо II. Анналы Толедо III. . www.bloknot.info (А. Скромницкий) (24 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 8 студзеня 2012.