Перайсці да зместу

Нетапыр-карлік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нетапыр-карлік
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pipistrellus pipistrellus Schreber, 1774


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  632123
NCBI  59474
EOL  127390

Нетапы́р-ка́рлік (Pipistrellus pipistrellus) — млекакормячае сямейства гладканосых (звычайных) лятучых мышэй.

Дробны від рукакрылых, даўжыня цела 3,3—5,2 см, перадплечча 2,8—3,2, хваста 2,6—3,3 см. Маса цела 3—8 г. Поўсць густая, кароткая, на спіне цёмна-карычневая, на брушку больш цьмяная і бледная, маладыя асобіны больш цёмныя. Вушы кароткія з закругленымі кончыкамі. Крылы вузкія. Лятальныя перапонкі шэрыя або цёмна-бурыя.

Пашыраны ў Еўразіі, у Еўропе на поўначы дасягае Эстоніі, Калінінскай і Пензенскай абласцей Расіі, ёсць на Каўказе, у Сярэдняй Азіі. Самы дробны від рукакрылых Беларусі, трапляецца па ўсёй тэрыторыі, больш шматлікі ў заходніх раёнах.

Пералётны від.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Корміцца вяснянкамі, жукамі, камарамі, молямі і іншымі дробнымі насякомымі адразу пасля заходу сонца і перад золкам на ўзлесках, прасеках, палянах, у алеях паркаў, над вадаёмамі.

У летніх сховішчах (на гарышчах, пад стрэхамі, за абшыўкай сцен, вокнаў, радзей у дуплах дрэў) паяўляюцца у 2-й палове мая. Самкі жывуць калоніямі па 30—50 асобін, часам з іншымі відамі лятучых мышэй (калоніі дарослых самцоў на Беларусі не знойдзены). Двое дзіцянят нараджае ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня. Асеннія міграцыі ў канцы ліпеня — пачатку жніўня. На зімоўку адлятае ў Цэнтральную Еўропу, Закарпацце, Крым, Закаўказзе, Сярэднюю Азію ў жніўні.

У Еўропе від ахоўваецца ў адпаведнасці з Дадаткам II Бернскай і Бонскай канвенцый.