Перайсці да зместу

Індыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Індыя
भारत गणराज्य
Bhārat Gaṇarājya
Republic of India
Герб Індыі
Сцяг Індыі Герб Індыі
Дэвіз: «Satyameva Jayate (санскр.: सत्यमेव जयते) — «Толькі праўда перамагае»»
Гімн: «Jana-Gana-Mana»
Дата незалежнасці 15 жніўня 1947 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйныя мовы хіндзі[1][2] і англійская[1][2]
Сталіца Нью-Дэлі
Найбуйнейшыя гарады Хайдарабад
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Драўпадзі Мурму
Мухамад Хамід Ансары
Нарэндра Модзі
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
7-я ў свеце
3 287 590 км²
9,5
Насельніцтва
• Ацэнка (2019)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

1 372 550 000[3] чал. (2-я)
1 210 193 422[4] чал.
364 чал./км²
ІРЧП (2017) 0,640[5] (сярэдні) (134-ы)
Валюта Індыйская рупія
(INR, код 356)
Інтэрнэт-дамен .in
Код ISO (Alpha-2) IN
Код ISO (Alpha-3) IND
Код МАК IND
Тэлефонны код +91
Часавыя паясы +5:30

Рэспубліка Індыя, Індыя (хіндзі: Бхарат; англ.: India) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі на паўвостраве Індастан, у басейне Індыйскага акіяна. Сёмая краіна свету па плошчы і другая па колькасці насельніцтва. Тэрыторыя — 3,29 млн кв. км., насельництва складае больш за 1,3 млн чалавек. Індыя мяжуе з Пакістанам і Афганістанам на паўночным захадзе (частка індыйскага штата Джаму і Кашмір, якая прымыкае да Афганістана находзіцца пад кантролем Пакістана), з Кітаем, Бутанам і Непалам на поўначы, з Бангладэш на паўночным усходзе, з М’янмай на ўсходзе; марскія межы ў Індыйскім акіяне з Мальдывамі, Шры-Ланкай (аддзеленыя Полкскім пралівам) і Інданезіяй.

На поўначы тэрыторыя Індыі абмежавана Гімалаямі, на захадзе яе берагі абмываюцца водамі Аравійскага мора, на ўсходзе — Бенгальскага заліва. У склад Індыі ўваходзяць Лакадыўскія і Аміндыўскія астравы ў Аравійскім моры, Андаманскія і Нікабарскія астравы ў Бенгальскім заліве. Працягласць берагавой лініі перавышае 7 тыс. км, працягласць марскіх межаў — звыш 5,5 тыс. км, сухапутных — каля 15 тыс. км. Па багаццю расліннага і жывёльнага свету Індыя не мае роўных на планеце.

Індыйскі субкантынент — радзіма адной з самых першых цывілізацый чалавецтва — Індскай; рэгіён вякамі слынны сваім культурным і эканамічным багаццем. Насычанае духоўнае жыццё індыйцаў парадзіла чатыры ўплывовыя рэлігіі — індуізм, будызм, джайнізм і сікхізм, а распаўсюджанне ў першым тысячагоддзі н.э. ісламу, хрысціянства, зараастрызму і іншых рэлігій завяршыла фарміраванне поліканфесійнай карціны індыйскага грамадства. У першым тысячагоддзі да н.э. сфарміравалася каставая сістэма. Палітычны і культурны ўплыў Сярэдніх Індыйскіх царстваў прасціраўся ажно да Паўднёва-Усходняй Азіі. У другім тысячагоддзі самымі значнымі індыйскімі дзяржавамі былі Дэлійскі султанат і Імперыя Вялікіх Маголаў. Паступова — з пачатку XVIII стагоддзя — намаганнямі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі захопленая і далучаная ў пачатку XIX стагоддзя ў якасці калоніі да Вялікабрытаніі. Дзякуючы негвалтоўнаму супраціўленню пад кіраўніцтвам Махатмы Гандзі, Індыя атрымлівае незалежнасць у 1947.

Сённяшняя Індыя — самая вялікая дэмакратыя свету, парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Складаецца з 28 штатаў і 8 саюзных тэрыторый, уключаючы нацыянальную сталічную тэрыторыю Дэлі. У Індыі пражывае чатыры сотні народаў, што робіць яе найбольш мультыэтнічнай краінай планеты. Афіцыйныя мовы — хіндзі, англійская. Рэлігія — індуізм. Сталіца — Нью-Дэлі у складзе агламерацыі Дэлі (больш за 25 млн чалавек).

Уваходзіць у лік ключавых краін з тых, што развіваюцца. Часта разглядаецца як новая індустрыяльная краіна. Па агульным аб’ёме ВУП па ППЗ займае трэцяе месца ў свеце пасля Кітая і ЗША, па намінальным — шостае. Эканамічныя рэформы, распачатыя ў 1991 забяспечылі пераход да рынкавай эканомікі і хуткі эканамічны рост. Тым не менш, Індыя працягвае пакутваць ад карупцыі, беднасці, голаду, недасканалай сістэмы аховы здароўя. Грашовая адзінка — індыйская рупія, 1 рупія = 100 пайс.

Індыя — сябра ААН, Вялікай 20, ШАС, Руху недалучэння, Садружнасці нацый, рэгіянальнай арганізацыі СААРК і інш.

Бха́рат — афіцыйная назва Рэспублікі Індыя на мове хіндзі. Паходзіць ад «Бхарата́варша» — «краіна (ці царства) бхаратаў» — этноніма, які ўжываўся ў старажытнай Індыі і зафіксаваны ў старажытнаіндыйскім эпасе «Махабхарата».

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Будова паверхні

[правіць | правіць зыходнік]
Рэльеф Індыі

Індыя размешчана ў межах трох буйных араграфічных абласцей: Гімалайскіх гор, Інда-Гангскай раўніны і пласкагор’я Дэкан на п-ве Індастан. Дэкан уяўляе сабой шырокі старажытны масіў сушы, складзены дакембрыйскімі крышталічнымі пародамі, пераважна гнейсамі, гранітамі і сланцамі. Значная частка паверхні перакрытая вулканічнай лавай, прычым найбольшая магутнасць лававага полага — на паўночным захадзе. Дэкан уваходзіў у склад старажытнага мацерыка Гандваны, які каля 200 млн гадоў назад распаўся на некалькі блокаў. Паміж Дэканам і Гімалаямі распасціраецца шырокая Інда-Гангская раўніна.

Заходнія Гаты сухім сезонам

Клімат Індыі субэкватарыяльны і трапічны, з працяглым перыядам мусонаў — сезонам дажджоў. Яскрава выяўленыя кантрасты ў размеркаванні цеплыні і вільгаці.

У шматлікіх раёнах Індастана сярэднія тэмпературы паветра самога халоднага месяца — студзеня 18-24 °C, а летніх месяцаў — 24-29 °C. Аднак часта тэмпература днём падвышаецца да 32 °C. На паўночных раўнінах, ад Заходняй Бенгаліі да мяжы з Пакістанам, улетку вельмі горача, і сярэднія тэмпературы ў Бенгаліі дасягаюць 29 °C; яны паступова павышаюцца па меры руху на паўночны захад і ў маі ў Дэлі дасягаюць 33 °C. Сярэдняя летняя тэмпература ў Амрытсары (шт. Пенджаб) 34 °C, у пустыні Тар ад 32 °C да 38 °C, сярэднія зімовыя тэмпературы там 7-16 °C. Вышынны фактар абумовіў халодны клімат высокіх гор на поўначы Індыі, тады як на нізкіх схілах гэтых гор і на плато пераважае ўмераны клімат. Курорты Паўночнай Індыі размешчаныя ў вышынным поясе ад 1500 да 2300 м, дзе ўмовы камфортныя на працягу ўсяго года.

Гадавая сума ападкаў вагаецца ад менш чым 100 мм у пустыні Тар да 10770 мм на станцыі Чарапунджы ў гарах Кхасі, адным з самых вільготных месцаў на Зямлі. Цэнтральная Індыя атрымлівае ў сярэднім 650—1300 мм ападкаў у год. Дажджы ў Індыю прыносіць з боку Індыйскага акіяна летні мусон, які ўзмацняецца ў пачатку чэрвеня на заходнім узбярэжжы і прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня на ўсходнім узбярэжжы — у Бенгаліі. З лістапада па сакавік з боку сушы дзьме сухі паўночна-ўсходні мусон. З ім звязанае прахалоднае яснае надвор’е.

Паводка, Заходняя Бенгалія

На аснове ўліку дадзеных аб тэрмічным рэжыме, ападках і вятрах каляндарны год у Індыі можна падзяліць на тры асноўных і два прамежкавых кліматычных сезону. У лістападзе — лютым, калі пануе паўночна-ўсходні мусон, прахалодна, сонечна і суха. У сакавіку тэмпература паступова павышаецца. З канца сакавіка па чэрвень доўжыцца гарачы сухі сезон. Да канца чэрвеня вільготнасць узрастае, і на раўнінах Індыі надвор’е становіцца невыносна гарачым і дажджлівым. З ліпеня да сярэдзіны верасня трымаецца вільготнае гарачае надвор'е; спякота трохі спадае, калі неба зацягнута аблокамі і льюць праліўныя дажджы, аднак у цэлым паўднёва-заходнія вятры спалучаюцца з высокімі тэмпературамі. Кастрычнік — пераходны час; вільготнасць паветра высокая з-за выпарэння з паверхні палёў, але дажджы спыняюцца.

Традыцыйна глебы Індыі падзяляюць на 4 тыпы: алювіяльныя на Інда-Гангскай раўніне; рэгуры, або «чорныя бавоўнавыя глебы», на лавах Дэкана; чырвоназёмы на большай частцы тэрыторыі Індастана; латэрытныя глебы на перыферыі паўвострава.

Раслінны і жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]
Сланіха ў парку Nagarhole, Карнатака

Індыя размешчаная ў Індамалайскай эказоне, якая характарызуецца надзвычайнай біялагічнай разнастайнасцю. Як адна з сямнаццаці мегаразнастайных краін (па вызначэнні Праграмы ААН па навакольным асяроддзі), Індыя ёсць домам для 7,6 % ўсіх відаў сысуноў, 12,6 % відаў птушак, 6,2 % відаў рэптылій, 4,4 % відаў амфібій, 11,7 % відаў рыб, 6,0 % відаў кветкавых раслін свету. 33 % відаў раслін Індыі — эндэмічныя.

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Індыя — федэратыўная рэспубліка. Канстытуцыя (увайшла ў сілу ў 1950) вызначае Індыю як суверэнную, сацыялістычную, секулярную, дэмакратычную рэспубліку.

Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (Драўпадзі Мурму, з 25 ліпеня 2022 года), які выбіраецца на пяцігадовы тэрмін калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з усіх выбарных членаў парламента і заканадаўчых сходаў штатаў. Прэзідэнт надзелены шырокімі паўнамоцтвамі: прызначае прэм’ер-міністра, іншых членаў урада, членаў Вярхоўнага суда; можа распускаць ніжнюю палату парламента, выдаваць у перыяд паміж парламенцкімі сесіямі надзвычайныя ўказы, абвяшчаць надзвычайнае становішча; з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі.

Парламент — вышэйшы орган заканадаўчай улады, складаецца з дзвюх палат: верхняй — Савета штатаў (англ.: Council of States, хіндзі: Rajya Sabha) і ніжняй — Народнай палаты (англ.: House of People, хіндзі: Lok Sabha). У Савеце штатаў 250 членаў (12 прызначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца заканадаўчымі сходамі штатаў і тэрыторый на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва), тэрмін паўнамоцтваў 6 год, кожныя 2 гады Савет штатаў абнаўляецца на 1/3. У Народнай палаце 545 дэпутатаў, якія выбіраюцца на пяць год прамым усеагульным тайным галасаваннем па мажарытарнай сістэме.

Выканаўчая ўлада складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта і ўрада — Савета міністраў, на практыцы засяроджаная ў руках прэм’ер-міністра, якім, як правіла, становіцца лідар парламенцкай фракцыі партыі, якая карыстаецца падтрымкай большасці дэпутатаў у Народнай палаце. Члены ўрада павінны быць членамі любой з палат парламента. Фактычна, урад фарміруе партыя ці кааліцыя, якая займае большасць месцаў ніжняй палаты парламента. У індыйскай палітычнай сістэме выканаўчая ўлада падпарадкавана заканадаўчай, прэм’ер-міністр і Савет міністраў адказныя перад ніжняй палатай парламента.

Судовая сістэма складаецца з Вярхоўнага суда (які ёсць таксама органам канстытуцыйнага нагляду), вышэйшых судоў штатаў і судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.

Кожны штат мае заканадаўчы сход, які складаецца з губернатара і адной ці двух палат, што выбіраюцца насельніцтвам на пяць год. Губернатар прызначаецца прэзідэнтам на пяць год і ёсць кіраўніком выканаўчай улады штата. Выкананне паўнамоцтваў губернатара ажыццяўляецца ўрадам штата — Саветам міністраў, які складаецца з галоўнага міністра і міністраў. Урады фарміруюцца таксама ў дзвюх саюзных тэрыторыях — Пандышэры і Нацыянальнай сталічнай тэрыторыі Дэлі. У астатніх пяці саюзных тэрыторыях кіруюць прызначаныя цэнтрам адміністратары — галоўныя камісары.

Усе штаты і саюзныя тэрыторыі падзяляюцца на акругі. Цэнтральнай уладай у акругі прызначаюцца чыноўнікі — камісары ці калектары, у вёсках — старасты. Выбарныя органы ў акругах — акружныя саветы, у гарадах — муніцыпальныя саветы, у вёсках — панчаяты.

Унутраная палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

З часу атрымання Індыяй незалежнасці, яе федэральны ўрад часцей за ўсё фарміраваўся Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК). У палітычным жыцці штатаў дамініравалі некалькі вялікіх агульнанацыянальных партый, у т.л. ІНК, Бхаратыя джаната парты, Камуністычная партыя Індыі і некаторыя рэгіянальныя партыі. З 1950 па 1990 за выключэннем двух кароткіх перарываў парламенцкая большасць належала ІНК. На кароткі час да ўлады прыходзілі Джаната парты і вялікая кааліцыя Левага фронту і Нацыянальнага фронту.

У 1990-я федэральны ўрад фарміравалі шматлікія кааліцыі з кароткай працягласцю існавання. Толькі ў 1998 Бхаратыя джаната парты здолела стварыць з некалькімі рэгіянальнымі партыямі адносна трывалую структуру Нацыянальны дэмакратычны альянс і стаць першай партыяй пасля ІНК, якая ўтрымалася ва ўладзе поўны пяцігадовы тэрмін. У 2004 ІНК выйграў парламенцкія выбары і разам з Аб'яднаным прагрэсіўным альянсам сфарміраваў урад, які падтрымліваюць левыя партыі і апазіцыйныя Бхаратыя джаната парты сілы.

Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК) — адна з найбольш уплывовых партый краіны. ІНК быў створаны ў 1885 і стаў вядучай палітычнай сілай у барацьбе за незалежнасць. Традыцыйна абапіраецца на шырокую сацыяльную базу. Вышэйшы орган партыі — з’езд.

На ўсеагульных парламенцкіх выбарах у красавіку—маі 2004 года ўзначаленая ІНК кааліцыя здолела атрымаць перамогу і сфарміраваць урад. Старшыня партыі (2008) — Соня Гандзі (удава Раджыва Гандзі).

Бхаратыя джаната парты (БДП) — асноўная апазіцыйная партыя. Створана ў 1980 групай членаў былой Бхаратыя джан сангх. БДП — кадравая партыя з адладжанай арганізацыйнай структурай, якая карыстаецца ўплывам у цэлым шэрагу індыйскіх штатаў. У маі 1996 упершыню сфарміравала ўрад, які не атрымаў тады вотуму даверу. З сакавіка 1998 па май 2004 узначальвала ўрадавую кааліцыю Нацыянальны дэмакратычны альянс. Старшыня БДП (2008) — Раджнатх Сінгх.

Існуе значная колькасць рэгіянальных партый рознай сацыяльнай арыентацыі. Да найбуйнейшых адносяцца АІАДМК і ДМК (штат Тамілнад), «Шырымані акалі дал» (штат Панджаб), «Тэлугу дэсам парты» (штат Андхра-Прадэш), «Шыў сена» (штат Махараштра), Нацыянальная канферэнцыя (штат Джаму і Кашмір).

Левы рух прадстаўлены, галоўным чын, дзвюма кампартыямі — Камуністычнай партыяй Індыі (КПІ), створанай у 1925, і КПІ (марксісцкай), якая выйшла з яе шэрагаў у выніку расколу ў 1964. Маючы значаныя рознагалоссі, яны выступаюць з агульных пазіцый па большасці важных унутрыпалітычных пытанняў. Колькасць КПІ — каля 445 тыс. членаў, КПІ(м) — звыш 450 тыс. членаў. Кампартыі захоўваюць найбольш моцныя пазіцыі ў Заходняй Бенгаліі, Керале і Трыпуры.

Індыйскі нацыянальны кангрэс прафсаюзаў (ІНКП) дзейнічае пад кіраўніцтвам ІНК; Усеіндыйскі кангрэс прафсаюзаў (УКП) працуе пад кіраўніцтвам КПІ; Саюз індыйскіх працоўных находзіцца пад уплывам «Джаната дал»; Цэнтр індыйскіх прафсаюзаў (ЦІП) кантралюецца КПІ(м); Кангрэс аб’яднаных прафсаюзаў арыентуецца на шэраг левых партый і арганізацый; Саюз працоўных Індыі — на БДП.

З грамадскіх арганізацый вылучаюцца: Нацыянальная федэрацыя індыйскіх жанчын, Усеіндыйская жаночая канферэнцыя, Усеіндыйская дэмакратычная федэрацыя жанчын, Кангрэсіцкі жаночы камітэт, Індыйскі моладзевы кангрэс і Нацыянальны саюз студэнтаў Індыі находзяцца пад уплывам ІНК; Усеіндыйская федэрацыя моладзі, Усеіндыйская федэрацыя студэнтаў — КПІ; Дэмакратычная федэрацыя моладзі Індыі, Федэрацыя студэнтаў Індыі — КПІ(м).

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Ад самага пачатку незалежнага існавання Індыя праводзіць актыўную знешнюю палітыку. У 1950-х краіна падтрымала антыкаланіяльную барацьбу азіяцкіх і афрыканскіх народаў, выступіла адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. З 1960-х, асабліва пасля Інда-пакістанскай вайны 1965, Індыя пайшла па шляху ўмацавання сувязей з Савецкім Саюзам і аслаблення адносін з ЗША і цвёрда прытрымлівалася гэтай палітыкі да самага знікнення СССР.

Індыя мае добрасуседскія адносіны з Бутанам і Непалам; імкнецца іграць ролю рэгіянальнага гегемона (ваенная дапамога ўрадам Бангладэш, Шры-Ланкі, Мальдываў). Адносіны з Кітаем, ніжняй кропкай якіх была Інда-кітайская вайна 1962, з канца 1990-х паступова мяняюцца ў лепшы бок: у 2003 Індыя прызнала Тыбет часткай Кітая, а Кітай у 2004 прызнаў Сікім часткай Індыі. Разам з тым аналітыкамі разглядаецца верагоднасць хуткага пераносу асноўнага цяжару геапалітычнага суперніцтва Індыі і Кітая на Цэнтральную Азію.

Традыцыйна складанымі — з першых дзён існавання абедзвюх краін — застаюцца адносіны з Пакістанам. Нявырашаная спрэчка за кантроль над Кашмірам неаднаразова прыводзіла да ваенных сутыкненняў, апошні раз — у 1999, ужо ў якасці краін, якія валодаюць ядзернай зброяй (ядзерныя выпрабаванні Індыі і Пакістана, 1998). З 2001 двухбаковыя адносіны маюць выразную тэндэнцыю да паляпшэння.

У апошнія гады Індыя настойліва развівае знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя сувязі з Еўрапейскім Саюзам, ЗША, краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. З постсавецкіх краін найбольш развітыя адносіны Індыя мае з Расіяй і Таджыкістанам.

Індыйска-беларускія адносіны

[правіць | правіць зыходнік]

Індыя адной з першых прызнала незалежнасць Беларусі — дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены 17 красавіка 1992. Ужо 14 мая 1992 у Мінску было адкрыта пасольства Індыі, у 1998 у Дэлі — пасольства Беларусі. Прэзідэнт Беларусі двойчы наведваў Індыю з афіцыйнымі візітамі, падчас апошняга — у красавіку 2007 — у Нью-Дэлі была падпісана сумесная дэкларацыя, якая адлюстроўвае высокі ўзровень узаемаразумення паміж дзвюма краінамі ў палітычнай сферы і вызначае асноўныя кірункі супрацоўніцтва. Высокія бакі таксама дамовіліся павысіць аб’ём гандлёвага абароту з цяперашніх амаль 200 млн да 500 млн долараў у 2010.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

У склад Індыі як федэратыўнай дзяржавы ўваходзяць 28 штатаў, Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дзелі і 7 саюзных тэрыторый. У кожным штаце дзейнічае свой заканадаўчы сход і ўрад. Саюзныя тэрыторыі ў адрозненне ад штатаў не маюць губернатараў і кіруюцца непасрэдна федэральным урадам.

Шчыльнасць насельніцтва ў Індыі

Насельніцтва — 1,2 млрд чалавек (ацэнка ААН на 2008), другая па колькасці насельніцтва краіна свету. Імклівы рост насельніцтва ў апошнія паўстагоддзя быў забяспечаны паляпшэннем медыцынскага абслугоўвання і павелічэннем вытворчасці прадуктаў харчавання ў выніку «зялёнай рэвалюцыі». Прырост — каля 1,9 % у год. 72 % насельніцтва пражывае ў сельскай мясцовасці, але доля гарадскога насельніцтва паступова павялічваецца, пераважна за кошт канцэнтрацыі ў вялікіх гарадах.

У 2001 у Індыі было 35 гарадоў з насельніцтвам звыш 1 мільёна чалавек, у 2009 іх стала ўжо 45. Найбуйнейшыя гарады — Мумбаі (Бамбей) — больш 15 млн чалавек (з прыгарадамі — звыш 21 млн чалавек), Дэлі — каля 14 млн чалавек (з прыгарадамі — 16 млн чалавек), Калькута — больш 5 млн чалавек (з прыгарадамі — 16 млн чалавек), Чэнаі (Мадрас) — 4,6 млн чалавек (з прыгарадамі — звыш 7 млн чалавек), Бангалор — 5,3 млн чалавек, Ахмедабад — каля 4 млн чалавек, Хайдарабад — 3,7 млн чалавек, Пуна — 3,5 млн чалавек.

Індыя з'яўляецца найбольш разнастайнай (пасля Афрыканскага кантынента) у культурным, моўным, генетычным плане геаграфічнай еднасцю на планеце. Насельніцтва Індыі належыць да двух моўных сем’яў: інда-арыйскай (каля 74 % насельніцтва) і дравідыйскай (каля 24 %). Найбольшая колькасць носьбітаў — у хіндзі, афіцыйнай мовы краіны. Англійская мова выкарыстоўваецца ў дзелавых і адміністрацыйных мэтах і мае статус дапаможнай афіцыйнай мовы. Кожны штат і саюзная тэрыторыя маюць уласныя афіцыйныя мовы. Усяго 21 мова мае пэўны статус у Індыі ці яе частках. Насельніцтва гаворыць увогуле на 1652 дыялектах.

Звыш 800 млн індыйцаў (80,5 %) спавядаюць індуізм. Іншыя значныя рэлігійныя групы ў краіне — мусульмане (13,4 %), хрысціяне (2,3 %), сікхі (1,9 %), бахаі (1,7%), будысты (0,8 %), джайністы (0,4 %). Племянныя вераванні ахопліваюць 8,1 % насельніцтва. У Індыі пражывае першая па колькасці ў свеце супольнасць бахаі (больш за 2 млн. вернікаў) і трэцяя па колькасці ў свеце супольнасць мусульман (і першая па колькасці сярод краін, дзе мусульмане не складаюць большасць насельніцтва).

Узровень пісьменнасці — 64,8 % (53,7 % для жанчын і 75,3 % для мужчын). Вышэйшы ўзровень пісьменнасці — у штаце Керала — 91 %, ніжэйшы — у штаце Біхар — 47 %. Сярэдняя працягласць жыцця — 62,5 гады. Палавая структура індыйскага грамадства — 944 жанчыны на 1000 мужчын. Сярэдні ўзрост 24,9 гадоў. Нараджальнасць — 22,01 нараджэнняў на 1000 чалавек у год.

Бамбейская фондавая біржа (The Bombay Stock Exchange) у Мумбаі, старэйшая ў Азіі і буйнейшая ў Індыі паводле рыначнай капіталізацыі

Індыя — 11-я эканоміка свету па памерах ВУП (4-я — паводле пакупной здольнасці), у першай дзясятцы краін свету па аб’ёме прамысловай вытворчасці, дзякуючы імкліваму росту ў апошняе дзесяцігоддзе. За гады незалежнасці краіне атрымалася істотна прасунуцца наперад па шляху эканамічнага развіцця. Была створана магутная індустрыяльная база і назапашаны навукова-тэхнічны патэнцыял, які адпавядае ў шэрагу абласцей перадавому сусветнаму ўзроўню. Хаця ўзровень жыцця насельніцтва рэзка вырас у параўнанні з сярэдзінай мінулага стагоддзя, краіна працягвае барацьбу з галечай, непісьменнасцю, экалагічнай дэградацыяй.

Фінансавы год — з 1 красавіка па 31 сакавіка.

Аб’ём ВУП за 2009/2010 фін.г. у бягучых цэнах склаў 1,243 трлн дол. ЗША (па ППЗ — 3,561 трлн дол. ЗША), аб’ём ВУП на душу насельніцтва — каля 1000 дол. (па ППЗ — каля 3.100 дол.). Прырост ВУП у 2006/2007 фін.г. — 9,4 % (2005/2006 фін.г. — 9 %), у сярэднім за апошнія два дзесяцігоддзі — 5,8 % у год, адзін з найбольш высокіх паказчыкаў у свеце.

У структуры ВУП у 2006/2007 фін.г. доля сельскагаспадарчага сектара — 18,5 %, удзельная вага галін інфраструктуры і сферы паслуг — 61,8 %, прамысловасці — 19,7 %. Інфляцыя — 5,9 %. Знешні доўг — 155 млрд дол. ЗША. Залатавалютныя рэзервы — больш 247 млрд дол. ЗША (па стане на верасень 2007). Прамыя замежныя інвестыцыі — 23 млрд дол., партфельныя — 7 млрд дол. ЗША. Індыя займае другое месца ў свеце па колькасці працоўнай сілы — 516 млн чалавек.

Асноўныя спажывецкія культуры — рыс і пшаніца. Індыя забяспечвае свае патрэбнасці ў харчаванні, хаця і на даволі нізкім узроўні — каля 250 кг на душу насельніцтва ў год. Індыя займае першае месца ў свеце па вырошчванні чаю (820 тыс. т у год) і бананаў (16,8 млн т у год), другое месца ў свеце па вырабе цукру (14 млн т у год). Індыя — другі ў свеце вытворца (77 млн т у год) і буйнейшы спажывец шоўку. Таксама Індыя займае першае месца ў свеце па колькасці крупнай рагатай жывёлы (звыш 200 млн галоў, каля 25 % сусветнага пагалоўя), першае месца па вытворчасці малака, але адно з апошніх па спажыванні мяса, што тлумачыцца рэлігійнымі поглядамі насельніцтва краіны.

У 2006/2007 фін.г. знешнегандлёвае абарачэнне Індыі дасягнула 305,9 млрд дол. ЗША, экспарт — 124,6 млрд дол. ЗША, імпарт — 181,3 млрд дол. ЗША. Доля Індыі ў сусветным знешнегандлёвым абарачэнні — меней 1 %. Асноўныя артыкулы індыйскага экспарту — сельскагаспадарчая і прамысловая сыравіна, харчовыя і тэкстыльныя тавары, каштоўныя камяні і вырабы з іх, машыны і абсталяванне, праграмнае забеспячэнне. Найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі Індыі з'яўляюцца ЗША, Кітай і Еўрасаюз.

У гандлі з Беларуссю з індыйскага боку пераважаюць фармацэўтычныя прэпараты, прадукцыя і сыравіна для лёгкай прамысловасці, хімікаты, фарбы, пігменты, чай, кава, рыс. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту ў Індыю: транспартныя сродкі, машыны, абсталяванне, інструменты, спажывецкія тавары доўгатэрміновага карыстання, інтэгральныя мікрасхемы, хімікаты, угнаенні, чорныя металы, гумовыя вырабы. Значнае месца ў двухбаковым таваразвароце займае абмен тэхналогіямі.

Узброеныя сілы

[правіць | правіць зыходнік]

Трэція па колькасці ў свеце (пасля КНР і ЗША) і другія ў Азіі — 1400 тыс. чалавек. Сухапутныя войскі — 1100 тыс. чалавек; ВПС — 128 тыс. чалавек (45 эскадрыляў баявых самалётаў); ВМС — 56 тыс. чалавек (85 баявых караблёў). Вярхоўны галоўнакамандуючы — прэзідэнт Індыі.

Індыя падтрымлівае ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расіяй, Ізраілем і Францыяй, ад якіх паступае большасць узбраенняў для індыйскіх узброеных сіл. Каб зменшыць залежнасць ад крытычнага імпарту Індыя развівае распрацоўкі балістычных ракет, баявых самалётаў і танкаў.

Індыя ёсць ядзернай дзяржавай пасля выпрабаванняў 1974 і 1998, прытрымліваецца ядзернай палітыкі «непрымянення першымі».

Маўзалей Тадж-Махал у Агры быў пабудаваны Шах-Джаханам у памяць аб любімай жонцы Мумтаз Махал. Ён уключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны як «надзвычайная ўсеагульная каштоўнасць».

Індыйская культура вызначаецца высокай ступенню сінкрэтычнасці і культурнага плюралізму. Індыйская культурная традыцыя сягае ў глыбіню на 10 тысяч год, да 8000 да н.э., бесперарыўная летапісная гісторыя налічвае больш за 2,5 тысяч год. Карані індыйскай культуры ляжаць у цывілізацыі даліны Інда, у 11 стагоддзі да н.э. настае ведычны век, у якім фарміруюцца індусцкая філасофія, міфалогія, пісьмовая традыцыя, рытуалы і практыкі, такія як дхарма, карма, ёга і мокша.

Індыйскія рэлігіі складаюць адзін з найбольш значных аспектаў індыйскай культуры. Галоўныя дхармічныя рэлігіі, якія зарадзіліся ў Індыі, — індуізм, будызм і джайнізм.

Традыцыйнае індыйскае грамадства характарызуецца строгай сацыяльнай іерархічнасцю. Індыйская каставая сістэма абазначае сацыяльную стратыфікацыю і сацыяльныя абмежаванні, паводле якіх сацыяльныя класы фарміруюцца з тысяч эндагамных радавых груп, што называюцца джатамі ці кастамі.

Індыйская кухня характарызуецца рэгіянальнай разнастайнасцю і выкарыстаннем складаных камбінацый траў і спецый. Аснова харчавання насельніцтва рэгіёна — рыс (асабліва на поўдні і ўсходзе) і пшаніца (пераважна на поўначы). Мноства спецый, якія сёння прымяняюцца па ўсім свеце, напрыклад чорны перац, паходзяць менавіта з Індыйскага субкантынента. Чырвоны перац (чылі), завезены ў Індыю партугальцамі, таксама шырока выкарыстоўваецца ў індыйскай кухні.

Індыйскае адзенне вар'іруецца ад рэгіёна да рэгіёна па колерах і стылях і залежыць ад розных фактараў, у т.л. ад клімата. Папулярная народная адзежа — несшытая (драпіраваная): сары ў жанчын і дхоці і лунгі ў мужчын. Індыйцы носяць і сшытую адзежу, а таксама вопратку еўрапейскага стылю.

Індыйская архітэктура — яшчэ адзін доказ разнастайнасці і багацця індыйскай культуры. Многія яе ўзоры, такія як Тадж-Махал, іншыя шэдэўры Магольскай архітэктуры, а таксама Паўднёва-індыйскай архітэктуры ўяўляюць сабой спалучэнне старажытных і розных мясцовых традыцый. Разнастайнасцю адрозніваецца і народная архітэктура Індыі.

У Індыі зарэгістравана каля 28 тыс. газет і іншых перыядычных выданняў агульным тыражом да 80 млн асобнікаў на 95 мовах. Найбольшы тыраж у прэсы на мовах хіндзі (15 млн асобн.) і англійскай (12 млн асобн.).

У краіне штодня выходзіць каля 2 тыс. газет з агульным тыражом больш 30 млн асобн. Асноўныя выданні кантралююцца нацыянальнымі манаполіямі. Найбольш вядомымі газетнымі кампаніямі з'яўляюцца: група «Таймс оф Індыя» (англійскі тыраж — 850 тыс.асобн., сямейства Ашока Джайна), «Індыан экспрэс» (540 тыс. асобн., група Гаенкі), «Хінду» (500 тыс. асобн., сямейства Кастуры), «Хіндустан таймс» (430 тыс. асобн., сямейства Дж. Д.Бірлы).

Найбуйнейшыя інфармацыйныя агенцтвы — «Прэс траст оф Індыя» (ПТІ), «Юнайтэд ньюс оф Індыя» (ЮНІ) і «Індыя прэс эйдженсі» (ІПА).

Усеіндыйскае радыё і тэлебачанне кантралююцца дзяржавай. Тэлевізійны рынак пасля 1991 лібералізаваны, сёння існуе некалькі тысяч тэлеканалаў ва ўсіх штатах Індыі, у тым ліку мноства тых жа каналаў, што і ў краінах Захаду: «Cartoon Network», «Nickelodeon», «MTV India» і інш.

Індыйская кінаіндустрыя ёсць буйнейшай у свеце па колькасці здымаемых фільмаў і прадаваемых білетаў. Асноўная база індыйскай кінавытворчасці — так званы «Балівуд», група кінастудый у Мумбаі (Бамбеі), якія здымаюць фільмы на хіндзі і маратхі. Іншыя цэнтры кінаіндустрыі здымаюць таксама фільмы на панджабі, канада, малаялам, тэлугу, тамільскай, бенгальскай мовах.

Нацыянальным відам спорту ў Індыі прызнаны хакей на траве. Індыйская зборная па хакеі на траве выйграла чэмпіянат свету 1975, заваявала 8 залатых, 1 сярэбраны і 2 бронзавых медалі на Алімпійскіх гульнях.

Найбольш папулярны спорт у краіне — крыкет. Індыйская нацыянальная зборная займае першае месца ў сусветным рэйтынгу. Крыкет завезены ў Індыю еўрапейскімі маракамі ў 18 стагоддзі, першы клуб заснаваны ў Калькуце ў 1792, аднак індыйская зборная згуляла свой першы афіцыйны матч толькі ў 1932. У першыя паўстагоддзі Індыя значна саступала камандам Англіі і Аўстраліі, росквіт індыйскага крыкету пачаўся ў канцы 1970-х. Індыйская прэм’ер-ліга (спаборніцтва 8 клубных каманд) ёсць другой у свеце спартыўнай лігай па ўзроўню аплаты ігракоў (пасля НБА): сярэдняя зарплата іграка складае 2,5 млн фунтаў.

Набірае папулярнасць тэніс, дзякуючы перамогам індыйскай каманды ў Кубку Дэвіса. Футбол найбольш папулярны ў паўночна-ўсходняй Індыі, Заходняй Бенгаліі, Гоа і Керале. Шахматы, якія з’явіліся ў Індыі, прыцягваюць у апошні час увагу шматлікіх прыхільнікаў па прычыне поспехаў індыйскіх гросмайстраў.

Найвышэйшымі ўзнагародамі Індыі за дасягненні ў спорце ёсць «Спартыўны брыльянт Раджыва Гандзі» (Rajiv Gandhi Khel Ratna) і «Узнагарода Арджуны» (Arjuna Award), а «Узнагарода Драначар'і» (Dronacharya Award) — за выдатную трэнерскую працу.

Індыя прымала ў сябе Азіяцкія гульні 1951 і 1982, Кубак свету па крыкеце 1987 і 1996 і будзе месцам правядзення Гульняў Супольнасці 2010 і Кубку свету па крыкеце 2011.