Сцяг Расіі
Сцяг Расіі — дзяржаўны сцяг Расійскай Федэрацыі, яе афіцыйны дзяржаўны знак (нараўне з гербам і гімнам). Уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з трох раўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй — белага, сярэдняй — сіняга і ніжняй — чырвонага колеру. Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні 2:3[1].
Першы расійскі сцяг
[правіць | правіць зыходнік]Да XVII стагоддзя Маскоўская дзяржава не мела дзяржаўнага сцяга. Яго гісторыя прасочваецца з часоў маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, калі ў 1668 годзе быў спушчаны першы маскоўскі карабель «Арол».
Галандскі інжынер О. Бутлер, які кіраваў пабудовай карабля, звярнуўся да Баярскай думы з просьбай «…спытаць у Яго Царскай Вялікасці наказ: які, як таму ёсць звычай у іншых дзяржаў, падняць на караблі сцяг». Дварцовы прыказ на гэтую просьбу адказаў, што ў практыцы такой акалічнасці не здаралася, а Аружэйная палата «будуе сцягі, харугвы і прапары для ваенных частак і ваявод, а як быць з карабельным сцягам, Цар загадаў спытаць яго, Бутлера, які ёсць на то звычай у яго краіне». Сцяг Нідэрландаў з 1630 года ўяўляў сабою палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальных палосаў роўнай шырыні: чырвонай (верхняй), белай (сярэдняй) і сіняй (ніжняй), аб чым Бутлер і даклаў цару[2].
Вядома, што даклад Бутлера падзейнічаў: «Роспіс, што яшчэ трэба да карабельнага будаўніцтва, апроч таго, што цяпер набыта за морам» сведчыць, што для сцягоў была закупленая «кіндзяк-пунсовая», белая і сіняя матэрыя. Магчыма, на выбар Аляксеем Міхайлавічам белага, сіняга і чырвонага ў якасці рускіх нацыянальных колераў паўплывала тая акалічнасць, што яны паўтараюць расфарбоўку маскоўскага герба: «У барвовым шчыце Святы Велікамучанік і Пераможца Георгій, у срэбным узбраенні і лазуравай прывалоцы (мантыі) на срэбным […] кані, які перамагае […] дракона».[3] Як бы там ні было, сцяг менавіта гэтых колераў і быў падняты на «Арле». Князь Аляксандр Пуцяцін у артыкуле «Аб рускім нацыянальным сцягу» піша, што гэты сцяг фактычна і быў першым рускім нацыянальным сцягам.
Калі з колерамі рускага сцяга сітуацыя ўяўляецца даволі яснай, то з нагоды яго малюнка існуюць розныя меркаванні:
- Аўтар «Нарысаў рускай марской гісторыі» Ф. Ф. Веселаго лічыць, што «з колераў матэрый, ужывальных на сцягу карабля „Арол“, і з таго, што пры ўзбраенні яго галоўнымі распарадчыкамі былі галандцы, можна з вялікай верагоднасцю дапусціць, што тагачасны сцяг у перайманне галандскаму складаўся з трох гарызантальных палосаў: белай, сіняй і чырвонай».[4] Пацверджаннем гэтага з’яўляецца тая акалічнасць, што для свайго сына Пятра (будучага рускага імператара Пятра I Вялікага) Аляксей Міхайлавіч загадаў шыць трохпалосныя бела-сіне-чырвоныя сцягі.
- З гэтымі довадамі не згодзен іншы вядомы гісторык флоту, П. І. Белавянец. У працы «Колеры рускага дзяржаўнага нацыянальнага сцяга» ён спасылаецца на вядомую гравюру «Узяцце крэпасці Азоў. 1696 год» галандскага мастака А. Сханебека . Сцягі рускага флоту на ёй маюць выгляд палотнішчаў, падзеленых крыжам на роўныя часткі. Варта, аднак, адзначыць, што ўзяцце Азова адносіцца да часу Пятра I; да гэтага ж часу адносіцца і першае дакументальнае згадванне аб бела-сіне-чырвоным сцягу, максімальна блізкім да сучаснага сцяга Расіі.
Афіцыйнае тлумачэнне колераў сцяга было такім: белы — колер волі, сіні — колер Багародзіцы, чырвоны колер сімвалізуе дзяржаўнасць. З іншага боку, гэта колеры Белай, Малой і Вялікай Русі[5].
Сцяг цара Маскоўскага
[правіць | правіць зыходнік]6 жніўня 1693 года, падчас плавання Пятра I на 12-гарматнай яхце «Святы Пётр» у Белым моры з атрадам ваенных караблёў, пабудаваных у Архангельску, на ёй упершыню быў падняты ў якасці штандарта так званы «Сцяг цара Маскоўскага» — палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальных палосаў белага, сіняга і чырвонага колераў, з залатым двухгаловым арлом пасярэдзіне. Сцяг, аналагічны сучаснаму рускаму сцягу, стаў выкарыстоўвацца ў якасці марскога сцяга Расіі. Улічваючы тую акалічнасць, што ў сухапутных войсках кожны полк меў свой сцяг, адзіны марскі сцяг, прыняты Пятром, з’яўляўся дэ-факта дзяржаўным сцягам Расіі.
У 1699—1700 гг. Пятром I уводзіцца новы штандар і распрацоўваюцца новыя варыянты ваенна-марскога сцяга. 20 студзеня 1705 года Пётр I выдаў указ, паводле якога «на гандлёвых усялякіх судах» павінен паднімацца бела-сіне-чырвоны сцяг. Трохпалосны сцяг выкарыстоўваўся і на ваенных караблях да 1712 года, калі ў якасці ваенна-марскога сцяга быў зацверджаны Андрэеўскі сцяг. Бела-сіне-чырвоны сцяг становіцца камерцыйным сцягам (гэта значыць сцягам грамадзянскіх судоў).
Сцяг Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на тое, што Пётр I распрацаваў за сваё жыццё вялізную колькасць сцягоў (розныя варыянты Андрэеўскага сцяга, штандары цара Маскоўскага і імператара Усерасійскага, варыянты гюйсаў і інш.), дзяржаўны сцяг Расійскай імперыі ім так і не быў усталяваны. Пераемнікі Пятра амаль паўтара стагоддзі працягвалі гэтую «традыцыю»: нягледзячы на шырокае выкарыстанне ў побыце рускага бела-сіне-чырвонага трыкалора, юрыдычна яго статус у якасці сцяга Расійскай імперыі не быў усталяваны.
У 1858 года ў праўленне імператара Аляксандра II старшыня геральдычнай палаты Расійскай імперыі барон Кене звярнуў увагу гасудара на тое, што колеры дзяржаўнага сцяга Расіі не супадаюць з колерамі дзяржаўнага герба (што ішло насуперак правілам нямецкай геральдыкі). Нягледзячы на тое, што ў рэчаіснасці колеры рускага сцяга адпавядалі колерам цэнтральнага, найстаражытнейшага малюнка дзяржаўнага герба імперыі, а менавіта — герба Масквы, барон Кене ўпэўніў імператара ў неабходнасці стварэння новага сцяга.
Указам Аляксандра II ад 11 чэрвеня 1858 года быў уведзены чорна-жоўта-белы «сцяг гербавых колераў»: «Апісанне Найвысачэйша зацверджанага малюнка размяшчэння гербавых колераў Імперыі на сцягах і іншых прадметах, ужывальных для ўпрыгожванняў пры ўрачыстых выпадках. Размяшчэнне гэтых колераў гарызантальнае, верхняя паласа чорная, сярэдняя жоўтая (або залатая), а ніжняя белая (або срэбная). Першыя палосы адпавядаюць чорнаму дзяржаўнаму арлу ў жоўтым полі, і какарда з гэтых двух колераў была заснавана імператарам Паўлам I, тады як сцягі і іншыя ўпрыгожванні з гэтых колераў ужываліся ўжо ў час валадарання імператрыцы Анны Іаанаўны. Ніжняя паласа белая або срэбная адпавядае какардзе Пятра Вялікага і імператрыцы Кацярыны II; імператар жа Аляксандр I, пасля ўзяцця Парыжа ў 1814 годзе, злучыў правільную гербавую какарду са старажытнай Пятра Вялікага, якая адпавядае беламу або срэбнаму вершніку (Св. Георгію) у маскоўскім гербе». Указ зацверджаны Сенатам па дакладзе міністра імператарскага двара графа У. Адлерберга[6].
Аднак расійскае грамадства не прыняло гэты новы знак дзяржаўнай улады. У імперыі паралельна існавалі два сцягі: чорна-жоўта-белы — нацыянальны «дэ-юрэ» і бела-сіне-чырвоны — нацыянальны «дэ-факта», прычым перавагі насельніцтва паўсюдна аддаваліся апошняму.
Падчас каранацыі імператар Аляксандр III звярнуў увагу на кантраст у Маскве: Крэмль быў упрыгожаны і ўся працэсія апранутая ў бела-жоўта-чорнае, а ў горадзе пераважалі бела-сіне-чырвоныя колеры. Была прызначана камісія з аўтарытэтных асоб пад старшынствам генерал-ад'ютанта адмірала К. М. Пасьета. Камісія вынесла наступнае рашэнне: «Бела-сіне-чырвоны сцяг, заснаваны імператарам Пятром Вялікім, мае за сабою амаль 200-летнюю даўнасць. У ім прымячаюцца і геральдычныя дадзеныя: маскоўскі герб паказвае белага вершніка ў сінім плашчы на чырвоным полі. Пацверджаннем гэтым колерам служаць і сцягі ў ваенным флоце: 1-я лінія пазначаецца чырвоным, 2-я — сінім і 3-я — белым сцягам з Андрэеўскім крыжам у крыжы, Контр- і віцэ-адміральскія сцягі адпаведна маюць чырвоную і сінюю палосы, нарэшце, гюйс складзены з колераў: белага, сіняга і чырвонага. З іншага боку, бела-жоўта-чорны колеры ні гістарычных, ні геральдычных асноў за сабою не маюць». На падставе рашэння камісіі адмірала Пасьета нацыянальным сцягам быў найвысачэйша зацверджаны бела-сіне-чырвоны[7].
7 мая 1883 года імператар Аляксандр III выдаў указ аб выкарыстанні бела-сіне-чырвонага трыкалора ў якасці дзяржаўнага сцяга Расійскай імперыі. Чорна-жоўта-белы з гэтага моманту лічыцца дынастычным сцягам уладарнага дому Раманавых. Паводле іншых звестак, якія супярэчаць дадзенаму сцвярджэнню, бела-сіне-чырвоны сцяг найвысачэйша зацверджаны імператарам Аляксандрам III толькі «для камерцыйных суднаў»[8].
Апошні рускі імператар Мікалай II у 1896 годзе канчаткова замацаваў за бела-сіне-чырвоным сцягам статус адзінага дзяржаўнага сцяга Расійскай імперыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе для ўзняцця патрыятызму быў уведзены дадатковы імперскі сцяг «для прыватнага ўжывання», які адрозніваўся ад дзяржаўнага сцяга імперыі жоўтым прамавугольнікам з выявай дзяржаўнага герба. Аднак гэты сцяг не атрымаў распаўсюджвання; насуперак распаўсюджанай памылцы, ён ніколі не быў дзяржаўным сцягам Расійскай імперыі.
Сцяг Савецкай Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сцяг Расіі быў заменены на чырвоны з сярпом і молатам (дэкрэт ВЦВК ад 14 красавіка 1918 года). Пасля ператварэння Расіі ў СССР гэты сцяг стаў сцягам СССР, а яго частка — РСФСР — атрымала сцяг «савецкага ўзору», які адрозніваецца ад сцяга СССР толькі вертыкальнай паласой блакітнага колеру ля тронка.
Другая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычны сцяг Расіі выкарыстоўваўся ў перыяд з 1942 па 1945 гады ў якасці аднаго са знакаў Рускай вызваленчай арміі.
-
Адзін з варыянтаў нарукаўных знакаў «Асобай дывізіі генерала Смыслоўскага», 1943 год
-
Брашура Камітэта вызвалення народаў Расіі (КВНР)
-
Палкавы сцяг РВА з навагодняга віншавання КВНР, снежань 1944 г.
-
Братэрскія могілкі салдат РВА ў Празе з эмблемай у выглядзе Андрэеўскага сцяга. 1945 год
-
Мемарыяльны манумент «Воінам Расійскага вызвольнага Руху і чыноў РВА»
Сцяг Расійскай Федэрацыі
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 1980-х гадоў гістарычны сцяг Расіі стаў адным са знакаў руху за рэформы і супраць камуністычнай ідэалогіі. З 22 жніўня 1991 бела-сіне-чырвоны трыкалор ізноў стаў дзяржаўным сцягам Расіі. Сучасны сцяг Расіі быў заканадаўча канчаткова зацверджаны 8 снежня 2000 года Федэральным канстытуцыйным законам «Аб Дзяржаўным сцягу Расійскай Федэрацыі».
Зноскі
- ↑ Федэральны канстытуцыйны закон «Аб Дзяржаўным сцягу Расійскай Федэрацыі» ад 8 снежня 2000 года.
- ↑ Цыт. па: Дыгало В. А. Флот государства Российского. Откуда и что на флоте пошло / Под редакцией И. Ф. Цветкова. — Москва: Издательская группа «Прогресс», «Пангея», 1993, с. 113.
- ↑ Цыт. па: Гербы городов, губерний и посадов Российской империи. Репринтное воспроизведение издания 1899 года. — Москва: «Планета», 1991, с. 96.
- ↑ Цыт. па: Дыгало В. А. Флот государства Российского. Откуда и что на флоте пошло / Под редакцией И. Ф. Цветкова. — Москва: Издательская группа «Прогресс», «Пангея», 1993, с. 117.
- ↑ Дзяржаўны сцяг РФ. Артыкул з сайта РИА Новости
- ↑ Полное собрание законов Российской Империи, т. XXXIII, № 33.289.
- ↑ Цыт. па: Путятин Александр. О русском национальном флаге.
- ↑ Морской Устав, статья 1142. Издание 1886 года. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гербы городов, губерний и посадов Российской империи. Репринтное воспроизведение издания 1899 года. — Москва: «Планета», 1991.
- Дыгало В. А. Флот государства Российского. Откуда и что на флоте пошло / Под редакцией И. Ф. Цветкова. — Москва: Издательская группа «Прогресс», «Пангея», 1993.
- Полное собрание законов Российской Империи, т. XXXIII, № 33.289.
- Путятин Александр. О русском национальном флаге.